Цырымонія закрыцьця прайшла на кёрлінгавым стадыёне ў Картыне ўвечары 15 сакавіка. Сьцягі некалькіх краінаў, у тым ліку многіх з тых, якія раней збайкатавалі цырымонію адкрыцьця, несьлі сьцяганошы-валянтэры, а не прадстаўнікі нацыянальнай каманды.
Супрацоўнік у камунікацыях Міжнароднага Паралімпійскага камітэту Крэйг Спэнс заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Картыне:
«Ні адзін нацыянальны паралімпійскі камітэт (НПК) афіцыйна не апавясьціў МПК, што яны не прысутнічаюць з палітычных прычынаў».
Цырымонію адкрыцьця збайкатавалі Ўкраіна, Чэхія, Эстонія, Фінляндыя, Латвія, Літва і Польшча пасьля рашэння МПК дазволіць Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у Гульнях пад дзяржаўнымі сьцягамі, а ня ў якасьці нэўтральных спартоўцаў.
Беларусь і Расея былі адхіленыя ад Паралімпійскіх гульняў 2022 году пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пры падтрымцы ўладаў Беларусі. Краінам дазволілі ўдзельнічаць у якасьці нэўтральных спартоўцаў на летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы 2024 году.
У час Цырымоніі адкрыцьця Паралімпіяды ў Вэроне прадстаўнікоў расейскай каманды асьвіствалі некаторыя гледачы, калі яны прайшлі парадам пад сьцягам краіны. Зь сямі краін, якія байкатавалі цырымонію на арэне Вэроны, толькі Фінляндыя прызначыла сьцяганошу для цырымоніі закрыцьця. А некалькі НПК пачалі ад’езд дамоў, завяршыўшы спаборніцтвы і не чакаючы цырымоніі. Некаторыя прысутнічалі на закрыцьці, але вырашылі не называць сьцяганошаў.
У агульным мэдальным заліку перамог Кітай — паралімпійцы з гэтай краіны здабылі 44 мэдалі, у тым ліку 15 залатых. Зборная Беларусі заняла 17-е месца з 2 мэдалямі — золата і срэбра здабыў Раман Сьвірыдзенка ў лыжных гонках.
Форум