Польскае Міністэрства замежных справаў пацьвердзіла, што расейскім скакунам з трампліну не дадуць візаў для ўдзелу ў этапе Кубку сьвету ў Закапаным 10–11 студзеня, паведамілі sportowefakty.
Гэтае рашэньне грунтуецца на ўведзеных у Польшчы зь верасьня 2022 году правілах, якія абмяжоўваюць уезд грамадзян Расеі ў сувязі з вайной, якую вядзе іхны ўрад супраць Украіны.
Нядопуск расейцаў да спаборніцтваў у Польшчы значна ўскладніць ім шлях да кваліфікацыі на зімовыя Алімпійскія гульні – 2026 у Міляне і Картына-д’Ампэца (6–22 лютага).
Раней Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту і сноўборду (FIS) дала двум расейскім атлетам нэўтральны статус, што дазволіла ім удзельнічаць у індывідуальных стартах. Праўда, адзін зь іх — 22-гадовы Ільля Манкоў — адразу трапіў у скандал. Выхадзец зь Ніжняга Тагілу — дзейны сяржант расейскага войска. Тлумачачы допуск такога атлета да міжнародных стартаў, FIS тады спаслалася на высновы «вонкавых экспэртаў», якія вызначылі, што спартовец ня мае добраахвотных дачыненьняў з войскам.
Манкоў стаў трэцім расейцам — скакуном з трампліну, за якім прызналі нэўтральны статус. Раней, 22 сьнежня, такі статус атрымалі Міхаіл Назараў і Данііл Садрэеў. Але нікога з расейцаў не пусьцілі на Турнір чатырох трамплінаў, ім таксама ня выдалі візаў.
Расейскія скакуны яшчэ спадзяюцца выступіць і трапіць на Алімпіяду на іншых спаборніцтвах — у Сапара і Вілінгене.
Форум