Як паведамляе генэральная пракуратура Беларусі, Менскі гарадзкі суд вынес выракі ў справе махлярскіх кол-цэнтраў.
Былі абвінавачаныя 5 кіраўнікоў і 39 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі, офісы якой знаходзіліся ў Маскве, Бішкеку і Менску. Махлярскія цэнтры абзвону дзейнічалі ў 2017–2024 гадах. Іх ахвярамі былі грамадзяне краін СНД і Эўрапейскага Зьвязу. Падманвалі, прапаноўваючы атрымаць пасіўны даход ад інвэставаньня грошай у фінансавыя праекты, якіх насамрэч не існавала. Пацярпелых схілялі пералічваць грошы на рахункі, падкантрольныя арганізацыі. Страты перавысілі 2 млн рублёў.
Суд прызнаў фігурантаў вінаватымі ў «кіраўніцтве структурнымі падразьдзеламі злачыннай арганізацыі, удзеле ў яе дзейнасьці ў кожнай іншай форме і ашуканскім завалоданьні маёмасьцю ў буйным і асабліва буйным памерах, зьдзейсьненым арганізаванай групай».
Кіраўнікоў асудзілі на тэрміны ад 6 да 11,5 года са штрафамі. Шараговым удзельнікам прызначылі пакараньні ад 3 гадоў 3 месяцаў да 7 гадоў 6 месяцаў увязьненьня з штрафамі.
Як дзейнічалі махлярскія цэнтры абзвону
Раней у Сьледчым камітэце заявілі, што разам з МУС і ГУБАЗіК правялі ў Менску шэраг затрыманьняў, каб спыніць дзейнасьць махлярскіх кол-цэнтраў, якія належалі «міжнароднай арганізаванай злачыннай групе».
Адзін месьціўся ў мікрараёне Лебядзіны, а другі на Нямізе.
Зламысьнікі стварылі больш за 800 фальшывых сайтаў, на якія прываблівалі людзей абяцаньнямі высокіх даходаў ад інвэстыцыяў. Фінансавыя кампаніі, у якія прапаноўвалася ўкладваць сродкі, увогуле не існавалі. Тым часам на сайтах зьбіралі асабовыя зьвесткі грамадзян. Далей зь імі зьвязваліся «фінансавыя адмыслоўцы» і пераконвалі пераводзіць грошы на фікцыйныя рахункі.
Такім чынам махляры імітавалі брокерскія паслугі, паведамляючы кліентам пра пасьпяховы гандаль, і ахвяры ўносілі ўсё новыя сумы.
Як паведамілі сьледчыя, два ашуканскія цэнтры абзвону разьмяшчаліся ў Менску і мелі адзіны дыстанцыйны цэнтар кіраваньня. Іх працу забясьпечвалі 7 аддзелаў, якія мелі розную спэцыялізацыю ў завалодваньні грашыма пацярпелых.
Сярэдні ўзрост удзельнікаў — ад 20 да 38 гадоў. Большасьць маюць вышэйшую адукацыю, сямʼю і імкнуцца да лёгкага заробку. Штомесячнае абарачэньне ашуканскіх кол-цэнтраў дасягае ад 600 тысяч да 2 мільёнаў даляраў ЗША.
Паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынства затрыманыя 55 чалавек, сярод іх 45 мужчын і 10 жанчын; 9 замежных грамадзян.
Паводле МУС, «тысячы грамадзян больш як з 180 краін пацярпелі ад іхнай злачыннай дзейнасьці». Рахунак у крымінальным бізнэсе ішоў «на мільёны».
Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што сярод найбольш пашыраных відаў кібэрвымаганьняў — пагроза распаўсюду прыватнай інфармацыі, у тым ліку інтымная перапіска, фатаграфіі, відэазапісы.