28 студзеня Віленская гарадзкая рада прыняла рашэньне, паводле якога дзеці замежнікаў з краін, што не ўваходзяць у Эўразьвяз, змогуць вучыцца ў пачатковых клясах толькі ў літоўскамоўных школах, паведаміла LRT.
За прагаласаваў 31 сябра рады, 8 — супраць, 11 — устрымаліся.
Гэтыя зьмены закрануць дзяцей замежнікаў, што прыедуць у Вільню пасьля 28 студзеня. Прыватных школаў рашэньне ня тычыцца.
Ініцыятар зьменаў, віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас, заявіў, што пры падрыхтоўцы прапаноў вяліся кансультацыі з школамі нацыянальных меншасьцяў, Асацыяцыяй беларускіх бацькоў і офісам лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай.
«У Вільні, мне здаецца, гэтае рашэньне своечасовае і насьпелае, тым больш што гаворка ідзе толькі пра пачатковую адукацыю», — сказаў ён на пасяджэньні.
Паводле Міталаса, у віленскіх школах вучыцца 3485 дзяцей замежнікаў. 77% зь іх — у школах нацыянальных меншасьцяў, пераважна расейскамоўных. Гэта кепска адбіваецца на веданьні літоўскай мовы, таму ў віцэ-мэра і зьявілася ідэя, каб у малодшых клясах, калі мова лепш запамінаецца, усе дзеці замежнікаў вучыліся па-літоўску.
У адказ на гэтую ініцыятыву Асацыяцыя беларускіх бацькоў сабрала больш за 200 подпісаў з просьбай захаваць магчымасьць выбару для дзяцей-беларусаў — ці вучыцца па-літоўску, ці па-беларуску ў гімназіі імя Францыска Скарыны — адзінай дзяржаўнай школай зь беларускай мовай навучаньня за межамі Беларусі. Частка заняткаў у ёй праходзіць таксама на літоўскай мове.
Паводле асацыяцыі, для многіх беларускіх семʼяў, што вымушана пакінулі краіну з палітычных прычынаў, навучаньне дзяцей на роднай мове ёсьць важным складнікам захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці разам з паўнавартаснай інтэграцыяй у літоўскае грамадзтва і вывучэньнем літоўскай мовы.
У выніку рада прыняла «пратакольную пастанову», якая дазваляе Скарынаўскай гімназіі сёлета прыняць новых вучняў.
Некаторыя сябры рады назвалі рашэньне незаконным. Прадстаўнік фракцыі «Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысьціянскіх семʼяў» Гжэгаж Саксан заявіў, што яно будзе адмененае праз суд, бо не не адпавядае ні нацыянальным, ні эўрапейскім нормам.
Сацыял-дэмакрат Повілас Піняліс сказаў, што паводле высноў Міністэрства юстыцыі гэты праект парушае Канстытуцыю, законы аб адукацыі і роўных магчымасьцях.
Паводле статыстыкі Дзяржкантролю, колькасьць дзяцей-іншаземцаў школьнага веку штогод расьце, аднак доля тых, хто вучыцца на літоўскай мове, памяншаецца. Пазалетась зь іх па-літоўску вучыліся 56%, а летась — 44%. 29% вучыліся па-расейску і 21% — па-ўкраінску, перадае BNS.
Летась 52% вучняў-замежнікаў не дасягнулі парогавага ўзроўню веданьня літоўскай мовы (4 балы), а дзяржаўны іспыт па літоўскай мове і літаратуры на ўзровень B не здалі 58% такіх дзяцей.
Форум