Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Женщина, спорт, труд!» Новы міністар інфармацыі хоча арыгінальнага кантэнту ад раённых СМІ. Ацэньваем іх крэатыў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прызначаны на пасаду міністра інфармацыі 9 красавіка Дзьмітры Жук анансаваў сэмінары-практыкумы для рэгіянальных дзяржаўных СМІ, каб тыя паляпшалі кантэнт. Цяпер там на першых палосах Лукашэнка, а на трэціх — сэнсацыі з паўсядзённага жыцьця. Мы паглядзелі, што ў іх пішуць.

24 красавіка новы міністар інфармацыі Дзьмітры Жук абазначыў для дзяржаўных СМІ «курс на інавацыі». Асобна ён выказаўся пра рэгіянальную дзяржаўную прэсу. Інтэрнэт-прысутнасьць гэтых СМІ і іх уласны кантэнт міністар абяцаў узяць пад «асаблівы кантроль».

«Скарачэньне ўласнага кантэнту і вытворчасьці недапушчальнае», — сказаў ён.

А таксама паабяцаў рэгіянальным СМІ сэмінары-практыкумы, на якіх дэталёва прааналізуюць сайты і акаўнты ў сацыяльных сетках гэтых дзяржаўных мэдыя.

Прапагандысты Ігар Луцкі, Іван Эйсмант, Дзьмітры Жук (зьлева направа) на прыёме ў Лукашэнкі. Архіўнае фота
Прапагандысты Ігар Луцкі, Іван Эйсмант, Дзьмітры Жук (зьлева направа) на прыёме ў Лукашэнкі. Архіўнае фота

Свабода паглядзела, як там цяпер з «уласным кантэнтам», якое месца ён займае і колькі гатовыя плаціць журналістам гэтых СМІ.

Лукашэнка на першым месцы, сяўба збожжавых — на трэцім

Згодна з назіраньнямі Свабоды, амаль у кожным дзяржаўным рэгіянальным выданьні пабудова кантэнту выглядае наступным чынам: на першым пляне Лукашэнка і навіны пра яго, на другім — навіны пра чыноўнікаў як нацыянальнага, так і абласнога ўзроўню, і толькі потым — навіны ўласна пра раён. Напрыклад, гісторыя даяркі ці навіна пра сяўбу збожжавых. Выняткі бываюць у дні, калі навінаў ад Лукашэнкі і чыноўнікаў няма. Тады на галоўныя старонкі выводзяць рэгіянальны кантэнт.

Напрыклад, тытульная паласа салігорскай раёнкі «Шахцёр» 29 красавіка паведамляе, што ва ўрадзе разглядаюць пытаньне школьнага харчаваньня. Тут жа поруч таксама рэспубліканская навіна пра завяршэньне ў краіне сяўбы лёну і цукровых буракоў.

Далей некалькі матэрыялаў пра Салігорск, а пасьля іх — адразу тры матэрыялы пра Лукашэнку. Самы сьвежы з іх — двухдзённай даўніны.

На тытульніку пухавіцкай раёнкі галоўнай навіной 29 красавіка паставілі рэгіянальны матэрыял. А дакладней, тры розныя, якія дынамічна мяняюцца. Поруч — тры рэспубліканскія навіны і адна абласная. Вядома ж, адна з рэспубліканскіх — пра Лукашэнку.

Сьвіслацкая раёнка 29 сакавіка на тытульніку апавядае пра абмен вязьнямі паміж Беларусьсю і Польшчай — 5 на 5, які адбыўся 28 красавіка. І хоць навіна пра абмен, але ў ёй найбольш увагі надаюць Лукашэнку. Маўляў, пагадзіўся на абмен і нават вызваліў Анджэя Пачобута. Гэта перадрук з агенцтва БелТА. І большасьць падобных матэрыялаў раёнкі перадрукоўваць менавіта адтуль, то бок гэта не арыгінальны зьмест.

Далей на тым жа тытульніку зноў навіна пра Лукашэнку, гэтым разам пра яго паездку на Палесьсе два дні таму. Таксама на галоўнай яшчэ дзьве навіны — анонс кансультацыяў чыноўнікаў для сем’яў ад і папярэджаньне рыбакам аб небясьпецыі лініяў электраперадач.

І толькі недзе на трэцім месцы, да якога яшчэ трэба дагартаць, матэрыялы ўласна пра Сьвіслацкі раён: навіна пра завяршэньне сяўбы збожжавых і зернебабовых, новыя абліччы на Дошцы гонару агра-прамысловага комплексу, матэрыял з нарады ў старшыні райвыканкаму, узнагароджаньне жывёлаводаў вобласьці ў Горадні разам з прадстаўнікамі Свіслацкага раёну.

Воранаўская раёнка 29 красавіка ў галоўным матэрыяле старонкі расказвае пра паездку Лукашэнкі на Палесьсе, якая адбылася два дні таму. Гэта таксама перадрук зь БелТА.

Вось некаторыя апошнія загалоўкі раёнак пра падзеі менавіта іхнага раёну (публікуем на мове арыгіналу з перакладам):

Как Игорь Грибанов нашел свое призвание в госуправлении (Як Ігар Грыбанаў знайшоў сваё пакліканьне ў дзяржаўным кіраваньні) — «Пухавіцкія навіны»

«Женщина, спорт, труд рядом идут!» — спортивный праздник в Солигорске («Жанчына, спорт, праца побач ідуць!» — спартовае сьвята ў Салігорску) — «Шахцёр»

Кондуктор без сдачи: кто виноват и что делать? (Кандуктар бяз рэшты: хто вінаваты і што рабіць) — «Маладзечанская газета»

Яблоневая аллея заложена в Любани (Яблыневая алея закладзеная ў Любані) — «Голас Любаншчыны»

Кореличчина преображается с каждым днем (Карэліччына пераўтвараецца з кожным днём) — «Полымя»

YouTube абнаўляўся месяц таму

Глядзім, як ідзе напаўненьне сацыяльных сетак, пра якія казаў новы міністра Жук. YouTube «Пухавіцкіх навінаў» апошні раз абнаўляўся тры тыдні таму — запосьцілі відэа з канцэрту да «дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі». У яго 1 прагляд.

Месяц таму яны ж перадрукавалі зь БелТА інтэрвію з дэпутатам Ігарам Марзалюком. У яго 8 праглядаў.

У тэлеграм-акаўнце гэтай раёнкі проста перапошчваюць матэрыялы з сайту.

На YouTube-акаўнце «Голасу Любаншчыны» апошняе відэа зьявілася месяц таму — сюжэт з пачатку пасяўной. У яго 27 праглядаў. А папярэдняе відэа выходзіла 10 месяцаў таму, называлася «Народная зарадка», у яго 56 праглядаў.

У Instagram аўтары выкладаюць больш фота і відэа — стан тэхнікі перад уборачнай, працэс высаджваньня яблыневай алеі ці рэкляма продажу прапіленавых мяхоў ад Любанскай раённай спажыўкаапэрацыі.

У тэлеграм-акаўнце гэтай раёнкі проста адаптацыя кантэнту з сайту.

Заробак утрая ніжэйшы за сярэдні

Агулам па ўсёй Беларусі цяпер шукаюць 47 карэспандэнтаў, у асноўным якраз для дзяржаўных раённых выданьняў. Напрыклад, журналісту ў выданьні «Хойніцкія навіны» прапануюць стаўку да 910 рублёў. З патрабаваньняў — вышэйшая адукацыя. Гэта ў 3,2 раза менш, чым сярэдні заробак у Беларусі за сакавік.

Для параўнаньня — карэспандэнту ў Белтэлерадыёкампаніі, у аддзеле навін радыёстанцыі «Радиус-FM» гатовыя плаціць 2340 рублёў, ці ў 2,57 раза вышэй, чым у Хвойніках.

У «Ашмянскім весьніку» за стаўку абяцаюць яшчэ меней858 рублёў. Аднак дадаткова — надбаўкі, прэмію і ганарар. Шукаюць супрацоўніка ўжо месяц.

У «Калінкавіцкіх навінах» карэспандэнту абяцаюць на стаўку 1600 рублёў. Гэта ў 1,8 раза менш за сярэдні заробак у Беларусі.

«Раёнкі абслугоўваюць чыноўнікаў»

На думку мэдыяэкспэрткі, доктаркі навук Ірыны Сідорскай, цяпер раённыя дзяржаўныя выданьні займаюцца абслугоўваньнем улады, а не працуюць на інтарэсы сваіх чытачоў. І павышэньне лічбавай пісьменнасьці праблему ня вырашыць.

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

«Зараз раённыя выданьні ўбудаваныя ў вэртыкаль улады. Іх галоўная функцыя — задаволіць начальства, а толькі потым ужо думаць пра аўдыторыю. З аднаго боку — так, вось тут жывуць людзі, у іх ёсьць рэальныя праблемы: у мэдыцыне, у транспарце, карупцыя, дарогі. Але гэта дакладна не галоўная іх мэтавая аўдыторыя. Галоўная аўдыторыя — гэта мясцовыя чыноўнікі. Жук гаворыць пра тое, што трэба больш лякальнай інфармацыі, а я думаю: гэта ён пра што? Гэта пра тое, што трэба больш пісаць пра нарады гэтых чыноўнікаў, гэтых выканкамаў, больш пра ўраджай, больш пра тое, што там працоўныя калектывы падтрымліваюць, а моладзь абірае стабільнасьць», — разважае экспэртка.

Ірына Сідорская дадае, што раённыя выданьні можна паляпшаць, калі даць ім свабоду ў рэдакцыйнай палітыцы. Аднак улада на такі крок ня пойдзе, бо для яе важна, каб раённыя выданьні займаліся «лякалізаванай прапагандай». Што да лічбавізацыі, то раёнкам не хапае ні рэсурсаў, ні кадраў, працягвае суразмоўца.

«У іх вельмі мала рэсурсаў. У іх няма або зусім мала матываваных кадраў. Рэдактар такога выданьня — гэта чалавек, які або якая ня можа праводзіць самастойную рэдакцыйную палітыку. Яны ня могуць падымаць рэальныя праблемы людзей. Лічба — гэта толькі інструмэнт, які можа спрыяць даверу. Але думаю, што ў гэтай сытуацыі лічбавізацыя хутчэй пакажа, наколькі далёкія гэтыя рэдакцыі ад рэальных праблемаў людзей», — падсумоўвае экспэртка.

На 1 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 375 друкаваных дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Як правіла, асобнае раённае дзяржаўнае выданьне працуе ў кожным з 118 раёнаў Беларусі, мае сайт і сацыяльныя сеткі. Апроч іх, ёсьць таксама абласныя і рэспубліканскія выданьні. Усе яны фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту.

Беларускія чыноўнікі называюць лічбу 465 недзяржаўных выданьняў у Беларусі. Аднак гэта ў асноўным рэклямныя ці тэматычныя выданьні. Амаль усе незалежныя СМІ краіны прыпынілі сваю дзейнасьць пасьля рэпрэсіяў 2020–2021 гадоў і цяпер вымушаныя працаваць з-за мяжы. Улады Беларусі разглядаюць іх працу як крымінальнае злачынства.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG