Лукашэнка прапанаваў ЗША разам з Расеяй пабудаваць у Беларусі азотны камбінат

Прадпрыемства «Гродна Азот», якое больш за 60 гадоў вырабляе азотныя ўгнаеньні. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным аб будаўніцтве азотнага камбінату і прапанаваў далучыць да рэалізацыі гэтага праекту ЗША.

«З Уладзімірам Уладзіміравічам дамовіліся, што „Газпром“ далучыцца ў нас да рэалізацыі праекту будаўніцтва азотнага камбінату. Трэба амэрыканцам прапанаваць. Яны хочуць угнаеньні, азотныя ў тым ліку, — калі ласка, давайце разам пабудуем. Паводле вашай тэхналёгіі: вы (ЗША. — удакладніла дзяржаўнае агенцтва БелТА), „Газпром“ і Беларусь. У нас ужо пляцоўку падабралі, усе сеткі існуюць. Не — будзем з „Газпромам“, расейцамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць», — сказаў Лукашэнка.

З такой заявай Лукашэнка выступіў на сустрэчы з губэрнатарам Ульянаўскай вобласьці Расеі Аляксеем Рускіх.

Што папярэднічала

Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок прадстаўляе Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.

З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.

«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.

21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.

Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Трамп загаварыў пра беларускі калій? Спыталі ў амэрыканскіх экспэртаўЦі магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказахДжон Коўл будзе займацца вызваленьнем і расейскіх палітвязьняўЧаму Лукашэнку і Трампу не ўдаецца «вялікая зьдзелка»«Назаву хоць зайцамі». Пасланьнік Трампа патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязьняў. ВІДЭАУрад ЗША выключыў з санкцыйнага сьпісу дзьве беларускія кампаніі, пра якія казаў Джон Коўл у МенскуПасьля вяртаньня зь Менску Джон Коўл сустрэўся з прэзыдэнтам і прэм’ерам Літвы. Гаварылі пра Беларусь Санкцыі скасоўваюць, а вызваляюць менш. Экспэрты пракамэнтавалі дамоўленасьці Лукашэнкі і Коўла