Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўза на год. Як ідзе працэс адкрыцьця другой беларускай школы ў Літве


Вільня. Ілюстрацыйнае фота
Вільня. Ілюстрацыйнае фота

Большасьць беларускіх дзяцей, якія разам з бацькамі эмігравалі ў Літву, вымушаныя вучыцца ў расейскіх школах. У Вільні толькі адна беларуская гімназія, дзе вучацца 408 дзяцей, а ахвотных значна больш.

«Настаўнікі выкладаюць па-расейску, а падручнікі літоўскія»

Вольга — маці двух падлеткаў-сяміклясьнікаў. Сям’я пераехала ў Вільню ў канцы 2022 году. Бацькі другі год дамагаюцца, каб дзеці трапілі ў Беларускую гімназію імя Скарыны, але безвынікова. Корпус былога дзіцячага садку, зь якога калісьці пачыналася гісторыя школы, істотна дабудавалі за апошнія гады, павялічылі колькасьць клясных памяшканьняў, але гімназія ўсё адно перапоўненая.

«Мы ў Вільні памянялі ўжо дзьве школы. Спачатку трапілі ў адну, дзе ў паралелі былі польская, літоўская і руская клясы. Там дзецям не спадабалася, і мы ўцяклі адтуль. Цяпер у іншай расейскай школе. У першай школе ў клясе было 30 вучняў, у другой — 28. Я спачатку думала, што расейскія школы эмігранцкія, аказалася — не: прыкладна па 20 зь іх — дзеці літоўцаў», — апавядае Вольга.

З словаў суразмоўцы, у першай школе дзеці, якія ня ведаюць літоўскай мовы, наагул былі нецікавыя настаўнікам. Вольга кажа, што выкладчыца літоўскай саджала іх на апошнюю парту, давала зусім просьценькае заданьне, на ўроку не выклікала, не давала хатняга заданьня. У новай школе сытуацыя крыху лепшая — акрамя ўрокаў, два разы на тыдзень дзеці наведваюць дадатковыя заняткі. Але гэтага недастаткова, лічыць Вольга.

«У 2023 года ў літоўскіх школах пачалася рэформа адукацыі. Летась няцотныя клясы перайшлі цалкам на новыя літоўскія падручнікі. У наступным усе цотныя клясы таксама пяройдуць на літоўскія падручнікі.

Настаўнікі выкладаюць па-расейску, дзеці адказваюць па-расейску, у школе цалкам расейскамоўнае асяродзьдзе, а падручнікі літоўскія. І яны для нашых дзяцей складаныя», — тлумачыць Вольга.

«Няма матывацыі»

Дарослыя, вымушаныя зьехаць зь Беларусі ў Літву, атрымалі прытулак, вывучаюць літоўскую на курсах, інтэгруюцца, працягвае беларуска Вольга.

«Я дарослы чалавек, матываваная і разумею, навошта мне патрэбна літоўская мова. А дзеці не разумеюць. Пераезд ня быў іхным выбарам. Гэта была вымушаная мера і выбар бацькоў. Самі дзеці ня маюць матывацыі, навошта ім гэта складаная мова. Што да інтэграцыі, сыстэма не працуе. І з боку літоўскай краіны няма матывацыі, каб нашы дзеці хутчэй інтэграваліся.

Але прэтэнзіі да беларусаў, што яны не інтэгруюцца, ёсьць. Мы ня супраць інтэграцыі. Але мы хочам, каб прадметы выкладаліся па-беларуску, а літоўскую няхай вывучаюць хоць кожны дзень.
Свае намаганьні для адкрыцьця беларускай школы ці пашырэньня „Скарынаўкі“ мы ня спынім», — запэўнівае беларуска Вольга.

Мінулым летам ініцыятыўная група запусьціла анкетаваньне сярод бацькоў: колькі гатовыя аддаць сваіх дзяцей у беларускую школу. Налічылі больш за 200 чалавек. Правялі анкетаваньне і сярод беларускіх настаўнікаў, якія пераехалі ў Літву. Адгукнуліся 60 выкладчыкаў.

Беларусы зьбіралі подпісы на маршы (на гадавіну выбараў 9 жніўня), хадзілі по фондах, арганізацыях. Усяго сабралі каля адной тысячы, кажа маці дваіх падлеткаў Вольга.

«Бацькі разумеюць, што адкрыць новую школу цяжка. Таму спадзяюцца на пашырэньне беларускай гімназіі імя Скарыны альбо адкрыцьцё яе філіялу. Мабыць, гэта прасьцей», — мяркуе жанчына.

Пашырэньне гімназіі

Першыя беларускія клясы пры расейскіх школах пачалі адкрывацца ў Вільні ў 1991 годзе. У 1994-м пад беларускую школу Віленская мэрыя вылучыла асобны будынак — былы дзіцячы садок, дзе пачала працаваць 68-я сярэдняя школа зь беларускай мовай навучаньня. У 1997 годзе ёй надалі імя Францішка Скарыны, а ў 2013 годзе школа стала гімназіяй.

Карэспандэнты Свабоды пабывалі ў віленскай Скарынаўскай гімназіі ў лютым 2020 году, калі беларусаў у Вільні было значна менш.

Тады ў гімназіі было 214 вучняў, яшчэ 19 малых дзяцей вучыліся ў падрыхтоўчай групе. Пасьля 2020 году колькасьць гімназістаў істотна павялічылася, кажа дырэктарка Беларускай гімназіі імя Скарыны Дыяна Стахновіч.

«На 1 верасня 2023 году ў нас было 408 вучняў. Мы не прыватная ўстанова, пытаньне пашырэньня гімназіі — у кампэтэнцыі Віленскага гарадскога самакіраваньня», — так адказала дырэктарка на пытаньне карэспандэнта Свабоды пра магчымасьці пашырэньня беларускай гімназіі.

«Давайце возьмем паўзу на год»

Днямі ў Вільні інфармацыйны партал Delfi зладзіў дыскусію «Ці патрэбна рэфармаваць адукацыю на расейскай, польскай і іншых мовах у Літве?», куды запрасілі літоўскіх чыноўнікаў і грамадзкасьць. Беларусы паставілі пытаньне рубам: ці магчыма адкрыць новую беларускую школу?

Віцэ-мэр Вільні Арунас Шылерыс заявіў, што муніцыпалітэт і самакіраваньне наагул не прадугледжваюць будаўніцтва ці адкрыцьця новай школы ў сталіцы — прынамсі, у цяперашняй трохгадовай кадэнцыі. У той жа час ён заўважыў, што ўсе школы ў Вільні перапоўненыя. На яго думку, 200 заяваў ад бацькоў, якія жадаюць, каб дзеці вучыліся па-беларуску, гэта мала. Калі з пачатковымі клясамі, магчыма, праблему вырашыць прасьцей, то арганізававаць выкладаньне фізыкі, хіміі па-беларуску для некалькіх падлеткаў складана.

Арунас Шылерыс прапанаваў сваю мадэль — вучыцца на літоўскай мове з вывучэньнем матчынай.

«Я прапаную такую мадэль: давайце возьмем паўзу на год — для вывучэньня літоўскай мовы. Цягам году дзеці па 20 гадзін на тыдзень ці нават больш будуць вывучаць літоўскую. І пасьля гэтага году ідзіце ў літоўскую школу, дзе выкладаньне на літоўскай — з магчымасьцю вывучаць беларускую мову, літаратуру, культуру сваёй краіны».

Спадар Шылерыс прывёў прыклад свайго досьведу: у яго амаль 4 адукацыі (прызнаўся, што па спэцыяльнасьці «права» магістарскую працу ён так і не дапісаў), і тры разы ён браў акадэмічныя адпачынкі.

«Я не лічу, што дарма патраціў час. Так, мы страцім адзін год. Я хачу, каб болей людзей зразумелі, што паўза на год для вывучэньня літоўскай мовы — гэта нармальная доўгатэрміновая інвэстыцыя. Тым больш калі калі людзі застаюцца жыць тут надоўга», — выказаў сваю думку віцэ-мэр Вільні Арунас Шылерыс.

Чыноўнік прывёў у прыклад дыпляматаў, якія ведаюць, што хутка зьедуць ў іншую краіну, але ўсё адно вывучаюць мову краіны, дзе працуюць часова.

«Я хацеў бы, каб бальшыня эмігрантаў лічыла вывучэньне літоўскай мовы нармальнай зьявай. Можа, вы вернецеся ў Беларусь... Але выкладаць толькі па-беларуску — я пакуль ня бачу такой мадэлі», — заявіў віцэ-мэр. І дадаў, што ён вельмі рады, што ёсьць частка дыяспары, якая хоча вучыцца на роднай мове. Гэта, на яго думку, вялікая каштоўнасьць.

«Мы нічога зрабіць ня зможам»

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык перакананая, што яшчэ адна беларуская школа ў Вільні вельмі патрэбная. Аліна прывяла лічбу: каля 60 тысяч беларусаў за апошнія 3 гады пераехалі ў Літву, большасьць іх сканцэнтравалася ў сталіцы Вільні.

«У нацыянальных меншасьцяў і асобаў, якія кампактна жывуць на тэрыторыі краіны, павінна быць права на адукацыю на роднай мове. І мы разумеем, што адна беларуская гімназія ня можа прыняць усіх ахвотных. Больш за тое, цяпер у балтыйскіх краінах зьмяншаецца колькасьць расейскіх школ. Тое самае мы бачылі ў Рызе, дзе беларуская гімназія імя Скарыны фактычна зьнішчана. Але ў Латвіі іншая сытуацыя — там мала беларускіх дзяцей. За нас літоўцы ня створаць беларускую школу. Яны разумеюць нашу сытуацыю, але ў іх іншыя мэты», — кажа Аліна Коўшык.

Зь іншага боку, ёсьць занепакоенасьць, што шмат беларусаў зараз выяжджаюць зь Літвы праз складанасьці зь легалізацыяй, атрыманьнем дазволу на жыхарства. І гэта таксама не спрыяе прыняцьцю стратэгічных рашэньняў з боку Літвы, адзначае Аліна Коўшык.

«Скажу шчыра, я ня ведаю, як вырашаць гэта пытаньне. Я разумею ўвесь боль бацькоў, як складана дзецям вучыцца ў Літве. Безумоўна, навучацца новай мове някепска, але нам важна, каб захоўваўся беларускі кампанэнт, каб дзеці заставаліся беларусамі. А літоўская сыстэма адукацыі скіраваная на іншыя мэты. Патрэбная палітычная воля. Але калі няма жаданьня з боку віленскага муніцыпалітэту, чыноўнікаў, якія прафінансуюць новую школу, мы нічога зрабіць ня зможам.

Гэта не азначае, што мы спынімся. Будзем шукаць магчымасьці, размаўляць з бацькамі. Гэта можа быць супольны палітычны праект Сьвятланы Ціханоўскай і літоўскіх палітыкаў. Агулам сытуацыя ў Літве стала складанай для беларусаў. Але гэта не азначае, што мы спынімся», — запэўнівае Аліна Коўшык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG