Пра новы від махлярства ў Беларусі паведамляе ўрадавае выданьне «Рэспубліка».
«У Беларусі набірае абароты чарговая схема падману даверлівых грамадзян. Ашуканцы прапануюць інвэстыцыі ў акцыі буйных прадпрыемстваў і банкаў, абяцаюць казачныя заробкі», — піша выданьне.
У адной з сацыяльных сетак круціцца рэкляма шалёнай даходнасьці ад «Беларуськалію», інвэстыцыйная плятформа якога нібыта запушчаная пад эгідай ураду Беларусі. У рэклямных роліках выкарыстоўваюць лягатыпы дзяржаўных СМІ і дзяржаўных органаў.
«Інвэстуй у будучыню Беларусі з інвэстыцыйным праектам БелАЗ. Старт ад 430 рублёў. А далей шматразовы прыбытак».
Ашуканцы ўжо апрацоўвалі людзей з падобнай схемай, дзе фігуравалі «Беларуснафта» і «Гродна Азот».
Як працуе схема
26-гадовы жыхар Менску, думаючы, што становіцца нафтавым інвэстарам, стаў ахвярай зламысьнікаў. Ён знайшоў у інтэрнэце рэкляму інвэстыцыйнага праекту, нібыта зьвязанага з прадпрыемствам «Беларуснафта», зарэгістраваўся на фальшывай біржы, пасьля чаго зь ім зьвязаўся куратар. Спачатку ён уклаў 100 даляраў, назіраў рост капіталу і нават змог вярнуць 170 рублёў. Пасьля гэтага афэрысты пераканалі яго ўнесьці большую суму. Паверыўшы ў прыбытковы праект, малады чалавек узяў два крэдыты і перавёў на «біржу» каля 25 тысяч рублёў. Калі ж вырашыў вывесьці заробленыя грошы, куратар пачаў прыдумляць апраўданьні, а затым проста зьнік.
Прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Аляксандар Сухадольскі раскрыў гэтую схему: ствараецца прыгожы сайт або мабільная аплікацыя, якія прафэсійна выглядаюць. Часьцяком ашуканцы капіююць дызайн вядомых банкаў ці брокераў. Далей арганізуецца актыўная рэкляма ў сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах, YouTube, Instagram і TikTok.
Выкарыстоўваюць накіраваную рэкляму, фэйкавых блогераў і «водгукі» рэальных людзей. Для таго, каб пераканаць ахвяраў укладваць свае сродкі, абяцаюць за месяц ад 20 да 100 адсоткаў, а часам і рост прыбытку ў разы. Далей надыходзіць чарга першай «перамогі».
Ахвяра рэгіструецца і ўносіць невялікую суму для спробы. У асабістым кабінэце паказваюць фэйкавы прыбытак. Графікі растуць, балянс павялічваецца на вачах.
Многія ашуканцы дазваляюць вывесьці невялікую суму назад, каб стварыць давер і стымуляваць укласьці больш. Гэта называецца «выплатай першых дывідэндаў».
Потым ідзе эскаляцыя. Мэнэджар тэлефануе, піша ў чат ці Telegram, стварае адчуваньне тэрміновасьці: «У вас выдатныя вынікі, давайце павялічым інвэстыцыі, пакуль не закрылася акно магчымасьцяў».
Ахвяру ўгаворваюць укласьці ўсе ашчаджэньні, узяць крэдыт ці прадаць маёмасьць. Калі сума на рахунку становіцца значнай, узьнікаюць праблемы.
Патрабуюць дадатковых выплатаў, блякуючы вывад грошай пад рознымі падставамі. Далей сайт або акаўнт мэнэджара раптоўна «зьнікае». Вынік — поўная страта ўсіх укладзеных сродкаў.
Чаму гэта падман
Вядома, што беларуская дзяржава ніколі не падпускала грамадзян да інвэстыцыяў у прыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы. Ніякіх дывідэндаў беларусы тут не атрымаюць, а толькі пазбавяцца сваіх грошай.
«Палітызацыя» махляроў у Беларусі
Сілавыя органы Беларусі паведамляюць, што махляры ўсё часьцей выкарыстоўваюць штучны інтэлект для сваіх схемаў выманьваньня грошай. Махляры часта выступаюць ад імя сілавых структураў, пагражаючы вобшукам і арыштам, прапануюць паслугі хуткага афармленьня візаў або замены лічыльнікаў ці дамафонаў.
Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы зьявілася рэкляма махляроў з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту: махляры выкарыстоўваюць імёны вядомых асобаў, каб выклікаць у людзей давер.
Згодна з інфармацыяй УУС Менскага гарвыканкаму, летась у Менску крадзяжоў праз тэлефон і інтэрнэт стала больш, чым тых, якія падлягаюць крымінальнаму вышуку.
Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, напрыклад, малады чалавек зь Сьветлагорску паверыў махлярам і вырашыў «супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю».
У Нясьвіжы зламысьнікі выдавалі сябе за супрацоўнікаў КДБ, банку і пошты і пагражалі грамадзянам крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму».
У іншым выпадку малады чалавек, упэўнены, што стаў «рэгіянальным прадстаўніком КДБ», забраў нібыта «на праверку» 84 тысячы рублёў у браслаўскай пэнсіянэркі.
У Менску фіктыўны «супрацоўнік Сьледчага камітэту» прымусіў пэнсіянэра аддаць ашчаджэньні кур’еру, якая сама думала, што дапамагае пэнсіянэрам з інваліднасьцю «ўнікнуць крымінальнага перасьледу», перадае тэлеграм-канал МУС Беларусі.
Летась сілавікі завяршылі крымінальную справу супраць удзельнікаў некалькіх кол-цэнтраў. Міжнародная злачынная арганізацыя складалася з трох структурных падразьдзелаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, Расеі і Кыргызстану. Каб паўдзельнічаць у псэўдаінвэстыцыйнай праграме, некаторыя грамадзяне прадавалі дамы і кватэры, залазілі ў вялізныя даўгі. Сьледчы камітэт правёў расьсьледаваньне справы на 55 кіраўнікоў і ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі. Ад дзеяньняў махляроў пацярпелі дзясяткі тысяч чалавек зь Беларусі, Расеі, Казахстану і іншых дзяржаваў.