У Беларусі могуць забараніць аборты ў прыватных клініках, паведаміў міністар аховы здароўя Аляксандар Хаджаеў. Ужо распрацавалі адпаведны праект Кодэксу аб ахове здароўя. Міністар патлумачыў такое рашэньне тым, што ў дзяржаўных мэдычных установах «выніковасьць перадабортавага кансультаваньня значна вышэйшая, чым у прыватных клініках». Дэпутаты таксама гаварылі пра скарачэньне з 12 да 9 тыдняў пэрыяду для перарываньня цяжарнасьці на жаданьне жанчыны.
Экспэрты зьвязваюць магчымыя зьмены ў мэдычнай сфэры з дэмаграфічнай праблемай. За апошнія дзесяць гадоў нараджальнасьць упала ўдвая. У 2024 годзе, паводле Белстату, нарадзіліся 58938 дзяцей. Цягам некалькіх папярэдніх гадоў статыстыку ўвогуле прыхоўвалі.
Мэдыяэкспэртка, доктар навук Ірына Сідорская мяркуе, што на абмежаваньні ў сфэры абортаў у Беларусі ўплываюць не рэлігійныя прычыны, як, прыкладам, у Польшчы, і нават не маральныя, а сытуацыя з дэмаграфіяй і эканомікай.
«Мы атрымліваем нейкія дадзеныя, хай абмежаваныя, і бачым, што ўсё дрэнна. Але гэтае рашэньне пра абмежаваньні мне, як экспэртцы, паказвае, што ўсё значна горш, чым мы думалі дагэтуль. Гэта вельмі непапулярнае рашэньне. З рэакцыі сацыяльных сетак, жанчын — праўладных актывістак відаць, што не было ніякай падтрымкі гэтага рашэньня. Жанчын не падманеш, калі гаворка ідзе пра іхнае жыцьцё», — камэнтуе сытуацыю Ірына Сідорская.
Яна мяркуе, што калі гэта сказаў міністар аховы здароўя, то, хутчэй за ўсё, рашэньне абмежаваць аборты ўрэшце прымуць.
Даведка ад псыхоляга, дазвол на апэрацыю
Станіслаў Салавей працаваў акушэрам-гінэколягам і доктарам ультрагукавой дыягностыкі ў 3-м клінічным шпіталі Менску да 2021 году, праходзіў інтэрнатуру ў РНПЦ «Маці і дзіця». Пасьля 2021 году зьехаў зь Беларусі.
Салавей адзначае, што ў беларускім дзяржаўным шпіталі, дзе ён працаваў, лекар ня меў абавязку праводзіць прафіляктычную гутарку з жанчынай, якая хацела зрабіць аборт. Не было ні пісьмовых, ні вусных рэкамэндацыяў што да такой гутаркі, у якой мэдыкі мелі б адгаворваць рабіць аборт.
Але, заўважае суразмоўца, перад абортам цяжарная жанчына мусіла прынесьці даведку, што зь ёю пагаварыў псыхоляг. У Менску, у адрозьненьне ад астатняй Беларусі, было правіла, якое ўвёў галоўны гінэколяг гораду: пасьля псыхалягічнай кансультацыі да аборту павінна было прайсьці найменей тры дні.
Адзінае, што лекар-гінэколяг абавязкова перапытваў — ці рашэньне зрабіць аборт, канчатковае, ці не, бо на любую апэрацыю кожны пацыент мусіць падпісаць згоду, дадае суразмоўца.
«Калі яна сумнявалася, мы прапаноўвалі: „Вы можаце прыйсьці заўтра або гадзіну падумаць. Мы не прысьпешваем з рашэньнем. Калі яно ў вас адназначнае, то падпісвайце паперу“. Тлумачылі, як выглядае гэтая працэдура, якія рызыкі — як пры ўсякай хірургічнай апэрацыі. Былі тыя, хто прасіў паўтарыць ім ультрагукавое дасьледаваньне, даць час яшчэ падумаць, і мянялі сваё рашэньне. Але такога, каб мы агітавалі, я ня бачыў», — кажа лекар.
Станіслаў Салавей кажа, што не распытваў жанчын аб прычынах, зь якіх яны вырашылі рабіць аборт. Але больш жанчын прыходзілі на гэтую апэрацыю паводле мэдычных паказьніках: «калі зь дзіцём нешта ня так або калі гэта пагражае здароўю жанчыны».
«Ёсьць форма абортнай карты, якая патрабавала пазначыць прычыну, зь якой жанчына гэта рабіла. Гэта было больш фармальна. Я казаў: „Перапрашаю, але я мушу нешта пазначыць тут, таму адкажыце“. Але ў душу ні я, ні хтосьці з калегаў ня лез. Усе разумелі: калі жанчына прыйшла, паздавала аналізы, то гэта высьпелае рашэньне», — камэнтуе праблему лекар.
Ён дадае, што некалькі разоў прыходзілі жанчыны, якія перад гэтым ня ведалі, што яны цяжарныя, і тады пыталіся ў лекара: «а што рабіць?»
«Мы кажам: „Гэта ўжо вашая справа. Вы ў свабоднай краіне, вы самі прыміце рашэньне. Мэдычнага тут нічога няма. Ня блытайце мэдыцыну з воляй пацыента“», — кажа Салавей.
На ягоную думку, мэдыкі не павінны «лезьці ў душу пацыента — ні адгаворваць, ні стымуляваць».
«Праца мэдыка — зрабіць так, каб чалавек пражыў як мага больш і лепш. Колькі жанчыне мець дзяцей? Я лекар, мая праца лекаваць. Цяжарнасьць — гэта не хвароба. Калі ў яе ўсё добра, я тады не патрэбны. Калі жанчына вырашыла цяжарнасьць перарваць — на жаль, такая частка маёй працы. Лепш гэта зробяць тыя, хто гэта ўмее рабіць, чым яна зробіць глупства, якое было падчас забароны абортаў. Гэта вельмі жахліва можа выглядаць», — кажа гінэколяг.
У 20 разоў менш
Колькасьць абортаў у Беларусі падае. З савецкіх часоў іх паменела амаль у 20 разоў. У 1990 годзе ў Беларусі зрабілі 260 тысяч перарываньняў цяжарнасьці, тады як дзяцей нарадзілася амаль удвая менш — 142 тысячы. У 2000 годзе было больш за 120 тысяч абортаў, у 2024 — 14 тысяч.
Паводле лекара Станіслава Салаўя, абортаў становіцца менш, бо людзі цяпер больш адукаваныя.
«Грамадзтва прагрэсуе. Яно больш дасьведчанае. Зьяўляецца больш сродкаў кантрацэпцыі. І, на жаль, проста зьмяншаецца колькасьць людзей. Калі 800 тысяч беларусаў жывуць за мяжой, то і цяжарнасьці паехалі за мяжу таксама», — камэнтуе лекар.
Станіслаў Салавей перакананы, што лепш, каб абортаў не было зусім.
«А хтосьці жадае зрабіць сабе аборт? У кожным разе гэта стрэс для жанчыны. І калі магчыма не рабіць гэтую апэрацыю, то лепей яе не рабіць. У маім ідэальным сусьвеце ўсе цяжарнасьці наступаюць тады, калі жанчына вельмі гэтага жадае, або калі гэта будзе прыемная навіна, а не непрыемная. Я б хацеў, каб абортаў увогуле не было, бо гэта для жанчыны ня самая прыемная працэдура і маральна, і фізычна», — адзначае лекар.
Адмова лекара рабіць аборты
У 2014 годзе ў Беларусі лекарам дазволілі адмаўляцца рабіць аборты, калі ў шпіталі ёсьць іншыя мэдыкі, якія могуць гэта зрабіць. Усе лекары некалькіх дзяржаўных лякарняў і прыватных мэдычных цэнтраў адмовіліся тады перарываць цяжарнасьці.
Самай вядомай стала сытуацыя ў 15-тысячным Лагойску, але падобна было ва ўстановах у Горадні, Барысаве, Жодзіне. У Лагойску аборты ўсё ж рабілі пры двух вынятках: калі жыцьцю жанчыны нешта пагражала і калі было «сацыяльнае паказаньне»: жанчыну згвалтавалі або раней пазбаўлялі бацькоўскіх правоў.
«Гэта ўжо правы мэдыкаў. Лекар таксама чалавек і мае магчымасьць не выконваць аборт. Гэта плянавая апэрацыя. Пацыентка не памірае, не хварэе. У нас (у шпіталі) былі лекары, якія не выконвалі перарываньне цяжарнасьці з рэлігійных ці асабістых прычынаў. Ніякага канфлікту гэта не выклікала. Гэта быў выбар лекара, і мы яго паважалі. На час аборту мы яго мянялі, і ўсё», — кажа Станіслаў Салавей.
Доктар дадае, што калі ён працаваў у Беларусі, мэдыкі за адмову рабіць аборты ня мелі наступстваў, іх не каралі, нават ускосна.
Ці забарона абортаў павысіць нараджальнасьць?
На думку лекара Станіслава Салаўя, нельга паменшыць колькасьць абортаў, забараніўшы іх. Але гэтага можна дасягнуць праз асьветніцкую працу, праз добры ўзровень жыцьця, калі маці зь дзіцём стаіць у дзяржавы ў прыярытэце.
Ірына Сідорская мяркуе, што абмежаваньнямі ў сфэры абортаў нельга павысіць нараджальнасьць. Яна спасылаецца на досьвед СССР, калі там аборты былі забароненыя з 1936 па 1955 год.
Таксама экспэртка прыводзіць прыклад Польшчы, дзе аборты забароненыя з 1993 году, а з 2021 году там нельга зрабіць аборт, у тым ліку калі плод мае цяжкія анамаліі. Яна адзначае, што нараджальнасьць у Польшчы ў выніку, наадварот, упала. У 2020 годзе, да ўзмацненьня абмежаваньняў, у Польшчы нарадзіліся каля 355 тысяч дзяцей, а ў 2024 годзе — 252 тысячы. Гэта гістарычны мінімум за апошнія 200 гадоў.
«Жанчыны ня хочуць рызыкаваць, калі праблемы са здароўем у самой жанчыны, або ў плода могуць быць парушэньні, несумяшчальныя з жыцьцём. Але аборт зрабіць нельга і жанчыны баяцца зацяжараць, нават калі б яны хацелі», — камэнтуе Сідорская.
Яна дадае, што любыя абмежаваньні абортаў падвышаюць жаночую сьмяротнасьць, бо жанчыны пачынаюць рабіць аборты ў небясьпечных умовах, а таксама падвышаюць сьмяротнасьць немаўлят.
«Бо могуць быць сытуацыі, калі жанчына сама забівае дзіця, бо ня хоча і ня можа яго выгадаваць, таксама гэта зьвязана з мэдычнымі праблемамі плода, калі дзіця нараджаецца і памірае ў першыя гадзіны або дні», — кажа яна.
Каб абортаў стала менш, на думку Сідорскай, патрэбная сэксуальная адукацыя ў школах, даступная інфармацыя пра кантрацэпцыю і даступныя сродкі кантрацэпцыі, якія не павінны каштаваць дорага і якія лёгка знайсьці.
«З мужчынамі трэба працаваць. Вельмі няразьвітая ў Беларусі мужчынская кантрацэпцыя. Абавязкова трэба гаварыць пра адказнасьць мужчын», — кажа суразмоўца.
Прапановы дзяржавы
Свабода паглядзела, што ў Беларусі дзяржава прапануе «замест абортаў» і як падтрымлівае жанчын, якія вагаюцца, ці нараджаць дзіця.
Дзіцячыя дамы, SOS-вёскі
Парадзіха ў Беларусі можа адмовіцца ад дзіцяці адразу ў радзільні. Тады яго аддадуць у дом дзіцяці. Некаторыя дзеці, ад якіх адмовіліся бацькі, трапляюць у SOS-вёскі — фармат, набліжаны да сямейнага.
На думку Ірыны Сідорскай, лепш прасоўваць у Беларусі ідэю прыёмных сем’яў. Яна прыводзіць у прыклад ЗША і іншыя заходнія краіны, дзе пашыраная практыка ўсынаўляць/удачараць адразу нованароджанае дзіця, маці якога вырашыла, што ня будзе яго расьціць.
«У яе заўсёды ёсьць такое выйсьце — з разуменьнем, што прыёмная сям’я чакае гэтае дзіця, стаіць у чарзе па яго, што гэтае дзіця патрэбнае людзям, якія маюць магчымасьць яго гадаваць. У нас, на жаль, такой практыкі ўвогуле няма нават на ўзроўні грамадзкага абмеркаваньня. Думаю, што ў нас нават асуджалі б такіх жанчын, па якіх спачатку было б відаць, што ходзяць цяжарныя, а потым яны сваіх дзяцей камусьці б аддавалі», — разважае яна.
На думку суразмоўцы, такое ўсынаўленьне/удачарэньне — выйсьце і для жанчын, якія б хацелі нарадзіць, але ня могуць.
Яшчэ адна альтэрнатыва ў іншых краінах — бэбі-боксы, каб пакінуць немаўля, якое маці ня хоча ці ня можа выгадаваць. Гэта акенцы пры кляштарах, шпіталях або іншых цэнтрах дапамогі, дзе маці можа бясьпечна пакінуць дзіця і сысьці. Яе ня будуць пасьля гэтага шукаць, ёй не пагражае пакараньне. Дзіця ў такім акенцы адразу заўважаць адказныя людзі дзякуючы сэнсарам. Малога перададуць у сыстэму адопцыі.
У Беларусі бэбі-боксаў няма. Калі маці паспрабуе кудысьці падкінуць сваё немаўля або пакіне яго на вуліцы ў непрыстасаваным месцы, ёй пагражае адміністрацыйная або крымінальная адказнасьць за тое, што пакінула дзіця ў небясьпецы — ад штрафу да трох гадоў зьняволеньня.
На думку Ірыны Сідорскай, арганізаваць такія акенцы жыцьця не каштавала б шмат грошай, але яны ня надта пасуюць для Беларусі. Паводле сураўмоўцы, бэбі-боксы больш эфэктыўныя ў сучасных гарадах, дзе шмат мігрантаў, куды можна прыехаць зь іншага гораду і пакінуць дзіця. У Беларусі большасьць цяжарных жанчын ахопленыя сацыяльным і мэдычным абслугоўваньнем. Застацца ананімнай маці ў такіх умовах было б складана.
«Дэкрэтныя» выплаты, крэдыты на жыльлё
Беларускія жанчыны, якія нараджаюць першае дзіця, атрымліваюць каля 4,5 тысячы рублёў дапамогі ад дзяржавы, за наступных дзяцей — больш за 6 тысяч рублёў. Яшчэ каля 500 рублёў — калі жанчына стала на ўлік па цяжарнасьці да 12 тыдня. Штомесяц маці дзіцяці да трох гадоў мае падтрымку ад дзяржавы ад 860 да 980 рублёў.
У Беларусі дзейнічаюць крэдыты для шматдзетных сем’яў пад 1% гадавых на 40 гадоў. Таксама шматдзетныя сем’і могуць выкарыстаць на пабудову жытла сямейны капітал у памеры каля 30 тысяч рублёў, які дзяржава вылучае на трэцяе дзіця.
На думку Ірыны Сідорскай, палітыка атрыманьня жыльля для маладых сем’яў у Беларусі павінна быць больш гнуткай, падтрымка мае быць больш разьвітая.
«Вельмі часта прычына аборту — няўпэўненасьць у будучыні, эканамічныя праблемы, праблемы з жыльлём у самых звычайных, нармальных, годных жанчын, якія б у іншых умовах, імаверна, хацелі б стаць маці», — разважае Сідорская.
Яна заўважае, што адкрытых зьвестак аб прычынах абортаў у Беларусі не публікуюць. Але, паводле мэдыяэкспэрткі, аборты робяць таксама жанчыны, якія замужам, ужо маюць дзяцей і разумеюць, што цяпер яны ня змогуць нарадзіць і выгадаваць яшчэ адно дзіця.
«Дэкрэтны» адпачынак для бацькі
У Беларусі бацька, паводле закону, можа пайсьці ў адпачынак для догляду дзіцяці гэтаксама, як і маці, на тры гады. У гэты час ён будзе атрымліваць такую ж дапамогу ад дзяржавы. Бацька можа ўзяць толькі частку «дэкрэтнага» адпачынку, а частку возьме маці. Аднак, паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, толькі ў 1% сем’яў «дэкрэтны» адпачынак афармляе бацька, а ня маці. (Назва «дэкрэтны» — ад савецкага дэкрэту, заканадаўчага акту, які ўводзіў такі адпачынак.)
На думку Ірыны Сідорскай, добры выхад, калі частку адпачынку для догляду дзіцяці бярэ бацька.
«Тады жанчыну перастануць успрымаць як нявыгадную супрацоўніцу. Досьвед паўночных краінаў паказаў, што калі жанчына ведае, што клопат пра дзіця будзе падзелены хаця б часткова паміж ягонымі маці і бацькам, тады яна больш ахвотна нараджае. Калі нашыя жанчыны ня могуць быць упэўненыя ў бацьку дзіцяці, тады яны ведаюць, што можна спадзявацца толькі на сябе», — кажа суразмоўца.
Паводле яе, каб падтрымаць маладую маці ў прафэсійным пляне, варта ствараць больш садкоў і ясьляў з гнуткім графікам, каб можна было аддаць туды дзіця і ўвечары, і ў выходныя і каб гэта не каштавала ўсіх грошай сям’і.
Форум