Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Аляксандар Хаджаеў патлумачыў такое рашэньне тым, што ў дзяржаўных мэдычных установах «выніковасьць перадабортавага кансультаваньня значна вышэйшая, чым у прыватных клініках».
Адказваючы на супольным пасяджэньні дзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу на пытаньне дэпутатаў аб магчымасьці скараціць пэрыяд для перарываньня цяжарнасьці на жаданьне жанчыны з 12 да 9 тыдняў, міністар сказаў, што гэта складанае пытаньне, якое патрабуе якаснай падрыхтоўкі мэдычнай супольнасьцю.
У Беларусі аборты легальныя ад 1955 году. Дзейны закон пра аборты быў прыняты ў 1987 годзе, яго называюць адным з самых лібэральных у Эўропе. Паводле яго, аборт робіцца на жаданьне жанчыны ў тэрмін да 12 тыдняў, а пры асаблівых абставінах і шэрагу прычынаў — да 22 тыдняў. У 2014 годзе прынялі закон, які дазваляе дактарам адмовіць у аборце. Што і зрабілі гінэколягі ў Лагойску і ў пэрынатальным цэнтры ў Горадні.
За гады незалежнасьці колькасьць абортаў у Беларусі зьменшылася амаль у 10 разоў. Паводле зьвестак міністэрства здароўя, ў 1991 годзе было зроблена больш за 235 тысячы абортаў. А ў 2017 годзе, паводле той жа статыстыкі, беларускі зрабілі больш за 25 тысяч абортаў. Поўнай статыстыкі колькасьці абортаў у апошнія гады ў адкрытым доступе няма.
Паводле экпэртаў, перадухіляюць аборты не забароны, а праца ў галіне сэксуальнай асьветы, сацыяльная палітыка дзяржавы дзеля падтрымкі нараджальнасьці, стварэньне бясьпечнага асяродзьдзя бяз гвалту.
Форум