Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школа асаблівага рэжыму. Спыталі ў настаўніцы, псыхоляга і маці вучня, што яны думаюць пра надгляд дзяцей

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 1 верасьня ў школах Беларусі ўводзяць дадатковыя захады бясьпекі. Цяпер на ўваходзе ў школу сілавікі будуць выбарачна надглядаць асабістыя рэчы вучняў і ўсіх іншых наведнікаў.

Ад 1 верасьня ва ўстановах адукацыі Беларусі пачне дзейнічаць абноўлены прапускны рэжым. Галоўная зьмена — права супрацоўнікаў аховы надглядаць ручную паклажу ў школьнікаў, каб не дапусьціць пранос небясьпечных і забароненых прадметаў.

Пра гэта ў этэры «Радио-Минск» расказаў першы намесьнік начальніка Маскоўскага раённага аддзелу Дэпартамэнту аховы МУС Аляксандар Сях.

Ён спаслаўся на пастанову Савету Міністраў № 307 ад 19 чэрвеня 2026 году «Аб ажыцьцяўленьні ахоўнай дзейнасьці».

Паводле Сяха, у зоне павышанай увагі будуць усе катэгорыі наведнікаў школ, уключна з самімі школьнікамі ўсіх узростаў і людзьмі зь вялікімі сумкамі. Пералік прадметаў, якія забаронена праносіць у школу, павінен быць разьмешчаны на ўваходзе ў кожную школу.

Нягледзячы на тое, што школьнікі непаўналетнія, не патрабуецца прысутнасьць бацькоў пры надглядзе рэчаў дзіцяці, на яго можна будзе запрашаць кагосьці з «пэдагагічнага складу» школы, заявіў Аляксандар Сях.

Падставай для надгляду могуць стаць, напрыклад, «асаблівасьці паводзінаў вучня». Але ў большай ступені ахова будзе абапірацца на сыгнал ад пэдагогаў.

Падстава для цкаваньня

Зараз у кожнай гарадзкой школе Беларусі пастаянна дзяжурыць прадстаўнік Дэпартамэнту аховы, у сельскіх школах — вартаўнік. Кожны наведнік школы павінен паказаць яму пашпарт і запісацца. Проста так бацькам уваход у школу забаронены, толькі з дазволу адміністрацыі.

Тацяна Крапіневіч у мінулым была намесьніцай дырэктара Ляхавіцкай гімназіі і выкладала там матэматыку, але ў сьнежні 2024 году праз даносы Вольгі Бондаравай мусіла выехаць зь Беларусі разам з дачкой-падлеткам. Цяпер Тацяна працуе ў варшаўскай школе, дзе таксама выкладае матэматыку. У размове з Свабодай яна кажа, што і ў Польшчы школа — рэжымны аб’ект з асаблівым парадкам наведваньня. Але ні пра якія надгляды рэчаў школьнікаў ня можа ісьці гаворка.

Настаўніца Тацяна Крапіневіч
Настаўніца Тацяна Крапіневіч

«Тут ёсьць правіла: не дакранацца да асабістых рэчаў дзіцяці. Нават калі на ўроку я падыходжу да вучня і хачу выправіць памылку, заўсёды пытаюся дазволу: ці магу я ўзяць твой аловак? Я ніколі не дакрануся да ягоных рэчаў без дазволу. Гэта ягоныя асабістыя рэчы, ягоныя межы», — кажа Тацяна.

На думку настаўніцы, надгляд рэчаў дзіцяці ў школе — гэта парушэньне правоў чалавека.

«Гэта можа спарадзіць адмоўныя камунікацыі паміж настаўнікамі, навучэнцамі, бацькамі: чаму маё дзіця надглядаюць? Гэта можа быць падставай для цкаваньня з боку дзяцей: «Цябе надглядаюць!» Бацькі далучацца: «Кагосьці надглядалі, значыць, ён нядобранадзейны». Сумняюся, што ў кожнай школе будзе асобны пакой для надгляду. Я таксама ўяўляла, аналізавала, як гэта можа быць: у дзяўчынкі ў пэўны пэрыяд будуць пракладкі ў заплечніку, хтосьці з аднаклясьнікаў убачыць. Або ўсякая іншая рэч. Ну што там можа быць? Ну прыносілі дзеці і сьцізорыкі ў школу. Забярэш, аддасі пасьля ўрокаў, патлумачыш, што гэта можа быць небясьпечна. Гэта проста чарговая падстава запалохаць дзяцей. Правільна пішуць у камэнтарах: «Прывыкайце да „шмону“ пачынаючы з школы. Кожны можа залезьці да вас у торбу», — кажа пэдагог.

Тацяна Крапіневіч ужо другі год працуе ў варшаўскай школе і кажа, што там таксама ёсьць забароны, напрыклад, карыстацца мабільнікамі. Але гэтым ніхто не абураецца — ні бацькі, ні дзеці.

