3-га верасьня Лукашэнка прыняў з дакладам міністра адукацыі Андрэя Іванца і застаўся незадаволеным фізычнай падрыхтоўкай вучняў, рамонтам школ і харчаваньнем.
«Школа пакуль у фізычным пляне недапрацоўвае. Пра гэта мне кажуць і вайскоўцы: кантынгент (тыя, хто прыходзіць у войска) хоць і палепшыўся, але ненашмат. Трэба нам неяк нашу моладзь, асабліва дзяцей школьнага ўзросту, добра страсянуць і ў фізычным пляне», — сказаў ён міністру адукацыі.
Бацькі ж вучняў, а таксама незалежныя экспэрты называюць зусім іншыя школьныя праблемы.
Перапоўненасьць клясаў, студэнты замест настаўнікаў, надзея на рэпэтытараў у будучыні
Ганна — маці сяміклясьніцы Паліны (імёны зьмененыя па просьбе суразмоўцы). Яе дачка вучыцца ў звычайнай школе, што па суседзтву з домам. Жанчына пералічылі свае прэтэнзіі да школы.
Першая — вялікая колькасьць дзяцей у клясах. Сёлета ў клясе дачкі 32 вучні. Каб умясьціць парты, з памяшканьня прыбралі шафу і вітрыны з кнігамі.
«Я лічу, 32 — гэта зашмат. У суседкі дзіця пайшло ў першую клясу— дык там 38 вучняў! Не ўяўляю, як на ўроку настаўніца зможа працаваць з такой колькасьцю дзетак, нават па адной хвіліне ўдзяліць кожнаму. Дык мы жывем ня ў самым густазаселеным мікрараёне Менску, чытала, які жах робіцца ў „Менск-Міры“, вайсковым гарадку — па 40 дзяцей у клясе», — кажа Ганна.
Падобныя праблемы зь вялікай колькасьцю вучняў у клясе пералічваюць многія бацькі — карыстальнікі сацыяльных сетак.
Другая занепакоенасьць маці — не хапае настаўнікаў, «цякучка»: цягам навучальнага году пэдагогі часта мяняюцца.
«Летась настаўнікаў фізыкі было 3, двое — студэнты. Сёлета ангельскую мову выкладае студэнтка. Новая клясная кіраўніца — маладая спэцыялістка, былая клясная звольнілася. Але я стараюся гэтым не пераймацца, даўно зразумела, што ў старэйшых клясах без рэпэтытараў не абыдземся. Сёлета вырашылі пачаць з ангельскай мовы, шукаю рэпэтытара з кастрычніка. З восьмай клясы пачнем займацца і па іншых прадметах. Зараз з татам будзем зарабляць грошы на рэпэтытараў», — расказвае суразмоўца.
Ганна бачыла, што ў сацсетках многія бацькі абураліся таксама падранымі і размаляванымі падручнікамі, якія атрымалі школьнікі.
Кажа, што яе дачцэ больш-менш пашанцавала, некалькі новых падручнікаў, астатнія ў нармальным стане, толькі «Геамэтрыя» выпуску 2022 года размаляваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Экзатычная беларуская мова. Гутарка з аўтаркай падручніка беларускай мовы для палякаў«На лінейку прышлі «людзі ў форме»
Хвалюе маці 7-клясьніцы вялікая колькасьць пазаклясных мерапрыемстваў з ідэалягічным ухілам.
«У мяне складаецца ўражаньне, што галоўнае ў школе зараз не вучоба. Летась пастаянна былі нейкія смотры «шыхту і песьні», «Зарніцы», спаборніцтвы, конкурсы, пазаклясныя гадзіны, гутаркі: то пракурор прыйдзе ў клясу, то міліцыянт. Сёлета 1 верасьня пачалося з уроку патрыятызму, на лінейку прышлі «людзі ў форме». Навошта гэта ў такіх аб’ёмах, не разумею. Дачка кажа, што ўсё гэта яе «задрала», — кажа жанчына.
