Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь верасьня школьнікі будуць вывучаць дроны

Падчас палявых збораў для менскіх дзесяціклясьнікаў у вайсковай частцы ўнутраных войскаў № 3310, Менскі раён, чэрвень 2026
Падчас палявых збораў для менскіх дзесяціклясьнікаў у вайсковай частцы ўнутраных войскаў № 3310, Менскі раён, чэрвень 2026

Бесьпілётнікі і тактычная мэдыцына ўвайшлі ў новую праграму для дзесяціклясьнікаў. Вывучаць іх будуць на ўроках «дапрызыўной і мэдычнай падрыхтоўкі».

Пра гэта заявіў намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай, перадае БелТА.

«Мы ўзмацнілі практычны складнік. Для дзесяціклясьнікаў-юнакоў у праграму ўключаны 10-гадзінны курс па вывучэньні і навыках кіраваньня бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі.

У дзяўчат істотна пашыраны практычны блёк па мэдычнай падрыхтоўцы — укаранёныя элемэнты тактычнай мэдыцыны.

Мы зьмянілі балянс у бок практычных заняткаў і павялічылі іхны аб’ём. Мы адышлі ад чыстай тэорыі да канкрэтных навыкаў, неабходных у рэальных умовах», — сказаў намесьнік міністра.

Ён высока ацаніў досьвед правядзеньня 10-дзённых палявых збораў для дзесяціклясьнікаў. І асабліва адзначыў супрацу зь менскай вайсковай часткай 5448, дзе месьціцца міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў.

«Сваю задачу мы бачым у тым, каб максымальна пашырыць гэты досьвед на ўсю Беларусь», — заявіў намесьнік міністра.

Чаму гэта важна

Пасьля 2020 году ў Беларусі інтэнсыфікуецца працэс мілітарызацыі адукацыі. Сёлета сталі абавязковымі 10-дзённыя навучальна-палявыя зборы для вучняў 10-х клясаў.

У дзіцячых садках адкрываюць групы «вайскова-патрыятычнай» накіраванасьці, а ў школах і каледжах — «вайскова-патрыятычныя» клюбы.

Аналітык Валер Карбалевіч бачыць у гэтым спробу дзяржавы выхаваць паслухмяных грамадзян.

«У недэмакратычнай дзяржаве ваенізаваныя структуры — гэта такія інстытуцыі, дзе людзей прывучаюць да падпарадкаваньня, дзе ёсьць жорсткая герархія, дзе трэба вельмі хутка і дакладна выконваць любыя загады, не задумваючыся пра іх сэнс. Пасьля такой школы паслухмянасьці чалавек будзе схільны баяцца начальніка, які заўсёды мае рацыю, слухацца любой улады.

Ідэальны варыянт любой дыктатуры — гэта калі ўся краіна нагадвае адну вялікую казарму, дзе ўсе ходзяць шыхтом, усе падпарадкоўваюцца, ніхто не задае непатрэбных пытаньняў», — піша Валер Карбалевіч.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG