Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першаклясьнікаў у Беларусі за тры гады паменела на 23 тысячы

У менскай школе. Архіўнае фота
У менскай школе. Архіўнае фота

1 верасьня ў школах Беларусі пачаўся новы навучальны год.

У 2026–2027 навучальным годзе ў Беларусі будзе працаваць каля 2,6 тысячы школаў, гімназіяў і ліцэяў, дзе будуць вучыцца 1 мільён 25 тысяч дзяцей.

Год таму ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі займаліся каля 1 мільёна 50 тысяч чалавек, у 2024 годзе — 1 070 000, у 2023-м — каля 1 090 000 чалавек. Такім чынам, за апошнія тры гады колькасьць школьнікаў скарацілася прыкладна на 65 тысяч, падлічыў «Позірк».

Стала менш першаклясьнікаў. У 2026 годзе ў першую клясу пайшлі каля 87 тысяч дзяцей, а ў 2021-м такіх было каля 118 тысяч, у 2023-м — 110 тысяч. Такім чынам за тры гады колькасьць дзяцей, якія ўпершыню ідуць у школу, зьменшылася на 23 тысячы, а за пяць гадоў — на 31 тысячу. Прыкладна столькі людзей жывуць, прыкладам, у горадзе Асіповічы Магілёўскай вобласьці.

Новы падручнік гісторыі

Ува ўсіх установах адукацыі 1 верасьня праходзіць урачыстая імпрэза, прысьвечаная Дню ведаў, і адзіны тэматычны ўрок «Веды сёньня — сіла і росквіт Беларусі заўтра».

Школа Беларусі па-ранейшаму будзе працаваць у варунках ідэалягізацыі і мілітарызацыі. Як раней паведамляў «Позірк», у сыстэму сярэдняй адукацыі залучаныя каля 2 тысяч «кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхаваньня».

Дзеці ў 10 і 11 клясах працягнуць вывучаць «Гісторыю Беларусі ў кантэксьце сусьветнай гісторыі», якая з 2024 году замяніла прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Сусьветная гісторыя».

У апублікаваным восеньню 2025 году дасьледаваньні міжнароднай ініцыятывы экспэртаў iSANS гаворыцца, што падручнік гэтага прадмету «самы ідэалягізаваны і прарасейскі ў гісторыі сучаснай Беларусі».

Напрыклад, дзецям практычна не даюць інфармацыі пра абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе ды іншыя факты аб нацыянальна-вызвольнай барацьбе, бел-чырвона-белы сьцяг падаюць як сымбаль калябарацыянізму ў час Другой усясьветнай вайны. Праводзяць паралелі паміж пратэстоўцамі 2020 году і калябарантамі.

Навучаньне па-беларуску

Навучаньне ў школах па-ранейшаму будзе весьціся пераважна на расейскай мове.

У беларускамоўных школах у 2025 годзе вучыліся каля 10 працэнтаў дзяцей (крыху больш за 100 тысяч).

У Беларусі пачынаюць выбарачна правяраць рэчы школьнікаў

З новага навучальнага году ў школах ахоўнікі атрымаюць права рабіць дагляд рэчаў вучняў без законных прадстаўнікоў дзіцяці — дастаткова будзе прысутнасьці пэдагога.

Выбіраць, каго з школьнікаў весьці на надгляд, будуць ахоўнікі, абапіраючыся на свой досьвед. Будуць зьвяртаць увагу на «асаблівасьці паводзінаў» непаўналетніх. Правяраць будуць таксама наведнікаў школ, а таксама бацькоў.

У якасьці прычын для ўвядзеньня такіх праверак у міліцыі называюць трагічныя выпадкі ў Расеі, калі школьнікі, «якія зазналі булінг або кіраваліся помстай зь нейкіх іншых прычынаў», учынялі напады з халоднай і агнястрэльнай зброяй, а таксама з арбалетам.

З 1 верасьня іншыя навацыі прыйдуць у школы.

Мяняюцца правілы харчаваньня. Зараз будзе адзіны фармат аднаразовага харчаваньня: для першай зьмены гэта другі сьняданак, для другой — падвячорак. У абодвух выпадках яда для школьнікаў будзе складацца з салаты, гарачай стравы і напою. Цэны вызначаюць на мясцовым узроўні. У Менску, як стала вядома onliner.by, харчаваньне залежна ад узросту школьніка абыдзецца ад 2,41 рубля для першаклясьніка да 2,85 рубля для вучня 11-й клясы. Абед у групе падоўжанага дня будзе каштаваць 3 рублі 45 капеек.

Зьмены закрануць школьныя праграмы. Для 10-х клясаў у межах прадмету «Дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка» ўводзяць разьдзел «Тактычная мэдыцына», а ў другім паўгодзьдзі хлопчыкі асвояць асновы кіраваньня дронамі.

Больш за 300 школаў пачнуць працаваць у аўтаматызаванай сыстэме «Электронная школа», закліканай падвысіць якасьць кіраваньня адукацыйнымі ўстановамі. У пілётных школах увядуць электронныя журналы і дзёньнікі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG