Як паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, яны неўзабаве пераедуць у Варшаву.
Агенцтва адзначыла, што яе памочнік Дзяніс Кучынскі паведаміў журналістам, што муж Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей, летась вызвалены з турмы, ужо цяпер знаходзіцца ў ЗША зь дзецьмі зь меркаваньняў бясьпекі.
Дайнюс Жалімас: «Літва тут прайграе»
Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Дайнюс Жалімас заявіў, што такім чынам выконваецца «праграма (сама)ізаляцыі Літвы — ужо і прэзыдэнта, і сацыял-дэмакратаў, якая служыць інтарэсам агрэсара»:
«Што да «пытаньня пераезду С. Ціханоўскай у Польшчу, на яе месцы так зрабіў бы кожны, — калі замест больш саліднай бясьпекі, адпаведнай яе статусу і характару пагрозы, у істоце застаецца толькі нумар тэлефона на выпадак асаблівай сытуацыі. Такая зьмена ўзроўню бясьпекі адбылася безь ніякай аб’ектыўнай прычыны, нягледзячы на актывізацыю выведнай дзейнасьці варожых дзяржаваў і іншыя пагрозы гібрыднага характару. Зразумела, што лепш Польшча, якая забясьпечыць усю неабходную абарону. Пагатоў гэта значна большая краіна, моцная эўрапейская дзяржава, якая хутка расьце, зь якой даводзіцца лічыцца іншым дзяржавам ЭЗ і ЗША. Вядома, Польшча наагул дае значна больш магчымасьцяў для дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі».
Дык хто з гэтага выйграе, задае пытаньне Жалімас і адказвае:
«С. Ціханоўская — так, Польшча — так, Літва ж — толькі прайграе. Бо гэта ня проста пытаньне разьмяшчэньня Офісу С. Ціханоўскай. Сам Офіс прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасьці да Літвы, якая, хоць і малая краіна з абмежаванымі магчымасьцямі, магла мець непрапарцыйна большы ўплыў — быць асноўным цэнтрам дзейнасьці дэмакратычнай Беларусі і краінай эксклюзіўнага экспэртнага досьведу ў пытаньнях Беларусі. Невыпадкова ў Вільні працуе, прыкладам, амбасада ЗША ў Беларусі. Такім чынам, пасьля пераезду цэнтру дзейнасьці дэмакратычнай Беларусі ў Варшаву Літву пакіне ня толькі частка беларусаў, якія плацяць падаткі ў бюджэт Літвы, але і нашыя партнэры і міжнародныя інстытуты, зьвязаныя зь ёю.
...Зараз мы ператвараемся ў нікому не цікавую, цёмную ксэнафобскую правінцыю Эўропы, якая да таго ж знаходзіцца ва ўсё горшым асяродзьдзі бясьпекі з прычыны блізкага суседзтва дыктатураў. Нашу няздольнасьць супрацьстаяць такім апэрацыям паказвае і тое, што немалая частка грамадзтва заражана дэзынфармацыйнымі і ксэнафобскімі наратывамі і верай у пагрозу „літвінізму“», — сьцьвярджае былы старшыня Канстытуцыйнага суду Літвы Дайнюс Жалімас.
Раса Юкнявічэне: «Сорамна за сваю краіну»
Раса Юкнявічэне, сыгнатарка Акту аднаўленьня незалежнасьці Літвы 1990 году, былая міністарка абароны Літвы, дэпутат Эўрапарлямэнту, заявіла, што ёй «упершыню ў цяперашняй гісторыі Літвы так сорамна за сваю краіну»:
«Прайграла не Сьвятлана, сьвядома выгнаная зь Літвы, прайграла мая краіна. Прашу прабачэньня ў Сьвятланы і ў той часткі беларускага народу, якая верыць у эўрапейскую будучыню сваёй радзімы, якая таксама нам давярала. На жаль, мая краіна больш не маяк дэмакратыі. Гэта ўжо ня тая краіна, чыё імя гучала з павагай».
Вітаўтас Сініца: «Нам трэба выключыць прывілеі»
Пазафракцыйны дэпутат Сейму Літвы Вітаўтас Сініца згадаў, што ён сам мінулым летам падымаў пытаньне аб прывілеях Ціханоўскай:
«Шмат хто казаў, што гэта безнадзейна наіўнае пытаньне. Таксама казалі, што толькі ватнік можа такое пытаньне падымаць. Але чым скончылася? Літва вырашыла зьнізіць узровень яе аховы, а яна на гэта адказала пагрозамі ад’езду. Я ніколі не патрабаваў, каб яна выехала. Я сказаў толькі, што нам трэба скасаваць прывілеі. Але калі чалавек без прывілеяў наагул ня можа жыць і калі Польшча можа ёй гэта даць, няхай так і будзе. Літве дакладна лепш без асяродку літвінізму дзеля магчымасьці групкі людзей рабіць бізнэс на дэмакратызацыі. Сваіх праблем хапае».
Як разьвівалася справа
7 кастрычніка 2025 году стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам зь сям’ёй жыве ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — перагляд ступені пагрозы. Пазьней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офісу дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы была прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
У сьнежні 2025 году Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамляла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная. Пазьней Дзяніс Кучынскі, дыпляматычны дарадца палітыка, у інтэрвію парталу «Люстэрка» сказаў, што канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае і пытаньні бясьпекі ўсё яшчэ абмяркоўваюць зь літоўскімі ўладамі.
Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 году, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычных высілкаў дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам гучалі крытычныя галасы некаторых палітыкаў наконт таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы з боку літоўскай Службы аховы кіраўніцтва і нібыта гэта задорага каштавала бюджэту краіны.
Форум