Улады Беларусі апублікавалі праект закону «Аб зацьвярджэньні справаздачы аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2025 год». У ім можна пабачыць рэальныя леташнія траты зь бюджэту і тое, наколькі яны разыходзяцца з пачаткова заплянаванымі.
З дакумэнту вынікае, што на сілавікоў улады летась патрацілі больш грошай, чым перш плянавалася. Напрыклад, на МУС пайшло 2,164 мільярда рублёў, а зьбіраліся патраціць 2,056 мільярда.
На пракуратуру выдаткавалі 208 мільёнаў рублёў, а плянавалі 198,4 мільёна. На памежнікаў — 559 мільёнаў, а зьбіраліся патраціць 530,5 мільёна.
На органы дзяржаўнай бясьпекі выдаткавалі 489,8 мільёна, а плянавалі 454,8 мільёна. Таксама ў паўтара разу вырасла фінансаваньне дзяржаўных мэдыя — да 268,9 мільёна.
У сфэры адукацыі і аховы здароўя, наадварот, эканомілі. Так, на адукацыю зьбіраліся патраціць 2,177 мільярда рублёў, а патрацілі 2,082 мільярда. На ахову здароўя — 2,784 мільярда рублёў, а выдаткавалі — 2,695 мільярда.
На што сілавікі афіцыйна трацяць бюджэтныя грошы, можна прасачыць на старонцы зьвестак аб дзяржаўных закупках. Там ужо зьявіліся заяўкі на новы 2026 бюджэтны год.
МУС: 72 самакаты і відэакамэры
Напрыклад, галоўнае ўпраўленьне камандуючага ўнутранымі войскамі МУС зьбіраецца закупіць 72 адзінку «сродкаў індывідуальнай мабільнасьці», а дакладней самакатаў. На гэта плянуюць патраціць 225 000 рублёў. Крыніца — бюджэтныя сродкі. Таксама для ўнутраных войскаў хочуць набыць 130 экшн-камэраў за 175 000 рублёў.
Дэпартамэнт фінансаў і тылу хоча купіць некалькі тысяч відэакамэраў за 1,3 мільёна рублёў.
У сыстэме МУС шмат закупак, зьвязаных з рамонтам будынкаў і абсталяваньнем кабінэтаў. Напрыклад, на рамонт рэнген-кабінэту ў шпіталі МУС сёлета ўжо патрацілі 394 410 рублёў.
А на рамонт будынку цэнтральнай вайскова-мэдычнай камісіі выдаткавалі 451 000 рублёў.
Таксама можна знайсьці шмат закупак, зьвязаных з праграмным забесьпячэньнем. Напрыклад, для Акадэміі МУС набылі праграму распазнаваньня тэкставых запазычаньняў за 11 000 рублёў. Яна правярае тэксты на плягіят.
Шмат закупак сілавікоў традыцыйна зьвязана з сувязьзю, рацыямі, а таксама сэрвэрным абсталяваньнем.
У пракуратуры трацяцца на вопратку для супрацоўнікаў. Індывідуальны пашыў 31 камплекту гарнітураў для пракурораў каштуе 13 910 рублёў.
325 000 рублёў Генэральная пракуратура выдаткоўвае на ліцэнзію праграмнага забесьпячэньня MAX PATROL SIEM на год. Гэта расейская распрацоўка, якая займаецца маніторынгам хакерскіх атак.
На рамонт кабінэту і калідораў у будынку Генэральнай пракуратуры выдаткоўваюць сёлета 193 847 рублёў.
Ёсьць і дробныя выдаткі. Напрыклад, пракуратура Менску хоча купіць 10 партрэтаў Лукашэнкі за 365 рублёў.
Агулам жа закупкі пракуратуры больш зьвязаныя з рамонтам аўтамабіляў, канцылярскімі таварамі і рамонтам будынкаў і тэхнікі. Сьвежых закупак ад КДБ у адкрытых крыніцах няма.
Паўмільёна на дэкарацыі для «Калыханкі»
Белтэлерадыёкампанія выдаткоўвае грошы на мадэрнізацыю двух сайтаў. На сайт першага каналу беларускага радыё хочуць выдаткаваць 60 000 рублёў, столькі ж на сайт «Радыё Беларусь», якое перадае ў тым ліку на замежжа — на замежных мовах.
На вытворчасьць відэасюжэтаў для праграм «Добрая раніца, Беларусь» і «Людзі, якія зьмянілі сьвет» Белтэлерадыёкампанія плянуе патраціць 18 000 рублёў.
Рамонт даху ў студыі Белтэлерадыёкампаніі ў Менску будзе каштаваць 350 632 рублі.
А новыя дэкарацыі для дзіцячай праграмы «Калыханка» абыдуцца кампаніі ў 510 538 рублёў.
«Не сілавіках не эканомяць»
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, цяпер улады Беларусі не эканомяць на сілавіках, бо на іх трымаецца ўлада.
«Сілавы блёк — гэта апора і асноўны, так бы мовіць, фактар утрыманьня ўлады ў руках Лукашэнкі. І каб гэтыя людзі дакладна і зразумела выконвалі загады, якія супярэчаць закону, Канстытуцыі ці нават той самай прысязе, неабходна іх матываваць. Таму ім трэба было павышаць заробкі. Неабходна, напрыклад, закупляць рознага кшталту спэцыяльныя сродкі, уніформу — ува ўсё гэта ўкладваюцца грошы. Акрамя таго, трэба разумець, што міліцыя і праваахоўныя органы — гэта структуры, якія самі не зарабляюць грошай. Таму, каб павышаць заробкі, праводзіць індэксацыю, выплачваць тыя ж кантрактныя выплаты супрацоўнікам, патрэбныя грошы зь бюджэту», — тлумачыць Уладзімер Жыгар.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што калі заробкі растуць агулам у краіне, то іх падымаюць і сілавікам.
«Калі павышаюць заробкі, умоўна кажучы, простым людзям, то неабходна павышаць заробкі і так званым сілавікам, і для гэтага, уласна кажучы, і патрэбныя дадатковыя выдаткі», — кажа Жыгар.
Форум