Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі доля кібэрзлачынстваў склала больш за траціну ўсіх крымінальных выпадкаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі па намове тэлефонных і інтэрнэт-ашуканцаў людзі прадалі 41 кватэру, адзін жылы дом і адзін аўтамабіль.

Такія лічбы прывёў Onliner са спасылкай на Сьледчы камітэт.

«Гэта вынікае з матэрыялаў крымінальных справаў, якія цяпер вядуць сьледчыя. Пры гэтым маштабы праблемы толькі растуць: за першае паўгодзьдзе 2026-га агульная шкода ад кібэратак падскочыла адразу на 59% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам, а доля такіх злачынстваў у краіне дасягнула 35%. Гэтыя зьвесткі агучылі прадстаўнікі Сьледчага камітэту на круглым стале „Процідзеяньне махлярству ў сфэры ўгодаў зь нерухомасьцю», — паведамляе сайт Onliner.

Паводле зьвестак МУС Беларусі, уключаных у матэрыялы для выкарыстаньня ў рамках ліпеньскага «адзінага дня інфармаваньня насельніцтва», якія прыводзіць Позірк, у 2023 годзе ўдзельная вага кібэрзлачыннасьці складала 21,5%, у 2024-м — 27,5%, у 2025-м — 29,7%. У 2026 годзе штотыдзень учыняюць у сярэднім 359 кібэрзлачынстваў, ці больш за 50 у дзень.

Паводле зьвестак МУС, ахвярамі кібэрзлачынцаў найчасьцей становяцца маладыя людзі ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў (удзельная вага 29,3%). За пяць месяцаў 2026 году на 69,6% (з 158 да 268) вырасла колькасьць непаўналетніх, прызнаных пацярпелымі ад кібэрзлачынстваў.

Больш за 80% кібэрзлачынстваў складаюць тры іх віды: ілжэпродаж тавару онлайн (37,6%), вішынг ад імя службовых асобаў (33,8%), крадзеж з выкарыстаньнем сацыяльных сетак (9,7%).

«Палітызацыя» махляроў у Беларусі

Тэлефонныя званкі махляроў ад імя дзяржаўных структураў, у тым ліку сілавых, выйшлі на першае месца сярод кібэрзлачынстваў.

Сілавыя органы Беларусі паведамляюць, што махляры ўсё часьцей выкарыстоўваюць штучны інтэлект для сваіх схемаў выманьваньня грошай. Махляры часта выступаюць ад імя сілавых структураў, пагражаючы вобшукам і арыштам, прапануюць паслугі хуткага афармленьня візаў або замены лічыльнікаў ці дамафонаў.

Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы зьявілася рэкляма махляроў з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту: махляры выкарыстоўваюць імёны вядомых асобаў, каб выклікаць у людзей давер.

Згодна з інфармацыяй УУС Менскага гарвыканкаму, летась у Менску крадзяжоў праз тэлефон і інтэрнэт стала больш, чым тых, якія падлягаюць крымінальнаму вышуку.

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, напрыклад, малады чалавек зь Сьветлагорску паверыў махлярам і вырашыў «супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю».

У Нясьвіжы зламысьнікі выдавалі сябе за супрацоўнікаў КДБ, банку і пошты і пагражалі грамадзянам крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму».

У іншым выпадку малады чалавек, упэўнены, што стаў «рэгіянальным прадстаўніком КДБ», забраў нібыта «на праверку» 84 тысячы рублёў у браслаўскай пэнсіянэркі.

У Менску фіктыўны «супрацоўнік Сьледчага камітэту» прымусіў пэнсіянэра аддаць ашчаджэньні кур’еру, якая сама думала, што дапамагае пэнсіянэрам з інваліднасьцю «ўнікнуць крымінальнага перасьледу», перадае тэлеграм-канал МУС Беларусі.

Летась сілавікі завяршылі крымінальную справу супраць удзельнікаў некалькіх кол-цэнтраў. Міжнародная злачынная арганізацыя складалася з трох структурных падразьдзелаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, Расеі і Кыргызстану. Каб паўдзельнічаць у псэўдаінвэстыцыйнай праграме, некаторыя грамадзяне прадавалі дамы і кватэры, залазілі ў вялізныя даўгі. Сьледчы камітэт правёў расьсьледаваньне справы на 55 кіраўнікоў і ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі. Ад дзеяньняў махляроў пацярпелі дзясяткі тысяч чалавек зь Беларусі, Расеі, Казахстану і іншых дзяржаваў.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG