Тэлефонныя махляры ўсё часьцей выступаюць ад імя сілавых структураў
Як паведаміў прадстаўнік менскай міліцыі Віталь Сарока, да іх «зьвярнуўся студэнт, які стаў ахвярай і кур’ерам тэлефонных махляроў». 20-гадовы мянчук спачатку аддаў ашуканцам свае грошы, а потым выкапаў са сьнегу чужыя, паведаміла менская міліцыя.
«Такое ўражаньне, што я папаўся», — сказаў міліцыянтам студэнт, які кантактаваў зь нібыта «прадстаўнікамі дзяржавы» праз вайбэр.
«Маладога чалавека падманулі, выкарыстаўшы схему „Энэргазбыту“. Ён назваў чатырохзначны код з SMS і паверыў, што ашуканцы адкрылі на яго імя рахунак у банку. Студэнт пагадзіўся задэкляраваць свае ашчаджэньні і перадаў 7 тысяч даляраў першакурсьніцы сталічнай ВНУ, якую лічыў курʼерам Нацыянальнага банку», — расказаў Сарока.
У гэты ж час той самы ашуканы студэнт атрымаў яшчэ адзін званок ад незнаёмца, які запатрабаваў выканаць яшчэ некалькі заданьняў. Малады чалавек паехаў ва ўмоўленае месца і забраў з закладкі ў сьнезе 8 тысяч эўра, а потым на вакзале — яшчэ 8 тысяч даляраў. Гэтыя грошы належалі 70-гадовай жыхарцы Менску і 21-гадовай жыхарцы Горадні, якія таксама паверылі махлярам і вырашылі нібыта «задэкляраваць грошы».
18-гадовую дзяўчыну падманулі той жа схемай, яшчэ і паабяцаўшы «добрую характарыстыку з КДБ». Яе прымусілі забраць 5 тысяч даляраў у яшчэ аднаго менчука, 87-гадовага пэнсіянэра. Усю суму яна на таксоўцы адвезла наступнаму курʼеру, думаючы, што зарабляе сабе добрую характарыстыку ад КДБ.
Махляры апошнім часам таксама выкарыстоўваюць і дзяцей, запалохваюць тым, што «бацькоў пасадзяць, а цябе аддадуць у дзіцячы дом».
Пагражалі крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму»
Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, малады чалавек зь Сьветлагорску паверыў махлярам і вырашыў «супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю».
Яму даручылі забіраць скруткі з грашыма ў грамадзян і адвозіць іх у Маскву. Людзі перадавалі свае ашчаджэньні, думаючы, што яны супрацоўнічаюць з «КДБ», «агентамі Нацыянальнага банку» ці перадаюць грошы «для праверкі».
«За некалькі дзён малады чалавек забраў грошы ў траіх падманутых грамадзян і адвёз іх у расейскую сталіцу», — паведамляе тэлеграм-канал Сьледчага камітэта.
Ён жа інфармуе, што ў Нясьвіжы зламысьнікі выдавалі сябе за супрацоўнікаў КДБ, банку і пошты і пагражалі грамадзянам крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму».
У іншым выпадку малады чалавек, упэўнены, што стаў «рэгіянальным прадстаўніком КДБ», забраў нібыта «на праверку» 84 тысячы рублёў у браслаўскай пэнсіянэркі.
У Менску фіктыўны «супрацоўнік Сьледчага камітэту» прымусіў пэнсіянэра аддаць ашчаджэньні кур’еру, якая сама думала, што дапамагае пэнсіянэрам з інваліднасьцю «унікнуць крымінальнага перасьледу», перадае тэлеграм-канал МУС Беларусі.
Форум