Падлічваем: колькі палітвязьняў вызвалілі з турмаў Беларусі ў выніку перамоваў з ЗША

Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл вітае вызваленых палітвязьняў на тэрыторыі амбасады ЗША ў Вільні. 11 верасьня 2025 году

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл днямі заявіў, што амэрыканцам у Беларусі «ўдалося дамагчыся вызваленьня 700–800 чалавек». Гэта істотна больш за агучаную раней лічбу 500 чалавек, вызваленых у рамках публічна вядомых дамоўленасьцяў паміж Менскам і Вашынгтонам. Свабода паспрабавала падлічыць, колькі палітзьняволеных насамрэч выйшлі на волю.

У інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні

Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.

Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.

Свабода сабрала з адкрытых крыніц усе зьвесткі аб вызваленьнях за апошнія два гады.

20 студзеня 2025 году ў Вашынгтоне адбылася інаўгурацыя Дональда Трампа ў якасьці 47-га прэзыдэнта ЗША. А ўжо 12 лютага ў Беларусі вызвалілі трох палітычных зьняволеных: неназванага грамадзяніна ЗША, журналіста амэрыканскай мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка і шматдзетную маці Алену Маўшук. Іх фактычна перадалі амэрыканскаму боку і вывезьлі ў Літву. Гэта быў першы публічны факт вызваленьня ў рамках амэрыканскага трэку, то бок пры беспасярэднім удзеле ўладаў ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык — на волі. Разам зь ім вызвалілі грамадзяніна ЗША і шматдзетную маці Алену Маўшук

Агулам летась было 10 хваляў вызваленьня. 5 зь іх былі наўпрост вынікам перамоваў уладаў Беларусі з ЗША, пра што паведамлялася публічна. Яшчэ 5 хваляў былі зьвязаныя з указамі Лукашэнкі аб вызваленьні, напрыклад, да Дня Перамогі (7 траўня, вызвалілі 42 чалавекі за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасьці») ці да Дня Незалежнасьці (вызвалілі 16 чалавек). У некаторых выпадках не ўдакладнялася, колькі менавіта асуджаных «за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасьці» вызвалілі. Звычайна таксама ня ўказвалася, ці маюць гэтыя вызваленьні дачыненьне да перамоваў з ЗША.

Найбольшае вызваленьне летась адбылося 13 сьнежня, калі на свабоду выйшлі 123 чалавекі, большасьць якіх вывезьлі зь Беларусі ва Ўкраіну. Сярод вызваленых былі Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка.

Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка ва Ўкраіне пасьля вызваленьня

Сёлета адбылося тры раўнды вызваленьняў. Адзін зь іх наўпрост зьвязаны зь перамоўным працэсам Менску і Вашынгтону, пра што паведамлялі публічна. 19 сакавіка вызвалілі 250 палітычных зьняволеных, што стала адным з колькасна найбуйнейшых вызваленьняў. Частцы вызваленых палітвязьняў дазволілі застацца ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі яшчэ 250 палітвязьняў. Сярод іх праваабаронцы й іншыя вядомыя людзі

Яшчэ два масавыя вызваленьні былі зьвязаныя з указамі Лукашэнкі, напрасткі ЗША пры іх не згадваліся. Такім чынам, за два гады агулам вызвалілі 646 чалавек. Пры гэтым ня ўсе яны былі прызнаныя палітвязьнямі ці адбывалі пакараньне ў сувязі з палітыкай і актывізмам. Таксама сярод іх былі замежныя грамадзяне.

У рамках публічнага перамоўнага трэку Менску з Вашынгтонам за гэты час вызвалілі 475 чалавек. Яшчэ 171 чалавек выйшаў на волю паводле розных указаў Лукашэнкі — гэта ня толькі палітвязьні ці асуджаныя за палітыку, і ЗША ў гэтым працэсе напрасткі ня згадваюцца.

Група вызваленых палітвязьняў разам з Джонам Коўлам на тэрыторыі Літвы. 19 сакавіка 2026 году

Усе гэтыя лічбы з адкрытых крыніц, але нельга выключаць, што нейкія вызваленьні маглі адбывацца і непублічна.

«Гэта шырокая ацэнка колькасьці вызваленых»

На думку дымплятатычнага дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, спэцыяльны пасланьнік Коўл меў на ўвазе шырокую ацэнку іх колькасьці, зьвязаную ня толькі зь беспасярэднімі амэрыканскімі захадамі.

Дзяніс Кучынскі

«Пра першыя прыкладна 500 чалавек спадар Коўл кажа менавіта — „нам удалося дамагчыся іх вызваленьня“, то бок непасрэдна зьвязвае іх вызваленьне з амэрыканскімі намаганьнямі. Для наступных прыкладна 200 чалавек ён выкарыстоўвае іншую фармулёўку — „былі вызваленыя“, не сьцьвярджаючы наўпрост, што ўсе яны выйшлі на волю менавіта ў выніку непасрэдных перамоваў з амэрыканскім удзелам», — кажа Кучынскі ў інтэрвію Свабодзе.

Паводле яго, лёгіка амэрыканскай адміністрацыі «кажа пра больш шырокую дынаміку вызваленьняў з моманту, калі Злучаныя Штаты актыўна запусьцілі гуманітарны дыпляматычны трэк».

«Частка людзей была вызваленая непасрэдна ў рамках амэрыканскіх намаганьняў і перамоваў, у тым ліку падчас візытаў спадара Коўла ў Менск. Іншыя выходзілі пазьней — праз так званыя памілаваньні, датэрмінова, пасьля заканчэньня тэрміну або ў выніку іншых рашэньняў», — тлумачыць Дзяніс Кучынскі.

І дадае, што агучаная Джонам Коўлам статыстыка — гэта агульная ацэнка колькасьці людзей, якія выйшлі на волю за пэрыяд, калі амэрыканская адміністрацыя вядзе гэты гуманітарны трэк.

Таксама ён зважае і на нязьменнасьць мэты амэрыканскага боку — далейшае вызваленьне людзей.

«Палітычная мэта амэрыканскага боку застаецца нязьменнай — працягваць гэты працэс і дамагацца вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Менавіта такую задачу прэзыдэнт Трамп паставіў перад спадаром Коўлам», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«За год зарабіў 2,4 дня страхавога стажу». Як мізэрныя заробкі вязьняў уплываюць на іх будучыя пэнсіі

А што з рэпрэсіямі?

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятланы Галаўнёвай, вызначаць узровень рэпрэсіяў паводле колькасьці палітвязьняў ці згодна з колькасьцю вядомых затрыманьняў — неаб’ектыўна.

Сьвятлана Галаўнёва

«Эскаляцыя затрыманьняў можа спадаць, бо ўсіх, каго хацелі знайсьці, маглі затрымаць. Арганізацыі прызналі „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ — больш няма каго прызнаваць, — кажа праваабаронца. — Пры гэтым важна глядзець на палітыку дзяржавы. Ці сталі ўлады дзейнічаць інакш? Не. Ці рэабілітаваныя палітычныя зьняволеныя? Не. Людзі адбываюць пакараньні ў такіх жа ўмовах, ціск на „экстрэмісцкія фармаваньні“ не паменшыўся, улады ўсё яшчэ папаўняюць сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“. У дзяржаўных мэдыя і тэлеграм-каналах усё яшчэ выкарыстоўваюць мову варажнечы. На НДА і журналістаў недзяржаўных СМІ не перасталі ціснуць, а, наадварот, перайшлі на арганізацыі, якія не датычаць палітыкі. Ціск на грамадзтва вельмі высокі, яны шукаюць новыя інструмэнты ціску».

Сьвятлана Галаўнёва зьвяртае ўвагу і на факты схаваных рэпрэсіяў. Абмежаваньні доступу да дзяржаўных крыніц статыстыкі ўскладняюць працэс маніторынгу і аналізу.

«Гэта новыя віды рэпрэсіяў і новыя абмежаваньні. Апошнія два гады ўзмацніўся ціск спэцслужбаў на беларусаў у эміграцыі: запужваньне, перасьлед. Той жа прыклад з Каардынацыйнай радай ці з студэнтамі ЭГУ», — кажа праваабаронца.

Толькі «ў справе ЭГУ» праваабаронцы налічылі 180 фактаў перасьледу студэнтаў, іхных бацькоў, а таксама выкладчыкаў гэтай ВНУ ў Вільні.

За два апошнія гады, калі адбываліся масавыя вызваленьні, у Беларусі зьявіліся 739 новых палітвязьняў. Аднак некаторых людзей прызнавалі палітвязьнямі ўжо пасьля вызваленьня, бо менавіта тады зьявілася першая інфармацыя пра іх, кажа Сьвятлана Галаўнёва.

«Па-першае, часам мы ня ведаем, колькі „палітычных“ у групе вызваленых вязьняў. Часам мы ведаем лічбу, але ня ведаем усіх імёнаў. Пазьней з людзьмі кантактуюць і могуць прызнаць палітвязьнямі ўжо пасьля вызваленьня», — дадае юрыстка «Вясны».

На гэты момант палітвязьнямі ў Беларусі прызнаныя 889 чалавек. Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году і дасюль палітвязьнямі прызналі 4790 чалавек. Пацярпелых ад рэпрэсіяў і зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць значна болей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Джон Коул: новыя вызваленьні палітвязьняў у Беларусі магчымыя ўжо ў сярэдзіне верасьня