Дачцэ страшэнна не падабаецца навязаны ўсім школьнікам «дзелавы стыль», хоць яна пастаянна нейкім дэталямі і аксэсуарамі стараецца аздобіць яго.
«Прадчуваю, што зноў мяне будуць запрашаць у школу на размовы і „выносіць мозг“ на бацькоўскіх сходах за зьнешні выгляд дачкі. За манікюр і доўгія пазногці, за пафарбаваныя „космы“, за блюзку „не ў дзелавым стылі“. Я нібыта і тлумачу, і стараюся разам зь ёй набываць рэчы, але яна ўмудраецца самыя звычайныя і сьціплыя блюзкі, спадніцы мадэрнізаваць на свой густ», — уздыхае маці 7-клясьніцы.
Харчаваньне ў школе маці дзяўчыны-падлетка мала хвалюе.
«Усё адно дзеці маюць кішэнныя грошы і будуць перакусваць тым, што падабаецца. Не прымусіш іх харчавацца ў школьнай сталоўцы. І „ссабойкі“ і яблыкі на перакус яны ўжо не бяруць. Я лічу, што не на тых праблемах засяроджваюцца», — кажа Ганна.
І жадае сябе і дачцэ вытрымкі і сіл, каб перажыць гэты складаны падлеткавы ўзрост.
«Перапоўненасьць клясаў — гэта праблема ня школы, а архітэктараў і горадабудаўнікоў»
Прафэсар, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павал Церашковіч мяркуе, што вялікая колькасьці вучняў у клясе ня самая вялікая праблема. Да таго ж — гэта праблема горадабудаўнікоў, а не адукацыі.
Калі будуюцца вялікія жыльлёвыя мікрараёны, такая карціна назіраецца пастаянна. У школе ў «Менск — Міры», напрыклад, ёсьць нават першая кляса «З», тое самае было некалі ў Каменнай Горцы, кажа ён.
Павал Церашковіч
«Перапоўненасьць клясаў — гэта праблема ня школы, а архітэктараў і горадабудаўнікоў (у Менску зараз самая вялікая шчыльнасьць забудовы). Але зь цягам часу гэта праблема вырашаецца. Пазьней праблемы будуць іншыя — каго павесьці ў першую клясу», — кажа Павал Церашковіч.
І прыводзіць лічбы: за 5 гадоў колькасьць дзяцей у садках скарацілася на 84,5 тысячы (на 21%). У першую клясу сёлета пайшлі 87,5 тысяч дзяцей — на 30 тысяч (альбо на 26%) менш.
За той самы пэрыяд сыстэма адукацыі недалічылася 13 тысяч настаўнікаў. І гэта ў многім, на думку спадара Церашковіча, наступствы 2020 году, пасьля якога не працягваюць кантракты зь «неляяльнымі» пэдагогамі. А школы яшчэ трымаюцца за кошт пэдагогаў пэнсійнага ўзросту, якіх у некаторых установах траціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці можна з дапамогай YouTube перамагчы афіцыйную ідэалёгію. Размова з аўтарам «Вусоў Скарыны» Цімафеем АкудовічамЗа ідэалёгіяй у школах цяпер сочыць пракуратура
Калі браць сыстэмныя праблемы, то ўласна адукацыя ў школах становіцца не галоўнай. Галоўная задача — гэта ідэалягічнае выхаваньне, перакананы Павал Церашковіч.
Гэта называецца «індактрынацыяй», альбо выхаваньнем паслухмянасьці да ўлады, кажа ён.
(РС: Індактрынацыя — гэта сыстэматычнае, мэтанакіраванае і некрытычнае ўкараненьне пэўных ідэй, перакананьняў, дактрын, каштоўнасьцяў у сьвядомасьць людзей. У адрозьненьне ад клясычнай адукацыі, якая разьвівае крытычнае мысьленьне і прапануе розныя пункты гледжаньня, індактрынацыя патрабуе ад чалавека сьляпой веры і поўнага прыняцьця толькі аднаго правільнага сьветапогляду).
«За ідэалёгіяй пільна сочаць. І адна нядаўніх навінаў — сочыць пракуратура, як школы выконваюць ідэалягічную праграму. Усё суправаджаецца культам асобы „лайт“ — гэта яшчэ ня сталінскі культ асобы, не такі, як да сям’і Кімаў у Паўночнай Карэі, але гэта прысутнічае. Узроставы парог „прамываньня мазгоў“ панізіўся да дзіцячых садкоў. У садкі прыходзяць дзядзькі з пісталетамі, гарматамі, даюць іх патрымаць — і хлопчыкі проста „балдзеюць“. Чым яны становяцца старэйшымі, тым больш ім прамываюць мазгі», — разважае Павал Церашковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У БДУ заявілі, што ствараюць элітную вышэйшую школу прыродазнаўчых навук, якую ініцыяваў Лукашэнка«Іншага патрыятызму, акрамя як у галіфэ і колерах хакі, не ўяўляюць»
Другая праблема — мілітарызацыя. З аднаго боку, гэта аднаўленьне пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў школах (што было ў Савецкім Саюзе, але не ў такім маштабе), працягвае экспэрт у галіне адукацыі.
«Я ня ведаю, які вар’ят складаў праграму вайсковай падрыхтоўкі для хлопцаў, дзе напісана, што па заканчэньні школы яны павінны ўмець дзейнічаць у вайсковым баі ў складзе мотапэхотнага ўзводу. А яны непаўналетнія. Які бой маецца на ўвазе? Вайсковыя зборы сёлета праводзіліся ўпершыню і, здаецца, усё ж ня ўсіх загналі. Але гэта толькі пачатак. Што мяне асабліва зачапіла, што зборы праходзілі ня толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Чаго іх пацягнулі ў вайсковыя часткі?», — кажа экспэрт у галіне адукацыі.
Спадар Церашковіч таксама ўзгадаў, што ў савецкі час у школах была ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» для вучняў 7 — 9 клясаў. А цяпер складзена цэлая сыстэма.
«Раней падлеткі гулялі, а зараз — ад першай клясы і да апошняга курсу ўнівэрсытэту: „Зарнічка“, „Зарніца“, „Арляняты“, „Прарыў“ — гэтыя „гульнішчы“ ахопліваюць усе клясы і студэнтаў. Сёлета праводзілі спаборніцтвы „Рэспубліканскі школьны агляд вайсковага шыхту і песьні“ — па кожнай вобласьці, фінал у Менску. Стварылі некалькі сотняй вайсковых клюбаў. Адзін з самых вядомых клюбаў пры менскім АМАПу. Ідэалягічная індактрынацыя цесна зьвязана зь мілітарызацыяй. У Беларусі не патрыятычнае выхаваньне, а абавязкова ваенна-патрыятычнае. Іншага патрыятызму, акрамя як у галіфэ і колерах хакі, цяпер не ўяўляюць», — робіць выснову Павал Церашковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім». Вялікая гутарка з рэктарамВынікі «праверкі якасьці ведаў» так і не апублікавалі
Што тычыцца якасьці школьнай адукацыі, яе няма з чым параўноўваць. Толькі адзін раз у 2018 годзе Беларусь удзельнічала у Міжнароднай праграме ацэнкі адукацыйных дасягненьняў навучэнцаў (Programme for International Student Assessment, PISA)
Гэта тэставаньні школьнікаў на ўзроўні 8 — 9 клясаў па міжнародных стандартах. Тады Беларусь была ў сярэдзіне рэйтынгу, заняла 36–38 месца з 79. Узначалілі рэйтынг школьнікі з Кітаю, Сынгапуру, Макао. З эўрапейскіх краінаў найлепшыя паказьнікі ў школьнікаў Эстоніі, Фінляндыі, Ірляндыі, Польшчы.
