Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах Беларусі дзейнічаюць больш за 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, створаных пад эгідай МУС


Цырымонія складаньня прысягі пры ўступленьні ў вайскова-патрыятычны клюб у Берасьці, 29 сьнежня 2025 году
Цырымонія складаньня прысягі пры ўступленьні ў вайскова-патрыятычны клюб у Берасьці, 29 сьнежня 2025 году

У рэгіёнах Беларусі удзельнічаюць у цырымоніях складаньня прысягі дзеці, якія ўступаюць у вайскова-патрыятычныя клюбы, што ствараюцца з ініцыятывы міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.

Такія цырымоніі прайшлі ў Берасьці, а таксама некалькіх раёнах Віцебскай і Магілёўскай вобласьці. Пра іх актыўна пішуць мясцовыя выданьні.

З публікацыі ўшацкай раённай газэты «Патрыёт» вынікае, што цяпер на тэрыторыі Беларусі ўжо створаныя і дзейнічаюць прыблізна 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, якія аб’ядноўваюць больш за 5,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат школьнага ўзросту.

Цырымоніі праводзяць на адзін узор. Для месца ўрачыстасьцяў выбіраюць музэі або гістарычныя аб’екты, зьвязаныя з Другой усясьветнай вайной (улады Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўваюць савецкую назву — Вялікай айчынная вайна. — РС).

Ва Ўшачах гэтая ўрачыстасьць адбылася ў музэі народнай славы, у Берасьці — у Берасьцейскай крэпасьці, у Бялынічах Магілёўскай вобласьці — у мясцовым мастацкім музэі, у Расонах Віцебскай вобласьці — у музэі баявой садружнасьці. Прысягу ў дзяцей прымаюць прадстаўнікі мясцовых органаў унутраных справаў — начальнікі або іх намесьнікі ў ідэалягічнай працы і кадравым забесьпячэньні.

Гімназістам Браслава разам з пасьведчаньнямі і кодэксам гонару ўручылі яшчэ і сувэніры. 31 сьнежня 2025 году
Гімназістам Браслава разам з пасьведчаньнямі і кодэксам гонару ўручылі яшчэ і сувэніры. 31 сьнежня 2025 году

Дзецям разам з пасьведчаньнямі ўручаюць кодэкс гонару выхаванцаў клюбу — дакумэнт, які замацоўвае «прынцыпы гонару, дысцыпліны, патрыятызму і асабістай адказнасьці, што зьяўляюцца асновай службовай і грамадзянскай пазыцыі будучых абаронцаў Айчыны».

У канцы ўрачыстасьцяў мясцовыя праваслаўныя сьвятары праводзяць «чын асьвячэньня шыхту».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG