Свабода зьвярнулася да эканамічнага аглядальніка Андрэя Махоўскага і колішняга дыплямата Валера Кавалеўскага па камэнтары аб выніках дамоўленасьцяў паміж уладамі Беларусі і амэрыканскай дэлегацыяй.
«Скасаваньне санкцыі будзе мець уплыў на эканоміку Беларусі»
Андрэй Махоўскі мяркуе, што нават пры закрытым для беларускай лесапрадукцыі эўрапейскім рынку скасаваньне амэрыканскіх санкцый паўплывае ў цэлым на эканоміку краіны.
«Скасаваньне санкцыяў супраць „Беллеспаперпрама“ можа мець вельмі вялікі ўплыў на эканоміку Беларусі. Гэта кампанія, якая аб’ядноўвае ўсе прадпрыемствы беларускай лясной гаспадаркі, яна вельмі экспартарыентаваная. Да таго, як увялі санкцыі, экспарт быў прыблізна 900 мільёнаў, да мільярда даляраў у год. Гэта досыць вялікі аб’ём. Зараз гэтыя абʼёмы ўпалі, хоць пасьля таго, як увялі санкцыі мінулі гады», — сказаў Свабодзе Андрэй Махоўскі.
Паводле яго, цяпер экспарт не перавышае 700 мільёнаў даляраў.
«Скасаваньне амэрыканскіх санкцый дае магчымасьць, так, як гэта было з калійнымі ўгнаеньнямі, прадаваць вось гэтую беларускую прадукцыю, тое, што яны робяць, у іншыя краіны без рызыкі нарвацца на другасныя амэрыканскія санкцыі. Гэта не вырашае праблемаў „Беллеспаперпрама“ цалкам, таму што да ўвядзеньня санкцыяў галоўны яго экспартны рынак — гэта была Эўропа. І як мы ведаем, Эўразьвяз застаецца закрытым, і прадукцыя ў ЭЗ ня пойдзе. Галоўная праблема не вырашаецца, але ўсё ж такі гэта дае магчымасьць прадаваць па больш высокіх коштах, чым яны прадавалі», — дадаў ён.
«Спэкуляцыі наконт лічбы вызваленых — небясьпечныя»
Валер Кавалеўскі мяркуе, што лік вызваленых зьняволеных не павінен стаць прадметам спэкуляцый.
«Канешне, тут спрацавалі чаканьні, якія былі сфармаваныя загадзя, і гэта таксама гаворыць і пра небясьпеку вось такіх спэкуляцый на тэму таго, колькі можа быць вызваленых людзей, бо вельмі шмат чутак ходзіць, ня ўсе гэтыя чуткі пацьверджаныя, часам гэта могуць быць такія, ну, рэальныя спэкуляцыі. Другое, канешне, была і абʼектыўная інфармацыя, то бок кожны заезд амэрыканцаў у Беларусь суправаджаўся падваеньнем колькасьці вызваленых у параўнаньні з папярэднім заездам. Ну, і тут, канешне, былі такія даволі амбітныя чаканьні, што пасьля сакавіка, калі было вызвалена 250 чалавек за адзін раз, наступнае вызваленьне будзе, ну, як мінімум такім самым значным», — адзначыў палітык.
У той жа час ён дадаў, што вызваленьне нават такой колькасьці людзей, для якіх свабода стала рэальнасьцю, выклікае павагу. Валер Кавалеўскі ня выключыў, што адным з чыньнікаў сталі зьмены ў складзе перамоўнай дэлегацыі.
«Зь перамоваў выйшаў Крыс Сміт, ён атрымаў новае прызначэньне, зайшоў іншы Крыс Паніка, які таксама дасьведчаны дыплямат, але тым ня менш усё ж такі яму спатрэбіцца пэўны час для таго, каб стаць інтэгральнай часткай гэтай каманды. У пэўным сэнсе я думаю, што зьмена гэтага складу магла спрычыніцца да гэтага», — мяркуе Кавалеўскі.
Апроч таго, паводле яго, перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам адбываецца такім чынам, што адзін бок бярэ абавязаньні выканаць умовы іншага боку.
«Гэта патрабуе часу, гэта патрабуе таксама працы ў бюракратычнай сыстэме Злучаных Штатаў ці ў беларускай сыстэме. На гэты момант выглядае, што мяч у пэўным сэнсе на амэрыканскім баку і, магчыма, гэта тая сытуацыя, калі бакі вярнуліся ў свае сталіцы дзеля таго, каб правесьці гэтую працу над сваімі заданьнямі», — дадаў Валер Кавалеўскі.
Што папярэднічала
Аляксандар Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка.
Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама ўзяў прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.
16 верасьня стала вядома, што ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных.
Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.
«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.
Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.
Форум