«У міжнароднай праграме PISA беларусы паўдзельнічалі адзін раз і вырашылі больш не ўдзельнічаць. Правялі ўжо два разы „Рэспубліканскую праверку якасьці ведаў“, яна не татальная, а выбарачная. Але вынікаў так і не было, нічога не апублікавана. І нават калі б і былі — то з чым іх параўноўваць?» — разважае экспэрт.
Што да скарачэньня колькасьці школ і вучняў, на думку спадара Церашковіча, пакуль нельга сказаць, што колькасьць вучняў катастрафічна скарацілася. Але ў бліжэйшыя гады, калі ўлічыць «абвал» у дзіцячых садках" — гэта хваля дойдзе і да школ.
«Нягледзячы ні на што, у школах яшчэ пэўная база застаецца, школа яшчэ больш-менш працуе пры ўсіх гэтых хібах. А вось вышэйшая адукацыя коціцца пад адхон, бо там ёсьць замеры. Зараз у ВНУ толькі 40% выкладчыкаў са ступенямі (у 2020 годзе было 48%). 2800 выкладчыкаў „зьніклі“ з ВНУ. Гэта катастрофа», — кажа Павал Церашковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Школа асаблівага рэжыму. Спыталі ў настаўніцы, псыхоляга і маці вучня, што яны думаюць пра надгляд дзяцейЦі выжыве ў Беларусі «інстытут рэпэтытарства?»
Міністар адукацыі Андрэй Іванец не адзін раз вельмі нэгатыўна выказваўся пра рэпэтытарства. У нядаўнім інтэрвію выданьню «Оnliner» катэгарычна заявіў: «Я іх арганічна не ўспрымаю, ад слова «зусім».
Пры гэтым, выпускнікі школ, якія набралі на цэнтралізаваным тэставаньні максымальныя балы, прызнаюцца, што «хадзілі да рэпэтытараў па 5 разоў на тыдзень».
«Па ўсіх заявах міністра Іванца вынікае, што калі б яму далі волю, ён „зьнішчыў“ бы рэпэтытараў да канца. Рыхтавалі новы рэестар (які ня толькі тычыцца рэпэтытараў па школьных прадметах, але ўсіх, хто займаецца зь дзецьмі танцамі, музыкай, выяўленчым мастацтвам). Калі яго складалі, чыноўнікі адкрыта казалі, што той, хто мае статус экстрэміста, неляяльны да ўлады — у гэты рэестар ніколі ня трапіць. Такая забарона на прафэсію. Гэты законапраект выставілі на абмеркаваньне, была хваля абураных лістоў. Вырашылі пакуль гэтага не рабіць, прапанавалі электронную плятформу „Вітрына рэпэтытара“, якая павінна запрацаваць з 1 верасьня», — расказвае Церашковіч.
Гэтая электронная вітрына, па словах уладаў — добраахвотная, рэпэтытар можа пакінуць там свае зьвесткі, калі захоча. Аднак, калі будзе пакідаць, мусіць пазначыць, ці мае ён судзімасьць.
Павал Церашковіч таксама занепакоены тым, што ў Беларусі цалкам зьнішчаная сыстэма прыватных школ і садкоў, хоць міністар адукацыі Андрэй Іванец і сьцьвярджае, што яна захавалася.
Павал Церашковіч прыводзіць такія лічбы:
«Гэта ажно 0,21% ад усіх школ і 0,05% — ад усіх садкоў. За 5 гадоў колькасьць такіх школ скарацілася ў 3,5 разы, садкоў — у 7 разоў. Але адзіная надзея на тое, што Беларусь — рэспубліка—партызанка, партызанскія і падпольныя формы навучаньня выратуюць дзетак», — спадзяецца Павал Церашковіч.