Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Назаву хоць зайцамі». Пасланьнік Трампа патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязьняў

Джон Коўл, спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі
Джон Коўл, спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл даў 17 верасьня ў Рызе інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время». Сярод іншага, ён адказаў на пытаньні пра вызваленьне беларускіх палітвязьняў і пра адносіны Злучаных Штатаў зь Беларусьсю.

Адным зь першых пытаньняў да Джона Коўла было тое, чаму сёлета ў сакавіку ўлады Беларусі пасьля сустрэчы зь ім вызвалілі больш за 200 палітвязьняў, а гэтым разам толькі 25.

— Я лічу, што ў ходзе цяперашніх перамоваў, якія ўсё яшчэ працягваюцца, мы зможам у вельмі блізкай будучыні — напэўна, прыкладна празь месяц — вызваліць яшчэ каля сотні ці нават больш за 100 чалавек.

— Якія пытаньні трэба вырашыць, каб гэта стала рэальнасьцю?

— Ну, напрыклад, раней мы ўжо здымалі пэўныя санкцыі дзеля вызваленьня людзей, і цяпер трэба пераканацца, што банкі і бізнэс у Злучаных Штатах разумеюць, што азначае гэтае зьняцьце санкцый — што весьці бізнэс у гэтай сфэры, па сутнасьці, дазволена.

Такім чынам, нам трэба вярнуцца да гэтага пытаньня і ўсё ўрэгуляваць. Мы ня ведалі, што амэрыканскі бізнэс, банкі і іншыя структуры не разумелі сутнасьці гэтых мераў. Таму нам трэба гэта зрабіць, а потым мы вернемся да працэсу.

Пра «гандаль палітвязьнямі»

Журналіст «Настоящего времени» сказаў, што, паводле Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Лукашэнка прадае зьняволеных, каб дамагчыся зьняцьця санкцый. Ён спытаўся, ці не заахвочваюць Лукашэнку гэтыя дамоўленасьці і зьняцьце санкцый арыштоўваць новых палітвязьняў, каб мець тавар для гандлю?

— Я ня ўпэўнены. Ня ведаю дакладнай колькасьці; усе, з кім я размаўляю, называюць розныя лічбы адносна таго, колькі людзей цяпер арыштоўваюць.

Таму я ня ведаю, якая лічба рэальная. Але калі Лукашэнка гандлюе зьняволенымі ў абмен на паслабленьне санкцый, я ня маю з гэтым праблемы, бо менавіта я гляджу ў вочы вызваленым вязьням і бачу, што для іх значыць свабода. Для мяне гэта значна важней за нейкія палітычныя пытаньні, якія могуць хваляваць кагосьці звонку.

Мая пазыцыя і пазыцыя Злучаных Штатаў — гуманітарная: дапамагчы людзям. Калі я магу вызваліць 25 чалавек — гэта выдатна. Калі 200 — таксама выдатна.

Менавіта так мы на гэта глядзім. І, ведаеце, у Сьвятланы можа быць сваё меркаваньне, а ў мяне — сваё.

— Што тычыцца погляду Аляксандра Лукашэнкі, дык ён заявіў, што адмаўляе статус палітвязьняў для гэтых вызваленых людзей. Што вы яму адказалі?

— Я называю іх зьняволенымі; калі ён хоча, каб я так рабіў — няхай; калі ён хоча, каб я называў іх хоць зайцамі (у арыгінале — rabbits, трусы. — РС), для таго, каб іх вызвалілі — мне ўсё роўна. Калі ён лічыць, што яны не палітвязьні — няхай лічыць. Я проста ведаю людзей.

Таму для мяне сэмантыка ў гэтым пытаньні ня мае вялікага значэньня. Іншым людзям гэта можа быць важна, але мне — не.

Пра адносіны ЗША зь Беларусьсю

— Ці ёсьць у вашых візытаў у Беларусь іншыя мэты, акрамя вызваленьня палітвязьняў?

— О, так. Гаворка ідзе ня толькі пра зьняволеных, але і пра тое, каб паводзіны беларускага ўраду сталі лепшымі — прынамсі, лепшымі за тыя, якія, на маю думку, яны дэманстравалі ў адносінах да некаторых сваіх суседзяў, — каб мы маглі вярнуць іх у сям’ю народаў. І яны з гэтым згодныя.

За апошнія паўтара году мы прасоўваліся крок за крокам, і я лічу, што мы дасягаем посьпехаў, але, вядома, Лукашэнку трэба кіраваць краінай, у яго ёсьць саюзьнік — Пуцін, таму сытуацыя складаная.

Але я лічу, што сьвет стаў бы лепшым, калі б Беларусь падтрымлівала добрыя адносіны з астатнім сьветам. І мне здаецца, што яны намагаюцца.

Джон Коўл
Джон Коўл

— Што дае вам упэўненасьць у тым, што Беларусь можна пасьпяхова рэінтэграваць у сям’ю народаў?

— Яны робяць спробы, і справа рухаецца ў гэтым кірунку.

Я не магу сказаць, што я ўпэўнены, але мы робім посьпехі, і яны робяць посьпехі. Таму, думаю, мы рухаемся ў правільным кірунку.

Ня думаю, што гэта адбудзецца за адну ноч. Гэта рэальны працэс. Расея — галоўны саюзьнік Беларусі, а Беларусь — адзін зь нямногіх саюзьнікаў Расеі. Таму ім і трэба вырашаць гэтае пытаньне, а ня мне.

— Так, і цяпер аб’ём узаемнага гандлю Беларусі з гэтым яе галоўным саюзьнікам — Расеяй — летась перавысіў 50 мільярдаў даляраў. Амэрыканскі ж гандаль зь Беларусьсю, быў толькі каля 20 мільёнаў даляраў, таму розьніца велізарная. Ці ёсьць намер прапанаваць Лукашэнку нешта большае, чым можа прапанаваць яму Пуцін?

— Не, думаю, гэтыя лічбы гавораць самі за сябе.

Думаю, Злучаныя Штаты хацелі б калі-небудзь наладзіць больш цесныя эканамічныя сувязі з Беларусьсю. Думаю, Захад хацеў бы, каб гэта стала нормай. Пакуль жа гэта ня так.

Гэта працэс, які патрабуе разьвіцьця. Рэч у тым, што наяўнасьць эканамічных адносін з краінай — як у выпадку з Кітаем і тым, як ЗША ўзаемадзейнічаюць зь ім, — дазваляе пазьбегнуць найбольш небясьпечных сцэнароў разьвіцьця падзей.

— Дык ці магчыма надаць будучым адносінам паміж ЗША і Беларуссю інстытуцыйны характар, ці яны будуць будавацца проста на балянсе сілаў?

— Не, я думаю, што мы можам надаць ім інстытуцыйную форму.

Я лічу, што нам трэба зноў адкрыць нашу амбасаду. Трэба зрабіць шмат крокаў. Але я зразумеў, што гэта паступовы працэс.

Сьвет вельмі складаны. Але, як па мне, усё рухаецца ў правільным кірунку, а гэта значна лепш, чым рухацца ў няправільным.

Пра Лукашэнку як пасярэдніка ў перамовах з Пуціным

— Аляксандр Лукашэнка ў сваіх інтэрвію згадваў, што прапануе сябе Дональду Трампу і іншым лідэрам у якасьці пасярэдніка ў адносінах з Крамлём. Ці разглядае Дональд Трамп Лукашэнку як патэнцыйнага пасярэдніка?

— Я думаю, што патэнцыйна — так, бо паміж Пуціным і Лукашэнкам існуюць адносіны, якія цягнуцца ўжо больш за 30 гадоў. Яны сябры.

Адзін — «старэйшы брат», другі — «малодшы», але яны сябры і падтрымліваюць сувязь. Яны пастаянна размаўляюць. І Лукашэнка даволі часта наведвае Маскву.

Таму гэта магло б быць карысна. Ён мог бы дапамагчы ў якасьці пасярэдніка ў кантэксьце вайны.

Журналіст «Настоящего времени» таксама спытаўся, хто ў Злучаных Штатах вызначае, якія санкцыі выносяцца на абмеркаваньне перад вызваленьнем палітвязьняў?

— Ну, у выпадку зь Беларусьсю гэта раблю я, а потым абмяркоўваю пытаньне з Дзяржаўным сакратаром ці самім прэзыдэнтам, і мы праходзім праз пэўную працэдуру. Напрыклад, Джон Коўл лічыць, што варта зьняць санкцыі з таго, таго і таго. І гэта альбо зацьвярджаецца, альбо мне кажуць: «Не, гэтага рабіць нельга, а вось гэта — можна».

16 верасьня на другі дзень візыту ў Менск спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл заявіў пра вызваленьне 25 чалавек з беларускіх турмаў у абмен на скасаваньне амэрыканскіх санкцый зь беларускіх прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Беллесбумпром». Па абедзе таго ж дня вызваленых прывезьлі ў Вільню.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG