У Сьледчым камітэце заявілі, што разам з МУС і ГУБАЗіК правялі ў сталіцы шэраг затрыманьняў, каб спыніць дзейнасьць махлярскіх кол-цэнтраў, якія належалі «міжнароднай арганізаванай злачыннай групе». Адзін месьціўся ў мікрараёне Лебядзіны, а другі на Нямізе.
На відэа, якое паказалі ў СК, бачныя й супрацоўнікі Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР), якія бралі ўдзел у затрыманьнях і ператрусах у памяшканнях такіх цэнтраў.
Як пішуць у СК, зламысьнікі стварылі больш за 800 фальшывых сайтаў, на якія прываблівалі людзей абяцаньнямі высокіх даходаў ад інвэстыцыяў. Фінансавыя кампаніі, у якія прапаноўвалася ўкладваць сродкі, увогуле не існавалі. Тым часам на сайтах зьбіралі асабовыя зьвесткі грамадзян. Далей зь імі зьвязваліся «фінансавыя адмыслоўцы» і пераконвалі пераводзіць грошы на фіктыўныя рахункі.
Такім чынам махляры імітавалі брокерскія паслугі, паведамляючы кліентам пра пасьпяховы гандаль, і ахвяры ўносілі ўсё новыя сумы.
У кабінэтах знойдзены паліграф і фармуляры з дазволам на яго выкарыстаньне, якія, імаверна, давалі падпісваць людзям, што ўладкоўваліся туды на працу. Кліентам званілі праз адмысловую праграму, каб тыя не маглі пазваніць у адказ.
Як паведамілі сьледчыя, два ашуканскія кол-цэнтры разьмяшчаліся ў Менску і мелі адзіны дыстанцыйны цэнтар кіраваньня. Іх працу забясьпечвалі 7 аддзелаў, якія мелі розную спэцыялізацыю ў завалоданьні грашыма пацярпелых.
«Для ўтойваньня злачыннай схемы і наданьня ёй бачнасьці законнай у Беларусі былі зарэгістраваныя 3 суб’екты гаспадараньня. Віды іх дзейнасьці: стварэньне рэклямы, аказаньне IT-паслугаў, дзейнасьць тэлефонных даведачна-інфармацыйных службаў», — падкрэсьліў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня лічбавага разьвіцьця папярэдняга сьледзтва Сьледчага камітэту Сяргей Гамко.
Сярэдні ўзрост удзельнікаў — ад 20 да 38 гадоў. Большасьць маюць вышэйшую адукацыю, сямʼю і імкнуцца да лёгкага заробку. Штомесячнае абарачэньне ашуканскіх кол-цэнтраў дасягае ад 600 тысяч да 2 мільёнаў даляраў ЗША», — адзначыў Сяргей Гамко.
«На падставе санкцыянаваных пракурорам пастановаў у офісных памяшканьнях ашуканскіх кол-цэнтраў, месцах фактычнага жыхарства фігурантаў і іхных аўтамабілях праведзеныя ператрусы, пры якіх выяўленыя і сканфіскаваныя кампутарная тэхніка і іншыя носьбіты інфармацыі — усяго больш за 600 прыладаў, а таксама грашовыя сродкі на агульную суму звыш 790 тысяч беларускіх рублёў».
Па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства затрыманыя 55 чалавек, сярод іх 45 мужчын і 10 жанчын; 9 замежных грамадзянаў.
Паводле МУС, «тысячы грамадзян больш як з 180 краін пацярпелі ад іхнай злачыннай дзейнасьці». Рахунак у крымінальным бізнэсе ішоў «на мільёны».
У 2025 годзе зарэгістравана 1007 выпадкаў вымагальніцтва — на 42,8% больш, чым у 2024-м (705), і ў 2,2 раза больш, чым у 2023-м (468), як вынікае з паведамленьня Генэральнай пракуратуры.
Наглядны орган падкрэсьліў, што ідзецца найперш пра кібэрвымаганьні. Адзначаецца, што ў студзені 2026 году завялі больш за 50 крымінальных справаў аб вымаганьні грошай у карыстальнікаў прыладаў Apple.
«Падставы розныя, але схема адна — карыстальнікі выйшлі з свайго акаўнту ў прыладзе і аўтарызаваліся пад дадзенымі, якія падалі зламысьнікі», — патлумачыла Генэральная пракуратура.
Раней Сьледчы камітэт паведамляў, што сярод найбольш пашыраных відаў кібэрвымаганьняў — пагроза распаўсюду прыватнай інфармацыі, у тым ліку інтымная перапіска, фатаграфіі, відэазапісы.
Форум