Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі з новага навучальнага году палявыя зборы стануць абавязковымі і для навучэнцаў каледжаў

Вучэбна-палявыя зборы для вучняў 10-х клясаў на базе вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 у Лагойску. Лета 2026 году
Вучэбна-палявыя зборы для вучняў 10-х клясаў на базе вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 у Лагойску. Лета 2026 году

Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец заявіў, што з новага навучальнага году навучальна-палявыя зборы, уведзеныя раней для дзесяціклясьнікаў, стануць абавязковымі і для навучэнцаў каледжаў.

«У новым навучальным годзе навучальна-палявыя зборы ў пяцідзённым фармаце пройдуць і для навучэнцаў каледжаў», — працытавала Андрэя Іванца дзяржаўнае агенцтва «Минск—Новости».

Паводле яго, у 2027–2028 навучальным годзе для навучэнцаў каледжаў такія зборы падоўжаць з 5 да 10 дзён, як ужо зрабілі для дзесяціклясьнікаў.

Міністар адукацыі заявіў гэта ў сваім выступе на форуме пэдагагічных работнікаў «Менск адукацыйны: тэрыторыя канкрэтных справаў».

Іванец адзначыў, што сёлета навучальна-палявыя зборы прайшлі прыблізна 15% сталічных дзесяціклясьнікаў. Аднак ён не ўдакладніў, зь якіх прычын у зборах ня ўдзельнічалі іншыя дзесяціклясьнікі, бо ўдзел абавязковы, а тых, хто не прайшоў зборы, могуць не перавесьці ў выпускную клясу.

«Ставім задачу ў новым навучальным годзе: усе навучальна-палявыя зборы для юнакоў 10-х клясаў павінны адбыцца на базе вайсковых частак або цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі. І гэта наша супольная работа зь сілавым блёкам, якая забясьпечыць сапраўды якасную і цікавую працу з школьнікамі», — дадаў Іванец.

Што папярэднічала

Сёлета ў Беларусі ўпершыню прайшлі 10-содневыя навучальна-палявыя зборы для вучняў 10 клясаў. Яны адбываліся ў апошні тыдзень траўня і першы тыдзень чэрвеня ўва ўсіх рэгіёнах краіны. Вучні мусілі знаходзіцца ў лягерах дзень і ноч цягам усяго пэрыяду збораў. Аднак у выпадках, калі гэта было немагчыма, зборы праводзілі на базе школаў ці гімназіяў.

У Міністэрстве адукацыі Беларусі адзначалі, што зборы абавязковыя і школьнікі ня могуць адмовіцца ад іх праходжаньня. Зборы ёсьць часткай адукацыйнага працэсу, які прадугледжанае трэнаваньне практычных навыкаў у прадмеце «Дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка».

Вучні маглі атрымаць вызваленьне ад збораў толькі паводле мэдычных паказаньняў. Іх вызначылі асобнай пастановай Міністэрства аховы здароўя яшчэ ў 2022 годзе.

Дзяўчаты таксама абавязаныя прайсьці зборы. Для іх практычныя заняткі праводзілі ў мэдычных установах, рэгіянальных аддзелах Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа або Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Чаму гэта важна

Навучальна-палявыя зборы для школьнікаў сталі часткай агульнае тэндэнцыі мілітарызацыі ўнутранай палітыкі пасьля пачатку падтрыманай кіраўніцтвам Беларусі поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе.

Мілітарызацыя стала адным з інструмэнтаў так званага патрыятычнага выхаваньня моладзі, заснаванага на тэме памяці пра «Вялікую айчынную вайну», як улады Беларусі называюць Другую ўсясьветную вайну.

З 2021 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пачало актыўна ствараць «патрыятычныя клюбы» пры школах. Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер на тэрыторыі краіны створаныя і дзейнічаюць прыблізна 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, якія аб’ядноўваюць больш за 5,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат школьнага ўзросту.

Сёлета вайскова-патрыятычнай прапагандай пачалі ахопліваць нават выхаванцаў дзіцячых садкоў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG