Як паведаміў Следчы камітэт, 28 фігурантам справы ашуканскага кол-цэнтру прадʼявілі абвінавачаньне па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, учыненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры).
Ашуканскі кол-цэнтр знайшлі фактычна ў цэнтры Менска ў красавіку 2026 году.
Удзельнікаў групы, узрост якіх ад 23 да 56 гадоў, узялі пад варту. Усяго па крымінальнай справе выявілі 82 пацярпелых, пераважна старэйшага ўзросту. Агульная сума ўрону перавысіла 2 млн. рублёў.
Што вядома пра схему падману
Паводле абвінавачаньня, кіраўнікі і ўдзельнікі ашуканскага кол-цэнтра выкрадалі грошы ў беларусаў і замежных грамадзян пад маркай брокерскіх паслугаў.
Яны маскаваліся пад выглядам рэальна існуючых міжнародных камэрцыйных арганізацый, якія маюць дачыненьне да біржаў. Паводле сьледчых, махляры «выбудавалі шматузроўневую сыстэму падману людзей, стварылі і адміністравалі» ў інтэрнэце рэсурсы, «на якіх разьмяшчалася ілжывая інфармацыя аб атрыманьні высокага заробку на рынках каштоўных папер».
Яны знаходзілі на спэцыялізаваных сайтах кантакты і зьвесткі аб асобах, якія цікавяцца прыбыткам за кошт інвэстыцый, прадстаўляліся супрацоўнікамі брокерскіх кампаній, абяцалі вялікі даход.
Фігуранты давалі пацярпелым спасылкі на падстаўныя інтэрнэт-рэсурсы і навучалі карыстацца фіктыўнымі ўліковымі запісамі і фіктыўнымі рахункамі, «ўцягвалі іх у імітаваную біржавую дзейнасьць, кіравалі іх дзеяньнямі на падстаўных плятформах, адлюстроўвалі фіктыўную высокую даходнасьць апэрацый».
Пацярпелыя лічылі, што зьяўляюцца рэальнымі інвэстарамі на рынку каштоўных папер і атрымліваюць прыбытак.
«У рэчаіснасьці так званы заробак існаваў толькі як старанна сканструяваная ілюзія. З дапамогай спэцыялізаванага праграмнага забесьпячэньня зламысьнікі імітавалі працу біржавых сэрвісаў, фармавалі псэўдаграфікі і дэманстравалі „рост капіталу“, цалкам кантралюючы карцінку, якую бачыў чалавек на экране», — заявіў СК.
Выманеныя ў пацярпелых грошы пераводзіліся на падкантрольныя ўдзельнікам групы рахункі. Фігуранты стварылі ў Беларусі некалькі субʼектаў гаспадараньня, арандавалі офісныя памяшканьні, закупілі кампʼютарнае абсталяваньне, сродкі ананімізацыі, IP-тэлефаніі, іншыя тэхнічныя прылады і праграмныя прадукты.
У ліпені ў Менску адбыўся суд над кіраўніцтвам іншай сеткі махлярскіх кол-цэнтраў. Іх пакаралі тэрмінамі ад 6 да 11 гадоў пазбаўленьня волі.
Пра гэта паведаміла раней генэральная пракуратура Беларусі. Менскі гарадзкі суд вынес выракі ў справе махлярскіх кол-цэнтраў: былі абвінавачаныя 5 кіраўнікоў і 39 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі, офісы якой знаходзіліся ў Маскве, Бішкеку і Менску. Іх ахвярамі былі грамадзяне краін СНД і Эўрапейскага Зьвязу.
Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што сярод найбольш пашыраных відаў кібэрвымаганьняў — пагроза распаўсюду прыватнай інфармацыі, у тым ліку інтымная перапіска, фатаграфіі, відэазапісы.