«Калі ў спакойным рэжыме, нармальнымі словамі тлумачыш: ёсьць такія правілы, яны разьмешчаныя на сайце школы, і калі няма перагінаў — няма і такой адмовы. Дзеці разумеюць, што правіла ёсьць правіла, і ўсе яго выконваюць. Дзеці могуць тузацца, бегаць, дурэць. Але яны разумеюць правілы: калі ў адзеньні дзелавога стылю прыйсьці ў школу, калі гімн сьпяваць... І ўсё гэта з павагай, камфортна, бязь ціску. А ў Беларусі ў школе выкарыстоўваюць толькі мэтады забароны. Не тлумачэньне, а заўсёды строгае пакараньне прыніжэньнем: накрычаць, забраць, пакараць», — наракае настаўніца.

«Гэта перабор»

Вольга (прозьвішча не называем дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) — дзіцячы і падлеткавы псыхоляг. Яна таксама лічыць, што надгляд рэчаў дзяцей у школе можа стаць падставай для цкаваньня.

«У кожнай школе ёсьць такая непрыемная зьява, як булінг (цкаваньне). І калі гэты дазволены надгляд рэчаў будзе зроблены неакуратна, калі на вачах ува ўсіх аднаклясьнікаў „вырвуць“ дзіця з чаргі ў школу і адвядуць для надгляду — гэта будзе яшчэ адна падстава, каб чапляцца, „даставаць“, цкаваць, абзываць, зьмяшчаць дзіця ў асобную групу „ізгояў“ у клясе. Прадстаўнік дэпартамэнту аховы патлумачыў, што надглядаць будуць на падставе інфармацыі ад настаўнікаў. Яшчэ адзін інструмэнт маніпуляцыі: калі хтосьці зь дзяцей хоча зрабіць іншаму праблемы — можна нагаварыць настаўніку, прыдумаць неймаверную вэрсію і стварыць праблемы для таго вучня», — мяркуе псыхоляг.

Вольга падкрэсьлівае, што ёсьць дакладныя правілы, дзе пазначана — што можна праносіць у школу, што нельга. І можна на бацькоўскім сходзе нагадаць пра гэта, каб бацькі яшчэ раз патлумачылі дзецям тыя нормы.

«Рабіць з школы „ўстанову асаблівага рэжыму“ — на маю думку, гэта перабор», — кажа суразмоўца.

Настаўніца Тацяна Крапіневіч таксама абураецца тым, што ўсю адказнасьць за надгляд рэчаў будуць ускладваць на плечы пэдагогаў.

«Чым толькі яны павінны займацца: сацсеткі кантралюй, па кватэрах хадзі, цяпер яшчэ і ў торбы залазь! А потым зьдзіўляемся, чаму прэстыж прафэсіі настаўніка ўсё пáдае і пáдае, пэдагогі бягуць з школы. Я ўяўляю, што ўсю гэтую няўдзячную працу «павесяць» на дырэктараў школаў, адміністрацыю, якім і так хапае папераў і справаздачнасьці. А тут трэба раздрукаваць загады, формы, дамовы, думаць, як гэта арганізаваць, бо калі загад ёсьць — яго трэба выканаць. Рыхтуйцеся, што літаральна з 1–2 верасьня па школах пойдуць праверкі, як гэта выконваецца. Цішком прыйдуць, паглядзяць: «Ага, не выконваецца. Ёсьць падстава пакараць адміністрацыю», — мяркуе Тацяна Крапіневіч.

«Дзіцячая ўстанова, а не казарма»

Маці дваіх дзетак Арыну (поўнага імя не падаем дзеля бясьпекі. — РС) такая навацыя — надгляд рэчаў школьнікаў — засмучае. Сёлета яе дачка пойдзе ў 4-ю клясу, сын стане першаклясьнікам. Дачка пасьля школы займаецца дадаткова ангельскай мовай, ходзіць ў мастацкую студыю і на гімнастыку.

«У дачкі заўсёды вялікі заплечнік і яшчэ торба накшталт „шопэру“. Там і спартовая форма, і фарбы, і альбомы для маляваньня, і кантэйнэр для ссабойкі, і нават цацка-талісман, нейкія дробязі і „дзявочыя штучкі“: нататнічкі з малюнкамі, „фенечкі“, бірулька — ёй усё нібыта трэба, кажа. Яна часам мне не паказвае свае „сакрэцікі“ і забараняе лезьці ў яе рэчы. Думаю, для маёй уразьлівай дзяўчынкі надгляд яе заплечніка будзе непрыемны», — гаворыць жанчына.

Акрамя анансаванага надгляду рэчаў у дзяцей, Арына абураецца тым, што, калі на ўваходах у школы зьявіліся ахоўнікі ў чорнай форме, бацькам забаранілі свабодна пераступаць школьны парог.

«Гэта наагул перабор. Школа ж дзіцячая ўстанова, а не казарма», — кажа суразмоўца.

І дадае, што вельмі перажывае, як яе сын-першаклясьнік будзе прывыкаць да новай абстаноўкі без бацькоў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG