21-гадовы жыхар Горадні стаў ахвярай махляроў. Праз Viber зь ім зьвязаўся невядомы, які назваўся прадстаўніком Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Маладзёну сказалі, што зь ягоных рахункаў фінансуюцца «экстрэмісцкія фармаваньні», і загадалі задэкляраваць усе ашчаджэньні. Аднак грошай у хлопца не аказалася, ён заклаў у лямбард свой аўтамабіль, а 5 тысяч рублёў перавёў махлярам.
19-гадовую мянчанку махляры прымусілі разьдзецца на камэру пад пагрозамі, назваўшыся супрацоўнікамі КДБ. Сьпярша зь дзяўчынай зьвязаліся нібыта з службы дастаўкі кветак і папрасілі агучыць код з СМС. А пасьля ўжо пазваніў ілжэсілавік, які абвінаваціў дзяўчыну ў распаўсюдзе сакрэтнай інфармацыі і прыгразіў адказнасьцю за «садзейнічаньне тэрарызму». Сьпярша дзяўчыну прымусілі «задэкляраваць» 100 рублёў, то бок перавесьці іх махлярам. Пасьля — набыць у растэрміноўку новы iPhone, потым дзяўчыну прымусілі разьдзецца на камэру, а пасьля наагул стаць кур’ерам — трэба было забраць грошы ў васьмігадовага хлопчыка.
Гэта тыповыя гісторыі махлярства з апошніх зводак навін. Такі тып махлярства называецца вішынг. З чалавекам зьвязваюцца ці праз званок, ці праз мэсэнджары. Толькі з пачатку гэтага году ў Беларусі зафіксавалі каля 3 тысяч падобных злачынстваў. У параўнаньні з такім жа пэрыядам летась іх стала больш на 22%. Тэлефонныя махлярствы адбываюцца і ў суседніх краінах. Аднак у Беларусі ёсьць свая асаблівасьць.
Ілжэсілавікі
Мы прааналізавалі два дзясяткі апошніх выпадкаў, зьвязаных зь вішынгам у Беларусі і краінах-суседзях, аб якіх паведамлялі афіцыйна. У Беларусі ў большасьці такіх выпадкаў махляры называюць сябе сілавікамі — гэта больш за 60% з вывучаных намі выпадкаў злачынстваў. Варыянтаў агучаных людзям легендаў некалькі, але ў іх часта фігуруюць «экстрэмісцкія фармаваньні», «фінансаваньне тэрарызму», «раскрыцьцё дзяржаўнай таямніцы». То бок зламысьнікі, ведаючы пра палітычную сытуацыю ў Беларусі і перасьлед за палітычную пазыцыю, карыстаюцца гэтым і так падманваюць людзей.
Летась частыя выпадкі дзеяньняў махляроў пад выглядам ілжэміліцыянтаў падцьвердзіў і прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Андрэй Матолька. Ён агучыў самыя папулярныя легенды ад махляроў, які займаюцца вішынгам:
- — Ахвяра ўдзельнічае ў спэцапэрацыі затрыманьня злачынцаў, якія спрабуюць скрасьці грошы зь ягонага рахунку або ад яго імя.
- — Трэба дапамагчы праваахоўным органам, каб выкрыць нядобрасумленных супрацоўнікаў банку.
- — Пацярпеламу кажуць, што ён нібыта зьдзейсьніў злачынную фінансавую апэрацыю і цяпер трэба зьняць падазрэньні.
- — У ахвяры плянуецца правесьці вобшук, каб забраць незадэкляраваныя грошы, але пытаньне «можна вырашыць».
Яшчэ адзін варыянт — да ахвяры зьвяртаецца нібыта начальнік нейкай дзяржаўнай установы (унівэрсытэт, пошта, лякарня) наконт таго, што зь ім хочуць пагаварыць нібыта супрацоўнікі сілавой структуры — КДБ, МУС, Сьледчага камітэту. Далей ідзе легенда ці то пра незадэкляраваныя грошы, ці то пра фінансаваньне забароненых структураў.
Падобная сытуацыя з тэлефонным махлярствам і ў Расеі — там махляры найчасьцей называюцца сілавікамі і прадстаўнікамі кантрольных ведамстваў кшталту «Роскомнадзора» ці сэрвісу «Госуслуги».
У суседняй Літве карціна іншая. Як вынікае з апошніх публічных выпадкаў, махляры выдаюць сябе за прадстаўнікоў банкаў, буйных міжнародных карпарацыяў накшталт Google і Microsoft, мабільных апэратараў, але таксама і прадстаўнікоў паліцыі і іншых дзяржаўных органаў. Доля выпадкаў, калі тэлефонныя махляры выдавалі сябе за прадстаўнікоў літоўскай паліцыі, у прааналізаваных намі навінах — каля 16%.
У Польшчы махляры выкарыстоўваюць як зачэпку для падману сэрвіс хуткіх выплатаў BLIK. З ахвярамі зьвязваліся ад імя папулярных маркетплэйсаў і патрабавалі коды для пераводу грошай.
У Польшчы, як сьведчыць аналіз навінаў, махляры таксама называліся супрацоўнікамі банкаў, дзяржаўных органаў і паліцыі, але ня так часта, як у Беларусі і Расеі.
Як бачым, калі ў Беларусі і Расеі махляры выкарыстоўваюць пачуцьцё страху перад сілавымі ведамствамі і дзяржаўнымі органамі, то ў краінах ЭЗ — страх страціць грошы ці доступ да сваіх акаўнтаў у папулярных сэрвісах.
Як працуюць махляры
Сёлета ў лютым беларускі Сьледчы камітэт паведаміў пра затрыманьне 55 супрацоўнікаў махлярскіх кол-цэнтраў. 9 чалавек з затрыманых выявіліся іншаземцамі.
У студзені 2024 году ў Беларусі правялі затрыманьні ў 5 офісах, якія працавалі ў Менску як кол-цэнтры. Згодна з інфармацыяй Сьледчага камітэту Беларусі, гэта былі прадстаўнікі міжнароднай махлярскай сеткі.
Аднак Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што ў асноўным махляры, якія займаюцца вішынгам, працуюць з Беларусьсю дыстанцыйна: з Украіны, Расеі, Казахстану.
Звычайна такія злачынцы арандуюць офіс, дзе ставяць неабходную для шыфраваньня званкоў апаратуру. Працуюць групай: адзін чалавек, напрыклад, звоніць ад імя службы дастаўкі кветак, атрымлівае патрэбную інфармацыю і перадае «кліента» іншаму, які называецца ўжо, напрыклад, сілавіком. Могуць выкарыстоўваць АІ для падробкі фатаздымкаў і голасу. Здымкай і перадачай грошаў займаюцца асобныя людзі — кур’еры, імі могуць прымусіць стаць і ахвяраў.
Псыхоляг: Махляры добра адчуваюць страхі грамадзтва
У Беларусі званок зь якой-хаця дзяржаўнай структуры, асабліва ад сілавікоў, чалавек успрымае сур’ёзна і яму цяжка адмовіць. Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказала псыхоляг Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС).
«Ёсьць нейкі нацыянальны страх перад дзяржаўным структурамі. У Беларусі, калі выказацца мэтафарычна, гэта гульні з статусам і ціск аўтарытэтам на людзей. А паколькі ашуканцы, уласна, такія жорсткія маніпулятары — яны не тэхнічныя геніі, яны менавіта маніпулятары, — то яны знаходзяць уразьлівыя месцы грамадзтва. Дык вось уразьлівыя месцы беларускага грамадзтва, на жаль, — гэта высокі ўзровень фонавай трывогі ў цэлым, страх перад сілавой сыстэмай і звычка вырашаць праблемы самастойна, каб не падстаўляць блізкіх, напрыклад», — зьвяртае ўвагу спэцыялістка.
На думку суразмоўцы, у іншай краіне пры такім званку для чалавека не праблема папрасіць назваць нумар жэтона, калі гэта паліцыя. Ці могуць наагул праз тэлефон проста паслаць падалей, а ў Беларусі такое ўявіць цяжка.
«Беларусы не адчуваюць сябе свабодна, калі ім тэлефануюць зь нейкіх сілавых структураў. Бо званок з структуры аўтаматычна азначае праблему, азначае, што мне на галаву, напэўна, звалілася чарговае пакараньне. Па-першае, у нас ніколі ня ведаеш, за што яны могуць пакараць, — караюць за ўсё запар. Шмат тэлефануюць, правяраюць мноства розных людзей, увогуле запалохваюць. І, адпаведна, мала хто ведае, як сябе паводзіць, мала хто да гэтага гатовы. Гэта адбываецца і праз нэгатыўны досьвед. Праз тое, што людзі, якія адкрывалі рот і абаранялі сябе, апынуліся ў турме за абарону сябе, сваіх правоў, сваіх свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй», — падсумоўвае спэцыялістка.
За мінулы год махляры выманілі ў беларусаў каля 80 мільёнаў рублёў. Такую суму агучыў генэральны пракурор Дзьмітры Гара. Сёлета за першыя два месяцы году зафіксавалі 3,1 тысячы злачынстваў, зьвязаных з такім махлярствам. Гэта на 22% больш, чым летась за такі ж пэрыяд.
Форум