Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляры з фальшывых сайтаў нібыта беларускай мытні пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлект

Беларуская мытня, архіўнае фота
Беларуская мытня, архіўнае фота

Махляры прапануюць сканфіскаваныя тавары зь вялікімі зьніжкамі, каб ашукаць даверлівых пакупнікоў.

«Канфіскат з мытні даступны па цане на 70% ніжэйшай, праходзьце на спасылку», — так некалькі новых сайтаў і акаўнтаў у сацыяльных сетках, падобных да сайтаў і акаўнтаў беларускай мытні, прапаноўваюць беларусам танны канфіскат.

Рэклямуе яго дзяўчына ў форме мытнай службы, створаная штучным інтэлектам.

«Запушчаная таргетаваная рэкляма аб продажы смартфонаў, пральных машын, лядоўняў і іншай тэхнікі па нізкіх цэнах. Прапануецца перайсьці на спасылку, каб азнаёміцца з асартымэнтам тавараў і зрабіць замову з абавязковай перадаплатай.

Прыцягвае погляд „арыгінальнасьць“ створанай з дапамогай ШІ рэклямы ў фэйкавым акаўнце пад назвай „customs_belarus“, якая прапануе перайсьці на яшчэ адзін такі ж ашуканскі канал „Беларусь 🇧🇾“ у мэсэнджары Telegram», — паведамляе беларуская мытня ў сваім сапраўдным тэлеграм-канале.

Пры гэтым беларускія мытнікі папярэджваюць: усе прапановы продажу канфіскаваных тавараў ад мытні — махлярскія схемы, бо мытня не прадае канфіскат.

У Беларусі продажам канфіскату займаюцца спэцыялізаваныя крамы, у асноўным сетка «Ваш выбар», якою кіруе гандлёвы дом «Усходні» пры кіраўніцтве справамі Лукашэнкі, а таксама крамы, падведамасныя Міністэрству юстыцыі. Прадаюць канфіскат у раздробных крамах і на аўкцыёнах.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG