Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Минск–новости», гэтая пляцоўка пачала працаваць 27 студзеня з ініцыятывы Менгарвыканкаму.
«Апошнім часам мы сутыкаемся з шматлікімі пагрозамі, найперш накіраванымі на маладзейшае пакаленьне. Удасканальваюцца спосабы ўцягненьня дзяцей у злачынную дзейнасьць, зьвязаную з распаўсюдам наркотыкаў, расьце колькасьць кібэрзлачынстваў. Махляры вымагаюць у дзяцей ашчаджэньні, назапашаныя бацькамі. Таму разам з ГУУС мы выбудавалі сыстэмную працу дзеля прафіляктыкі і асьветы», — сказаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Андрэй Стрыгельскі.
Начальнік упраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкаму Кірыл Бяркозаў адзначыў, што мэта гэтай прасторы — навучыць дзяцей бясьпечным паводзінам.
Паводле выданьня, імітацыя турмы — «адна з эмацыйна наймацнейшых лякацыяў».
«Тут расказваюць гісторыю асуджаных падлеткаў: 17-гадовых дзяўчыны і юнака, якія адбываюць вялікія тэрміны за збыт наркотыкаў. У фармаце „жывога этэру“ яны расказваюць, як іх уцягнулі ў злачынную дзейнасьць, як яны страцілі свабоду і ўжо ў месцах пазбаўленьня волі пераасэнсавалі сваё жыцьцё», — сказаў Кірыл Бяркоўзаў.
На пляцоўцы таксама ёсьць прастора з VR-акулярамі, дзякуючы якім дзеці могуць трапіць у віртуальную рэальнасьць і пабачыць наступствы ўжываньня наркотыкаў, іх перадазаваньня, затрыманьня за распаўсюд наркотыкаў і вырак суду. «Усе сцэнары заканчваюцца аднолькава трагічна», — дадаў прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму.
Форум