Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляры пачалі выкарыстоўваць імёны вядомых артыстаў, каб выманіць грошы

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка на канцэрце гурту «Сябры» ў кастрычніку 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка на канцэрце гурту «Сябры» ў кастрычніку 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі папярэдзілі грамадзян аб новым відзе махлярства, які робяць ад імя вядомага сьпевака, кіраўніка гурту «Сябры» Анатоля Ярмоленкі.

«Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы зьявілася рэкляма ад імя народнага артысты Беларусі Анатоля Ярмоленкі аб плятформе „Газінвэст“. Але гэта падман, створаны з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту», — адзначаецца ў паведамленьні.

У ведамстве ўдакладнілі, што ў відэазапісе ад яго імя заклікаюць беларусаў інвэставаць у прыродныя рэсурсы ўсяго ад 170 рублёў, а пасьля атрыманьня грошай махляры зьнікаюць, а іх сайты спыняюць працу.

«Не сьпяшайцеся весьціся на такія абяцаньні. Махляры выкарыстоўваюць імёны вядомых асобаў, каб выклікаць давер у людзей», — заклікалі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.

Апошнім часам сілавыя органы Беларусі паведамляюць, што махляры ўсё часьцей выкарыстоўваюць штучны інтэлект для сваіх схем у выманьваньні грошай. Яны часта выступаюць ад імя сілавых структур, пагражаючы вобшукамі і арыштам, прапануюць паслугі ў хуткім афармленьні віз або па замене лічыльнікаў ці дамафонаў.

Згодна з інфармацыяй УУС Менскага гарвыканкаму, летась у Менску колькасьць крадзяжоў праз тэлефон і інтэрнэт перавысіла іх колькасьць па лініі крымінальнага вышуку.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG