Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BySol абвясьціў тэрміновы збор для вызваленых 25 палітвязьняў. За 6 гадзін суму сабралі цалкам

абноўлена
Частка вызваленых беларускіх палітвязьняў з спэцпасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам і часовай паверанай ў справах Літвы ў Беларусі Астай Андрыяўскене. 16 верасьня 2026 году
Частка вызваленых беларускіх палітвязьняў з спэцпасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам і часовай паверанай ў справах Літвы ў Беларусі Астай Андрыяўскене. 16 верасьня 2026 году

У фондзе BySol паведамілі, што плянуюць выплаціць сама меней па 1 тысячы эўра кожнаму з вызваленых вязьняў.

BySol абвясьціў экстранны збор сродкаў на дапамогу вызваленых у межах дамоўленасьцяў з ЗША палітычных зьняволеных. Патрэбна сабраць сама меней 25 тысяч эўра.

«Наша мэта — выплаціць сама меней па 1 тысячы эўра кожнаму чалавеку ў межах праграмы падтрымкі палітзьняволеных і вызваленых. Гэтыя сродкі спатрэбяцца на арэнду жыльля, мэдычную дапамогу, аднаўленьнея дакумэнтаў, побытавыя расходы. Апроч матэрыяльнай падтрымкі, гэта важны жэст салідарнасьці і людзкога ўдзелу», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

У фондзе нагадалі аб важнасьці падтрымкі, бо ў турмах зьняволеных пераконваюць, што на іх забыліся і іхны лёс ужо нікому нецікавы.

«Наша агульная падтрымка дапаможа вярнуць пачуцьцё ўласнай годнасьці, адчуваньне апоры і сувязі зь людзьмі, якія іх чакалі», — падкрэсьлілі ў BySol

Каб атрымаць дапамогу, вызваленыя павінны зьвярнуцца ў BySol. Сродкі, што ня будуць выкарыстаныя да 16 сакавіка 2027 году, парытэтна разьмяркуюць паміж усімі тымі, хто зьвернецца па дапамогу.

Менш, чым за гадзіну пасьля абвяшчэньня збораў удалося сабраць амаль палову патрэбнай сумы — 12 400 эўра. Менш як за 6 гадзін удалося сабраць усю запытаную суму.

Што папярэднічала

Аляксандар Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка.

Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама ўзяў прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

16 верасьня стала вядома, што ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных.

Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG