Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім сьледчым камітэце расказалі, як «арганізаваныя сындыкаты» ўскладняюць барацьбу з кібэрзлачыннасьцю

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Начальнік сьледчага ўпраўленьня сталічнага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі Ўладзіслаў Любаскін заявіў, што з пачатку 2026 году менскія сьледчыя завялі больш за 2,5 тысячы крымінальных спраў паводле фактаў злачынстваў у сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.

«Росту гэтай крымінальнай статыстыкі шмат у чым садзейнічае масавае ўкараненьне кампутарных сыстэм і безнаяўных плацяжоў у штодзённае жыцьцё», — працытавала Ўладзіслава Любаскіна дзяржаўнае агенцтва «Минск—новости».

Паводле яго, барацьбу з такімі злачынствамі ўскладняе іх транспамежны характар.

«Як правіла, за атакамі стаяць добра арганізаваныя сындыкаты, чые кол-цэнтры тэхнічна абсталяваны за мяжой. Туды ж, за ежы краіны, імгненна выводзяцца ўсе скрадзеныя капіталы, што істотна ўскладняе кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды пацярпелым», — патлумачыў ён.

Уладзіслаў Любаскін дадаў, што для больш эфэктыўнага супрацьдзеяньня кібэрзлачыннасьці ў Менску рэалізуюць «комплекс прэвэнтыўных і тактычных захадаў па рацыянальным разьмеркаваньні сіл і сродкаў».

«У сталіцы пасьпяхова функцыянуе профільнае спэцыялізаванае ўпраўленьне, а ва ўсіх раённых аддзелах выдзеленыя канкрэтныя супрацоўнікі, якія забясьпечваюць расьсьледаваньне гэтай катэгорыі спраў. Усе яны рэгулярна праходзяць стажыроўкі і павышаюць кваліфікацыю», — дадаў ён.

Што папярэднічала

Сёлета паводле ўладаў, колькасьць кібэрзлачынстваў павялічылася на 10 адсоткаў. Апошнім часам махляры найчасьцей выманьваюць у беларусаў грошы пад выглядам «дэклараваньня», «афармленьня электроннай мэдкарткі» і «замены лічыльнікаў ці дамафонаў».

Раней паведамлялі, што з пачатку году ва ўсёй краіны зафіксавалі каля 3 тысяч падобных злачынстваў.

Тэлефонныя махлярствы адбываюцца і ў суседніх краінах. Аднак у Беларусі ёсьць свая асаблівасьць, дзе гэты від злачынства «палітызуецца». Махляры часта прадстаўляюцца сілавікамі і кіраўнікамі кантрольных ведамстваў і пагражаюць вобшукамі і арыштамі, або прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў і абяцаюць дадатковыя сацыяльныя выплаты.

Летась махляры выманілі ў беларусаў 80 мільёнаў рублёў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG