4 гады плюс яшчэ 2
Суд у справе Уладзімера Кнігі прызначаны на 20 траўня і адбудзецца ў мазырскай папраўчай калёніі, дзе палітзьняволены адбывае пакараньне. Былога сілавіка і валянтэра каманды «Краіна для жыцьця» затрымалі 4 чэрвеня 2020 году. Падчас падзеяў 29 траўня на Савецкай плошчы Горадні сілавікі на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некалькіх чалавек зь ягонай каманды.
Уладзімеру Кнігу ў выніку інкрымінавалі артыкул 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак») і 364 («гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў») Крымінальнага кодэксу. 2 чэрвеня 2021 году яго асудзілі на чатыры гадоў калёніі строгага рэжыму.
Спачатку палітвязьня накіравалі ў калёнію № 14 у Навасадах каля Барысава. Летам 2022 году яму ўзмацнілі рэжым — перавялі на турэмны ў Жодзіна. Там больш за 4 месяцы трымалі ў ШЫЗА. Праз год у Жодзіне Кнігу асудзілі паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне») на 1 год і зноў адправілі ў Навасады.
У студзені 2025 году суд Барысаўскага раёну дадаў яму яшчэ год пазбаўленьня волі. Кніга адбываў тэрмін у Горках, у ПК № 9. Цяпер ён знаходзіцца ў мазырскай калёніі № 20.
Валянтэр і супрацоўнік АМАП
Паводле прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай, інфармацыйнай апякункі Ўладзімера Кнігі ў межах кампаніі «Пакуль усе ня будуць вольныя», зь верасня 2023 году палітвязьня трымаюць у рэжыме інкамунікада — безь лістоў і званкоў.
«Уладзімер Кніга — былы супрацоўнік АМАП. Ён прыйшоў у рух „Краіна для жыцьця“, бо як ніхто іншы разумеў усю несправядлівасьць сыстэмы. На той момант ён ужо не працаваў у АМАПе, быў кіроўцам», — узгадвае Зазулінская.
Ва Ўладзімера Кнігі двое дзяцей. Старэйшы сын мае інваліднасьць, Уладзімер апекаваўся ім да самага арышту.
«Да затрыманьня Ўладзімер сам займаўся сваім сынам (у сына ДЦП — дзіцячы цэрэбральны параліч). Ён ніколі не прасіў дапамогі і лічыў, што з усім можа справіцца. Чалавек зь вялізным разуменьнем адказнасьці ў адносінах да блізкіх і атачэньня. Плюс вельмі добры і вельмі спагадлівы», — працягвае Вольга Зазулінская.
Яна кажа, што кантактуе з былымі палітвязьнямі, якія перасякаліся з Уладзімерам за кратамі і дзяліліся інфармацыяй пра яго.
«Усе яны кажуць, што гэта чалавек, які ня падаў духам ні пры якіх умовах. Апошняя інфармацыя, якую я атрымала ад вязьня, што нядаўна вызваліўся, — Уладзімер мае сур’ёзныя праблемы з нагамі, зьнікае адчувальнасьць. Турэмнікі цудоўна ведаюць пра гэтыя праблемы, але дапамогі яму не аказваюць. Больш за тое, Кнігу трымаюць у рэжыме інкамунікада, пастаянна пераводзяць з калёніі ў калёнію, каб, напэўна, сям’і было складана яго знайсьці. Яму ўвесь час „накідваюць“ парушэньні, каб мець уяўныя падставы зьмяшчаць яго ў „памяшканьне камэрнага тыпу“ і бясконца судзіць паводле 411-га артыкулу. Але ўсе да аднаго з тых, хто вызваліўся, адзначаюць у Кнігі адну дзівосную якасьць — ён ня страціў ані сваёй дабрыні, ані свайго аптымізму», — сьцьвярджае Вольга Зазулінская.
80 «непадпарадкаваных»
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на канец красавіка 2026 году паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу асуджаныя больш за 80 палітвязьняў, 45 зь іх застаюцца за кратамі.
Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill, якая папрасіла не называць яе імя дзеля бясьпекі, у размове з Свабодай кажа, што пры цяперашняй праўнай сыстэме Беларусі прымяняць 411-ы артыкул КК можна бясконца, незалежна ад палітычнай афарбоўкі справы.
«А якая розьніца — звычайная крыміналка ці палітычная справа, калі ўсё ў руках адміністрацыі калёніі? Знайсьці або прыдумаць парушэньне для іх не праблема. Чаму менавіта ў дачыненьні да канкрэтнага чалавека выкарыстоўваюць 411-ы артыкул — гэта пытаньне. У Паліны Шарэнды, Вікторыі Кульшы 4 разы быў 411-ы артыкул. Можна бясконца ўжываць гэты артыкул, няма ніякіх абмежаваньняў», — кажа юрыстка.
На яе думку, такога артыкулу не павінна быць увогуле ў Крымінальным кодэксе.
«Калі чалавек адседзеў тэрмін паводле крымінальнага артыкулу, ён павінен выйсьці на волю. То бок калі чалавека пакараў суд, гэтае пакараньне павінна быць канчатковым. А цяпер атрымліваецца, што выкарыстоўваць артыкул 411 і падаўжаць тэрмін зьняволеньня можна бясконца», — мяркуе суразмоўца.
Яна таксама дадае, што артыкул 411 КК супярэчыць пункту 7 артыкулу 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага і Беларусьсю.
«Ніхто не павінен быць паўторна суджаны або пакараны за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны або апраўданы ў адпаведнасьці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны», — цытуе юрыстка.
Форум