Пасьля вяртаньня зь Менску Джон Коўл сустрэўся з прэзыдэнтам і прэм’ерам Літвы. Гаварылі пра Беларусь

Прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус і спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Вільня, 17 верасьня 2026

Спэцпасланьнік амэрыканскага прэзыдэнта раней заявіў, што спадзяецца наведаць Менск цягам месяца і разьлічвае, што Лукашэнка да канца году выпусьціць усіх палітвязьняў.

Як паведамляе агенцтва BNS, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа пасьля сустрэчы ў сераду 16 верасьня са спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам заявіў, што, нягледзячы на вызваленьне Беларусьсю палітычных зьняволеных, рэжым у Менску не мяняецца.

«Мы хацелі б папярэдзіць, што не варта атаясамліваць пэўны гуманітарны прагрэс, дасягнуты выключна дзякуючы ціску ЗША, з больш шырокімі палітычнымі зьменамі і зьменамі ў сфэры бясьпекі ў Беларусі. Нягледзячы на гуманітарныя жэсты, агульная сытуацыя з бясьпекай па сутнасьці не мяняецца», — гаворыцца ў паведамленьні Офісу прэзыдэнта Літвы.

Наўседа падкрэсьліў, што зь Беларусі ў Літву залятаюць бесьпілётнікі, з гэтай краіны па-ранейшаму прыбываюць нелегальныя мігранты, а Менск узмацняе ядзерную пагрозу каля межаў NATO, плянуючы пашырэньне Беларускай АЭС у Астраўцы.

Тым не менш, прэзыдэнт Наўседа вітаў дасягнутую дамову аб вызваленьні часткі палітвязьняў і паабяцаў Злучаным Штатам усебаковую дапамогу з боку Літвы.

«Літва працягне аказваць неабходную падтрымку гуманітарнай місіі ЗША і вызваленым палітвязьням для перасячэньня дзяржаўнай мяжы Літвы і Беларусі, а таксама забясьпечыць усю неабходную дапамогу», — адзначыў Наўседа.

Джон Коўл таксама сустрэўся з прэм’ер-міністрам Літвы Міндаўгасам Сінкявічусам, пра што паведаміў сайт ураду Літвы.

Праваабаронцы і актывісты папярэджваюць, што, хоць улады ў Менску вызваляюць некаторых асоб, іншых працягваюць арыштоўваць і саджаць у турмы. Актыўны дыпляматычны ўдзел ЗША ва ўрэгуляваньні пытаньняў, зьвязаных з Беларусьсю, дапамагае зьніжаць гібрыдныя пагрозы і напружанасьць у рэгіёне. Пра гэта, паводле інфармацыі ўрада Літвы, 16 верасьня заявіў прэмʼер-міністар Сінкявічус на сустрэчы з Джонам Коўлам.

«Акрамя гуманітарнага аспэкту вашай дзейнасьці, урад Літвы асабліва цэніць тое, што Вашынгтон надае ўвагу бясьпецы Літвы і ўсяго нашага рэгіёну. Дыпляматычны ўдзел ЗША дапамагае зьніжаць гібрыдныя пагрозы і напружанасьць у рэгіёне, якая расьце, і тым самым садзейнічае большай стабільнасьці і бясьпецы. Гэта асабліва важна ў гэтыя неспакойныя часы», — сказаў ён.

Сінкявічус таксама папрасіў перадаць прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу падзяку за намаганьні па ўмацаваньні бясьпекі Літвы і рэгіёна, ён запэўніў, што Літва і надалей застанецца верным саюзьнікам ЗША. «Чым больш увагі ЗША ўдзяляюць нашаму рэгіёну, тым у большай бясьпецы мы знаходзімся», — падкрэсьліў прэмʼер Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Санкцыі скасоўваюць, а вызваляюць менш. Экспэрты пракамэнтавалі дамоўленасьці Лукашэнкі і Коўла

Што папярэднічала

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл 16 верасьня паведаміў агенцтву Reuters, што плянуе зноў наведаць краіну прыкладна празь месяц, спадзеючыся дамагчыся вызваленьня яшчэ сотняў зьняволеных.

16 верасьня кіраўніцтва Беларусі пагадзілася вызваліць 25 зьняволеных у абмен на далейшае зьмякчэньне амэрыканскіх санкцый, бо Вашынгтон заклікае Аляксандра Лукашэнку вызваліць праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячаў і іншых асоб.

«Я спадзяюся, што будуць вызваленыя сотні. Ня ведаю. Гэта мае спадзяваньні», — сказаў Коўл наконт свайго наступнага візыту ў Менск.

«Я ўпэўнены, што мы даможамся вызваленьня значна большай колькасьці людзей».

Спэцпрадстаўнік Трампа заявіў, што ўсе палітычныя вязьні ў Беларусі могуць быць вызваленыя да канца году.

Ён таксама дадаў, што «прэзыдэнт Трамп вельмі задаволены гэтым».

На пытаньне, якія перашкоды яшчэ застаюцца на шляху ягонай дыпляматычнай працы, Коўл назваў войны ў Пэрсыдзкай затоцы і ва Ўкраіне.

«Паслухайце, калі б гэтых войнаў не было, мы б вызвалілі ўсіх ужо да наступнага аўторка. Але войны ўскладняюць працу нашага ўраду, ураду Беларусі і цяпер увогуле ўсіх у сьвеце», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля перамоваў Коўла і Лукашэнкі вызвалілі 25 беларускіх палітвязьняў, 4 зь іх без пашпартоў

Беларусь і ЗША ўзгаднілі прамежкавую дамову, заявіў 16 верасьня журналістам спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл.

«У якасьці жэсту добрай волі Беларусь вызваліць 25 чалавек. Злучаныя Штаты ў сваю чаргу здымуць санкцыі з дзьвюх беларускіх кампаній — «Лакафарба» і «Беллеспаперапрам», — сказаў спэцпасланьнік ЗША.

Сярод вызваленых Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Павал Белавус, Ірына Злобіна, Людміла Чэкіна, Яўген Юшкевіч, Яўген Бурло, Тацяна Кузіна, Яна Пінчук, Алесь Чумакоў, Кірыла Пазьняк, Сьвятлана Якубовіч.

Усьмешкі, сьлёзы і абдымкі вызваленых палітвязьняў у Вільні. ФОТА