Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковае выхаваньне беларускіх школьнікаў на летніх канікулах ня спыніцца. Яго працягнуць у лягерах

Навучальна-палявыя зборы для школьнікаў на базе вайсковай часткі № 31802 у Менску. Архіўнае фота
Навучальна-палявыя зборы для школьнікаў на базе вайсковай часткі № 31802 у Менску. Архіўнае фота

У Беларусі на летніх вакацыях будуць дзейнічаць 138 вайскова-патрыятычных лягераў.

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ, гэтыя лягеры могуць прыняць больш за 13 тысяч школьнікаў.

«Гэта амаль 200 зьменаў. Для дзяцей падрыхтавалі насычаную праграму: спартакіяды, камандныя гульні, экскурсіі і віктарыны. Казармы і намётавыя лягеры на тэрыторыі вайсковых частак — вайсковая атмасфэра, максымальна набліжаная да рэальнай», — адзначаецца ў публікацыі дзяржаўнага тэлеканалу.

Чаму гэта важна

Пасьля пачатку ў 2022 годзе падтрыманай кіраўніцтвам Беларусі поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны ў адукацыйных установах пачалі шырока практыкаваць вайсковую падрыхтоўку школьнікаў і моладзі.

Мілітарызацыя стала адным з інструмэнтаў так званага патрыятычнага выхаваньня моладзі, заснаванага на тэме памяці пра «Вялікую айчынную вайну», як улады Беларусі называюць Другую ўсясьветную вайну.

З 2021 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пачало актыўна ствараць пры школах «патрыятычныя клюбы». Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер у Беларусі ўжо створаныя і дзейнічаюць прыблізна 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, якія аб’ядноўваюць больш за 5,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат школьнага ўзросту.

Сёлета вайскова-патрыятычнай прапагандай пачалі ахопліваць нават выхаванцаў дзіцячых садкоў.

Абавязковымі ў Беларусі сталі навучальна-палявыя зборы. Школьнікі ня могуць адмовіцца ад іх, бо зборы — частка адукацыйнага працэсу. Без адзнакі, атрыманай у выніку навучальна-палявых збораў, вучняў не атэстуюць у прадмеце «дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка» за навучальны год. А тых, хто адмовіўся ад удзелу ў зборах, могуць не перавесьці ў наступную, выпускную клясу.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG