Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сквярняліс: Ад’езд Ціханоўскай можа быць зьвязаны з жаданьнем Літвы палепшыць стасункі з Лукашэнкам

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Цяперашнія ўлады Літвы хацелі б мець лепшыя адносіны з Лукашэнкам. І «гэта нават не хавалі ад спадарыні Ціханоўскай», — заявіў дэпутат парлямэнту Саўлюс Сквярняліс парталу Delfi. «Падобныя заявы ня маюць ніякага дачыненьня да рэчаіснасьці», — запярэчыла прэм’ер-міністарка краіны Інга Ругінене.

Саўлюс Сквярняліс
Саўлюс Сквярняліс

Старшыня дэмакратычнага зьвязу «Ў імя Літвы» Саўлюс Сквярняліс заявіў, што пераезд офісу лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай зь Вільні ў Варшаву адкрые для кіроўнай кааліцыі шлях да паляпшэньня адносін зь беларускім рэжымам.

«Калі ёсьць мэта — а мэта, падобна, палягае ў тым, каб наладзіць добрыя стасункі з прэзыдэнтам Беларусі, — то ёсьць адзін раздражняльнік: прысутнасьць офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні. Калі гэтага раздражняльніка ня будзе, то зьявяцца больш шырокія магчымасьці размаўляць пра далейшае супрацоўніцтва», — заявіў Сквярняліс парталу Delfi.

Ён адзначыў, што гэта далі зразумець і Сьвятлане Ціханоўскай.

«Мае крыніцы інфармацыі, якія сапраўды надзейныя, сьцьвярджаюць: было сказана, што Літва хацела б мець лепшыя адносіны з прэзыдэнтам Беларусі».

«Гэтага нават не хавалі ад спадарыні Ціханоўскай», — дадаў дэпутат.

Інга Ругінене
Інга Ругінене

У той жа дзень прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене адпрэчыла гэтыю інфармацыю.

«Падобныя заявы ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю. Прапаную Саўлюсу Сквярнялісу вярнуцца ў рэальнасьць», — заявіла яна журналістам, перадае Delfi.

У мінулую пятніцу, 23 студзеня, Інга Ругінене пракамэнтавала магчымы ад’езд Ціханоўскай зь Літвы, сказаўшы, што ня бачыць у ім ні выгады, ні страты.

«Гэта ейная асабістая справа», — сказала прэм’ер-міністарка ў інтэрвію Delfi. — «Я ня бачу ні дадатковай выгады, ні страты. Нашыя кантакты зь беларускай апазыцыяй вельмі моцныя, і ня толькі зь Сьвятланай. Апазыцыя — гэта ня толькі Сьвятлана, гэта значна больш людзей. Я рада, што былі вызваленыя апошнія лідэры, якія таксама ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах. Мне здаецца, гэта вельмі важна», — заявіла Ругінене.

Як разьвівалася справа

7 кастрычніка 2025 году стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам зь сям’ёй жыве ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — перагляд ступені пагрозы. Пазьней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офісу дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы была прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».

10 сьнежня 2025 году Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная.

17 студзеня інфармацыю пра хуткі пераезд Ціханоўскай паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы.

23 студзеня дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пацьвердзіў інфармацыю пра пераезд у эфіры LRT. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што частка каманды застанецца працаваць у Літве. Кучынскі дадаў, што дзеці Ціханоўскіх з прычынаў бясьпекі жывуць з бацькам, Сяргеем Ціханоўскім, у ЗША.

Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 году, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычных высілкаў дэмакратычных сілаў Беларусі.

Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам гучалі крытычныя галасы некаторых палітыкаў наконт таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы з боку літоўскай Службы аховы кіраўніцтва і нібыта гэта задорага каштавала бюджэту краіны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG