Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 250 да 25 вызваленых: Менск і Вашынгтон шукаюць новы парадак дня. Аналіз Карбалевіча

Перамовы спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 15 верасьня 2026 году. Фота: прэс-служба Лукашэнкі
Перамовы спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 15 верасьня 2026 году. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Сьцісла

  • Перамовы ў Менску сьведчаць пра тое, што абодва бакі шукаюць новы парадак дня дыялёгу.
  • У публічных камэнтарах Коўла апошнія паўгоду асноўная думка зводзілася да хуткага вызваленьня палітвязьняў.
  • Падчас мінулага візыту Коўла ў Менск у сакавіку вызвалілі 250 палітвязьняў. Гэтым разам на волю выйшла ў дзесяць разоў меней.
  • Вонкава выглядае, што саступкі амэрыканскага боку большыя.

Вынікі чарговага візыту Джона Коўла ў Менск выклікалі расчараваньне дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Чакалася больш маштабнае вызваленьне палітвязьняў, а на волю пакуль выйшлі толькі 25 чалавек. Адбыўся збой тэндэнцыі, паводле якой з кожным візытам Коўла Менск вызваляў усё больш вязьняў.

Перамоўны працэс аднавіўся пасьля паўзы

Беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс на паўгоду быў пастаўлены на паўзу. Здавалася, бакі ўпёрліся ў нейкую столь. Папярэдняя праграма палітычнага «бартэру» (вызваленьне палітвязьняў у абмен на скасаваньне санкцый), пералік рашэньняў самых простых праблем, падаецца, вычарпаныя. І Менск, і Вашынгтон выглядалі крыху расчараванымі ў партнэрах па перамовах, бо ў абодвух бакоў былі большыя чаканьні.

Да таго ж пэўны час цікавасьць ЗША да рэгіёну Усходняй Эўропы, як і да тэмы расейска-ўкраінскай вайны, трохі зьнізілася. Увага Вашынгтону была засяроджаная на Блізкім Усходзе.

Аднак, здаецца, перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам вяртаецца, паўза закончылася. 15 верасьня спэцпасланьнік Трампа Джон Коўл наведаў беларускую сталіцу. Інтэнцыя да дыялёгу з абодвух бакоў аказалася моцнай.

Улады Беларусі імкнуцца пашырыць прастору для геапалітычнага балянсаваньня, бо паводзіны галоўнага саюзьніка — Расеі — становяцца ўсё больш непрадказальнымі. Запасныя кропкі апоры патрэбныя Менску, як ніколі.

Зь іншага боку, вяртаньне ЗША да міратворчых высілкаў у расейска-ўкраінскай вайне стымулюе беларуска-амэрыканскі дыялёг, павялічвае цікавасьць Вашынгтону да Беларусі.

Перамовы ў Менску сьведчаць пра тое, што абодва бакі шукаюць новы парадак дня дыялёгу. Пакуль можна рабіць папярэднія высновы. Бакі дасягнулі «прамежкавага пагадненьня». Вынікі атрымаліся даволі сьціплыя. Ва ўсялякім разе для амэрыканскага боку.

Праблема вызваленьня палітвязьняў

У публічных камэнтарах, рэпліках, якія рабіў Коўл апошнія паўгоду, асноўная думка зводзілася да хуткага вызваленьня палітвязьняў. Таксама і сам прэзыдэнт Дональд Трамп, калі ўзгадваў беларускую тэму, то ўвесь час казаў пра палітзьняволеных. Гэта стала галоўным пытаньнем перамоўнага працэсу з боку Вашынгтону. Згаданая тэма важная для ЗША, бо дазваляе яму дэманстраваць посьпех на гуманітарным трэку.

Такое факусаваньне на тэме палітвязьняў было непрыемным для ўладаў Беларусі. Таму Аляксандар Лукашэнка паспрабаваў выправіць такі ўхіл. Хоць бы для сваёй аўдыторыі. Падчас публічнай часткі перамоваў з Коўлам ён даволі рэзка зьвярнуўся да Коўла: у нас няма ніякіх палітзьняволеных.

Коўл выказваў надзею на вызваленьне ўсіх палітвязьняў да канца году. Гэта спарадзіла завышаныя чаканьні. Журналісты пыталіся ў экспэртаў: ці будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя падчас цяперашняга візыту Коўла ў Менск?

У сакавіку прыезду спэцпрадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта спадарожнічала вызваленьне 250 вязьняў. У беларускай дэмакратычнай супольнасьці дамінавала меркаваньне, што падчас верасьнёўскага візыту Коўла зь вязьніцы выйдзе ніяк ня менш, а мо і больш чалавек.

Насамрэч на волю выйшла 25 вязьняў. У дзесяць разоў менш, чым мінулым разам. Нагадаю, усяго за кратамі ў Беларусі па стане на верасень, паводле інфармацыі праваабаронцаў, налічваецца 912 палітзьняволеных.

Усіх вызваленых выштурхоўваюць зь Беларусі. Хоць мінулым разам з 250 вязьняў, якія выйшлі на волю, толькі 15 дэпартавалі з краіны, 235 засталіся на радзіме. То была саступка зь беларускага боку. А цяпер вывезьлі ўсіх, прычым, чацьвёра — без пашпартоў. Адбыўся збой тэндэнцыі, паводле якой з кожным візытам Коўла Менск вызваляў усё больш палітвязьняў.

Коўл назваў вызваленьне 25 чалавек «жэстам добрай волі» з боку рэжыму Лукашэнкі і адзначыў, што «Беларусь і ЗША на перамовах дасягнулі вялікага прагрэсу».

Крокі насустрач з боку ЗША

Якія крокі насустрач Менску гатовыя зрабіць ЗША ў адказ на такі «жэстам добрай волі»? Даволі значныя. Па-першае, Коўл фактычна паабяцаў вярнуць $43-44 млн, якія «затрымаліся» у амэрыканскім Citibank. Па-другое, Злучаныя Штаты здымуць санкцыі з дзьвюх беларускіх кампаній — «Лакафарба» і «Беллеспаперапрам». Гэты жэст больш сымбалічны, бо вялікага эканамічнага эфэкту для беларускіх дзяржпрадпрыемстваў ня будзе, на амэрыканскі рынак яны прадаюць мала.

Што тычыцца тэмы калію. Лукашэнка паведаміў, што адно судна для ЗША ўжо загружанае беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі. Пакуль незразумела, каму больш патрэбная і выгодная гэтая ўгода.

Вонкава выглядае, што такі разьмен не раўнаважны і саступкі амэрыканскага боку большыя. Хоць бы ў параўнаньні з колькасьцю палітвязьняў, вызваленых раней.

Відавочна, што ў пытаньні палітвязьняў Лукашэнка заняў жорсткую пазыцыю. Бо разумее, што гэта дарагі «тавар», за які ён хацеў бы атрымаць больш значныя саступкі. Пытаньне пра лібэралізацыю рэжыму, спыненьне рэпрэсій, гледзячы па ўсім, увогуле не стаіць у парадку дня. І амэрыканскі бок пакуль не знайшоў аргумэнтаў супраць гэтага.

Маральнай кампэнсацыяй беларускай дэмакратычнай супольнасьці сталі абяцаньні Джнона Коўла ў блізкай будучыні дасягнуць нейкай маштабнай дамовы, у рамках якой могуць быць вырашаны іншыя важныя пытаньні.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG