Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Коўл будзе займацца вызваленьнем і расейскіх палітвязьняў

Джон Коўл, 16 верасьня 2026 году
Джон Коўл, 16 верасьня 2026 году

Пра гэта спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл заявіў у эфіры незалежнага расейскага тэлеканала «Дождь».

«Так, цяпер мы пачынаем працаваць над тэмай расейскіх зьняволеных. І, дарэчы, над пытаньнем украінскіх палонных таксама. У абедзьвюх краінах ёсьць цывільныя асобы, якія знаходзяцца ў палоне, і цяпер мы рыхтуем пэўныя прапановы. Натуральна, я працую ў кантакце са Стывам Ўіткафам, бо менавіта Ўіткаф займаецца Расеяй», — сказаў ён.

Паводле Коўла, сьпісы палітычных зьняволеных у яго «ёсьць», але пакуль ён ня будзе іх агучваць.

«Я хацеў бы займацца гэтым пытаньнем больш шчыльна і, у прынцыпе, зьбіраюся гэта рабіць. Я лічу, што надзея ёсьць. Гэтак жа, як, напрыклад, у Беларусі ёсьць надзея на вызваленьне палітвязьняў, думаю, што і ў Расеі таксама ёсьць надзея. <...> Мне здаецца, гэта дапамагло б у пляне адносінаў паміж дзьвюма краінамі, але я ня ведаю, ці пойдзе Пуцін на гэта», — адзначыў ён.

Таксама Джон Коўл у інтэрвію «Дождю» сказаў, што пакуль не ўздымаў падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам пытаньня дэмакратызацыі ўнутранай палітыкі Беларусі.

Што папярэднічала

Аляксандр Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка.

Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама ўзяў прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

Сустрэча спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі. Менск, 15 верасьня 2026
Сустрэча спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі. Менск, 15 верасьня 2026

Калі размова ішла аб вызваленьні палітвязньняў, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што ў Беларусі няма палітычнага перасьледу. Апроч таго, ён заявіў, што «беглыя» хлусяць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца і замест вызваленых у межах амэрыканскіх дамоўленасьцяў затрымліваюць і судзяць у два разы больш іншых грамадзян.

Паводле яго, ва ўладаў Беларусі «абсалютна няма неабходнасьці палітычнага перасьледаваць, таму што ўсе працэсы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем».

Па стане на 16 верасьня ў Беларусі 912 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Праводле праваабаронцаў, рэпрэсіі працягваюцца: людзей па-ранейшаму затрымліваюць і судзяць паводле палітычна матываваных спраў.

«Мы спадзяёмся, што на волю выйдзе шмат людзей. Яны самі павінны вырашаць, дзе ім жыць. Свабода ніколі не павінна азначаць выгнаньне. Калі каго-небудзь прымусяць пакінуць Беларусь, наша каманда і партнэры гатовыя іх прыняць. У нас ужо створаная інфраструктура дапамогі», — заявіла, беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Разам з тым яна заклікала да сыстэмных рашэньняў, якія прывялі б да спыненьня рэпрэсій у Беларусі.

14 верасьня Джон Коўл у Вільні сустрэўся з міністрам замежных спраў Літвы Кястуцісам Будрысам. Бакі абмеркавалі вызваленьне беларускіх палітвязьняў, рэпрэсіі, якія працягваюцца, і падтрымку Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведамляў МЗС Літвы.

Будрыс падкрэсьліў, што Літва працягне аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганьням ЗША і вызваленым палітвязьням. Будрыс таксама падкрэсьліў, што Літва вітае кожны выпадак вызваленьня палітвязьня, але адзначыў, што агульная колькасьць палітвязьняў у краіне застаецца высокай, а рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці працягваюцца.

Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

З улікам сёньняшняга вызваленьня дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.

Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG