Як паведаміў Позірк са спасылкай на Белстат, у студзені-ліпені 2026 году рэнтабэльнасць продажаў у беларускай эканоміцы склала 6,7%. Па выніках мінулага году рэнтабэльнасьць продажаў складала 6,9%, а па выніках першага паўгодзьдзя гэтага году — 6,5%.
За ліпень крыху зьнізілася пратэрмінаваная крэдыторская і дэбіторская запазычанасьць, але яна застаецца высокай. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць за 7 месяцаў склала 12,3 млрд.рублёў. Месяц таму пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць складала 12,5 млрд. рублёў, на пачатак году — 11,4 млрд.
Працэнт пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці да агульнай сумы запазычанасьці — 11,4%.
Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць за 7 месяцаў склала 13,6 млрд. рублёў, месяц таму яна складала 13,5 млрд. рублёў, а напачатку году — 12,3 млрд.
Працэнт пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасьці да агульнай сумы крэдыторскай запазычанасьці — 10,7%.
Чаму гэта важна
Рэнтабэльнасць продажаў ніжэй за 7% паказвае на скрайне нізкую эфэктыўнасць эканамічнай дзейнасьці і сыгналізуе пра праблемы ў эканоміцы, яе слабую ўстойлівасьць, мінімальныя даходы прадпрыемстваў, немагчымасьць інвэставаньня.
Працэнт пратэрмінаванай запазычанасьці больш за 10% азначае высокую рызыку крызісу неплацяжоў, неплацежаздольнасьць многіх кліентаў, рызыку зьніжэння даходаў насельніцтва і банкруцтваў.
Прырост пратэрмінаванай запазычанасьці паказвае на тое, што ў эканоміцы ўтварылася «ланцуговая рэакцыя» — суб’екты гаспадараньня ня плацяць адзін аднаму, у выніку разьвіваецца «крызіс неплацяжоў». Зьніжэньне рэнтабэльнасьці продажаў сьведчыць пра спад чыстых прыбыткаў, эфэктыўнасьці бізнэсу і ў выніку — зьніжэньне фінансавай устойлівасьці прадпрыемстваў.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.