Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За год зарабіў 2,4 дня страхавога стажу». Як мізэрныя заробкі вязьняў уплываюць на іх будучыя пэнсіі

Праца ў папраўчай калёніі ў Беларусі. Архіўнае фота
Праца ў папраўчай калёніі ў Беларусі. Архіўнае фота

Праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч дасьледаваў праблему нізкіх заробкаў у калёніях на падставе сьведчаньняў 22 былых вязьняў.

Алег Мацкевіч прааналізаваў дзейнае заканадаўства і дакумэнты аб налічанай заработнай плаце ў месцах зьняволеньня і зрабіў высновы, як цяперашняя практыка адаб’ецца на будучых пэнсіях сёньняшніх зьняволеных.

Паводле Алега Мацкевіча, гады працы ў калёніі ператворацца ўсяго ў некалькі дзён страхавога стажу, што фактычна пазбаўляе былых зьняволеных магчымасьці назапасіць пэнсійныя правы на роўных умовах зь іншымі работнікамі. Гэтая заганная сыстэма тычыцца большасьці асуджаных і фактычна ўсіх, каго судзілі з палітычных прычын, мяркуе дасьледнік.

Што важна ведаць пра беларускую сыстэму выплаты пэнсіяў

За апошнія 20 гадоў пэнсійная сыстэма Беларусі ад савецкага ўзору «працуй і атрымаеш пэнсію» перайшла да страхавой мадэлі, пры якой важным робіцца ня гэтулькі сам факт працы, колькі спэцыяльныя адлічэньні, якія вымяраюцца працоўным стажам і велічынёй заробку.

Пэнсійны ўзрост у Беларусі цяпер складае 63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын.

Працоўныя пэнсіі прызначаюць, калі ёсьць мінімальны страхавы стаж. Яго паступова павялічвалі: у сярэдзіне нулявых гадоў ён мусіў складаць 5 гадоў, у 2013 годзе ўжо 10 гадоў, а ў 2025 годзе мінімальны страхавы стаж павялічылі да 20 гадоў. Менавіта такі пэрыяд працы з выплатай страхавых складак цяпер патрэбны для атрыманьня працоўнай пэнсіі паводле ўзросту на агульных падставах.

Адначасова захоўваецца патрабаваньне, каб агульны стаж быў ня меншы за 25 гадоў для мужчын і не меншы за 20 гадоў для жанчын, зазначае дасьледнік зь «Вясны».

Прымусовая праца ў калёніях

Паводле Алега Мацкевіча, грамадзяне, якія адбываюць пакараньне ў выглядзе зьняволеньня, ад гэтай сыстэмы будуць мець сур’ёзныя праблемы з будучымі пэнсіямі.

«У беларускіх калёніях праца — абавязковы элемэнт адбываньня пакараньня, аднак памер аплаты такой працы застаецца вельмі нізкім. У выніку чалавек можа гадамі працаваць у месцах пазбаўленьня волі, але не назапашваць страхавы стаж у аб’ёме, патрэбным для атрыманьня паўнавартаснай працоўнай пэнсіі. Зьняволеныя ня маюць магчымасьці ўплываць ні на ўмовы сваёй працы, ні на заробкі, таксама яны ня могуць кантраляваць сумы адлічэньняў у страхавы сацыяльны фонд», — зазначае Алег Мацкевіч і ілюструе свае высновы сьведчаньнямі былых асуджаных.

«Найбольшы заробак быў 10-12 рублёў на месяц»

Былы палітзьняволены Дзяніс Хахлоў адбываў пакараньне ў ПК-22 пад Івацэвічамі ў 2023–2024 гадах.

«Сярэдні заробак незалежна ад таго, быў у цябе пазоў ці не было пазову [на кампэнсацыю шкоды], на НКП (нізкакваліфікаваная праца. — РС), дзе гэты дрот цярушаць, быў каля трох рублёў, тры-чатыры рублі ў месяц. Вось на скрынях [цэх збору драўляных скрыняў. — Заўв. аўтара], калі я там працаваў, крыху больш — дзесяць-дванаццаць рублёў. То бок у мяне за адзінаццаць месяцаў заробак быў такі, што ў канцы, калі аддавалі дакумэнты, мне далі паперку, што я зарабіў сто рублёў», — расказаў Дзяніс Хахлоў.

«Зараблялі ад 20-50 капеек да рубля»

Журналіст Ігар Карней у 2025 годзе трапіў для адбыцьця пакараньня ў мазырскую калёнію № 20.

«Хлопцы, якія працавалі са мной і былі там ужо даўно, у прынцыпе зараблялі ў лепшым разе ад 20 да 50 капеек. Калі-нікалі, можа, рубель. Але натуральна, што з гэтым рублём нават ня пойдзеш у краму і нічога ня купіш. Тыя, хто працаваў на шчытах вось гэтых драўляных, зьбівалі іх, — яны казалі, што маглі атрымліваць і 50 рублёў, а некаторыя, калі было шмат заказаў і працавалі звыш нормы, маглі зарабіць і да 100 рублёў. Але гэта былі ўчасткі, на якія палітычных не дапускалі. Там працавалі толькі арыштанты зь белымі біркамі. І сярод іх практычна ўсе, каго я ведаю, — гэта ў асноўным забойцы і асуджаныя за замах на забойства», — расказаў Ігар Карней.

«Мінімум быў 80 капеек на рукі»

Палітычны актывіст Сяргей Спарыш адбываў пакараньне ў ПК-22 пад Івацэвічамі і ў ПК-15 пад Магілёвам, на волю выйшаў у 2025 годзе.

«Максымум быў 14 рублёў на рукі, мінімум — 80 капеек на рукі. Столькі паступала на рахунак. А „бруднымі“ — я не памятаю дакладна, але большую частку сумы забіралі. То бок, калі я атрымліваў 80 капеек, гэта, напэўна, было недзе рублі 4 „бруднымі“. А калі я атрымліваў 14 рублёў, магло быць недзе 50–60, я ня памятаю дакладна», —- сказаў пра заробкі былы палітвязень.

«Максымальна 200 рублёў, калі галавы не падымаць ад машынкі»

Ларыса Шчыракова адбывала пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі, выйшла на волю ў верасьні 2025 году. Журналістка згадала пра заробак у калёніі.

«Ён розны, у залежнасьці ад выпрацоўкі. Максымальны на рукі, напэўна, рублёў пад 40. Гэта тое, што пералічвалася на разьліковы рахунак. Часам магло быць 150, 100, па-рознаму. А максымальна „бруднымі“, напэўна, 200. Гэта калі проста галавы не падымаць ад машынкі», — сказала Шчыракова, якая працавала швачкай.

«Самы прыбытковы месяц — 23 рублі»

Былы палітзьняволены Яўген Меркіс адбываў пакараньне ў шклоўскай папраўчай калёніі № 17 у 2023–2025 гадах.

«У мяне былі месяцы, калі афіцыйны заробак быў 4-5 рублёў. Потым ужо крыху вырас, але і аб’ёмы працы вырасьлі. Тады было 10 рублёў, 15 рублёў. У самы, па-мойму, прыбытковы месяц у мяне было 23 рублі», — згадаў пра заробкі ў калёніі Яўген Меркіс.

Разьліковых лісткоў на рукі не выдаюць

Амаль усе апытаныя былыя зьняволеныя, паводле дасьледніка Алега Мацкевіча, казалі пра непразрыстасьць налічэньня заробкаў у месцах зьняволеньня.

«Разьліковыя лісткі, як правіла, не выдаюцца, а налічаныя за працу сумы не абгрунтоўваюцца», — зазначыў праваабаронца Мацкевіч.

Андрэй Чапюк адбываў пакараньне ў ПК-22 пад Івацэвічамі ў 2023–2025 гадах.

«Перад прыездам нейкіх правяралт=ьнікаў на прамзоне я ўбачыў дакумэнт, які паказаў брыгадзір, дзе налічваецца заработная плата. І ў гэтым дакумэнце значылася, што я атрымаў 11 беларускіх рублёў. Гэта быў участак цяжкай працы. Я тады быў апэратарам дрэваапрацоўчых станкоў 2-га разраду. І нібыта на рахунак паступіла 11 рублёў, а ўмоўна „бруднымі“ там было пад 90 ці нейкія такія сумы», — расказаў былы палітзьняволены.

Паводле былых палітвязьняў, апытаных праваабаронцам Алегам Мацкевічам, праверыць памер страхавых адлічэньняў немагчыма. Гэтая інфармацыя не зьмяшчаецца ў дакумэнтах аб заробках і не агучваецца вусна.

«Такія налічэньні — беспасярэдняе злоўжываньне»

Леанід Судаленка адбываў пакараньне ў 2022–2023 гадах у ПК-3 пад Віцебскам.

«Заработная плата за тую працу, якую ты там выконваеш, — гэта тайна за сямю пячаткамі, табе пра гэта ніхто не гаворыць. На мой асабісты рахунак за працу там не паступіла ні капейкі. Аднак калі я вызваліўся, у дзень вызваленьня мне выдалі даведку пра маю заработную плату, і самае вялікае налічэньне там было каля чатырох рублёў за месяц. За 23-дзённы працоўны месяц, па 8 гадзін у дзень. Яшчэ сытуацыя з налічэньнямі вельмі дзіўная таму, што былі месяцы ўвогуле без налічэньняў, хоць у гэтыя месяцы я таксама выконваў даведзеную норму. І мне вельмі цікава стала.

Даведка аб заробку Леаніда Судаленкі ў ПК-3 у 2022-2023 гадах
Даведка аб заробку Леаніда Судаленкі ў ПК-3 у 2022-2023 гадах

Ужо знаходзячыся ў эміграцыі, я накіроўваў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва запыт пра тое, якія складкі за мяне былі выплачаныя. Але адказ прыйшоў — бяры пашпарт, прыяжджай, гэта асабістыя зьвесткі, і тады прадставім. То бок, я ня змог глыбей азнаёміцца з парадкам налічэньня. Я лічу, што гэтыя налічэньні — гэта беспасярэдняе злоўжываньне, наўпрост парушэньне працоўнага заканадаўства, бо Крымінальна-выканаўчы кодэкс проста, чорным па белым, кажа, што парадак прыцягненьня да працы рэгулюецца нормамі Працоўнага кодэксу», — сказаў былы палітвязень Леанід Судаленка.

Асобныя катэгорыі асуджаных

Паводле дасьледаваньня Алега Мацкевіча, у месцах зьняволеньня ў Беларусі існуюць асобныя катэгорыі асуджаных, чые працоўныя правы дыскрымінуюць больш за астатніх. Да іх, як даводзіць праваабаронца, належаць палітычныя зьняволеныя, асобы з так званым «нізкім» статусам, «злосныя парушальнікі» рэжыму, асобы на «прафіляктычным уліку», а таксама тыя, хто мае вялікія запазычанасьці паводле выканаўчых дакумэнтаў.

Дыскрымінацыя гэтых групаў выразна выяўляецца і ў памерах заробкаў, мяркуе дасьледнік Мацкевіч і прыводзіць яшчэ адзін прыклад — памер заробкаў палітвязьня Мікіты Літвіненкі, які адбываў пакараньне ў ПК-17 у Шклове і ў ПК-9 у Горках у 2022–2025 гадах.

«200-300 рублёў у месяц „бруднымі“ я мог зарабіць, але пасьля ўсіх вылікаў за ежу, за электраэнэргію, за ваду і адзеньне, карацей, за ўсё, што толькі магчыма, пасьля ўсіх вылікаў у мяне атрымлівалася 50 капеек, ну максымум рубель у месяц. То бок, калі выходзіў рубель у месяц, то гэта ўжо было проста здорава, вельмі крута», — згадаў былы палітвязень.

Даведка аб заробку Мікіты Літвіненкі ў ПК-9 за 2024–2025 гады
Даведка аб заробку Мікіты Літвіненкі ў ПК-9 за 2024–2025 гады

Чаму малыя заробкі скарачаюць страхавы стаж

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пэнсійным забесьпячэньні» у страхавы стаж залічваюцца пэрыяды працы, цягам якіх выплачваліся абавязковыя страхавыя складкі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак калі сярэднямесячны фактычны заробак, зь якога выплачваліся гэтыя складкі, быў ніжэйшы за ўстаноўленую мінімальную заработную плату, адпаведны пэрыяд працы ўлічваецца ў стажы ня ў поўным аб’ёме, а з паправачным каэфіцыентам.

Гэты каэфіцыент вызначаецца як суадносіны сярэднямесячнага фактычнага заробку работніка і сярэдняй велічыні мінімальнай заработнай платы за адпаведны пэрыяд выплаты абавязковых страхавых складак, нагадвае Мацкевіч.

Што гэта азначае для будучай пэнсіі былога зьняволенага?

Алег Мацкевіч тлумачыць, што на практыцы чалавек, які працяглы час атрымлівае нізкі заробак, можа назапашваць страхавы стаж значна павольней за работніка, чый заробак дасягае мінімальнага ўзроўню або перавышае яго. Таму надзвычай нізкая аплата працы ў месцах пазбаўленьня волі ўплывае ня толькі на актуальны матэрыяльны стан зьняволеных, але і на іх будучыя пэнсійныя правы. Нават пры афіцыйнай занятасьці і выплаце страхавых складак працягласьць працы за «сымбалічную» адплату прыводзіць да таго, што ў страхавы стаж залічваецца толькі частка фактычна адпрацаванага часу.

Паводле падлікаў праваабаронцы Алега Мацкевіча, пры заробках, пра якія расказалі былыя палітвязьні, за год працы яны набываюць усяго некалькі дзён страхавога стажу.

Гэтак, Дзяніс Хахлоў за цэлы год працы ў калёніі займеў менш за адзін тыдзень страхавога стажу, Леанід Судаленка — каля двух з паловай дзён страхавога стажу, Мікіта Літвіненка — 38,7 дня страхавога стажу за год працы ў зьняволеньні.

«Пры захаваньні такога ўзроўню аплаты працы, каб назапасіць мінімальна неабходныя цяпер 20 гадоў страхавога стажу, Мікіту Літвіненку давялося б адпрацаваць каля 188 гадоў», — падлічыў дасьледнік.

Што трэба выправіць

«Гэтыя лічбы наглядна паказваюць, наколькі дзяржава можа быць несправядлівай у адносінах да ўласных грамадзян. Пакараныя за злачынствы перад грамадзтвам (а ў выпадку з палітычнымі зьняволенымі можна гаварыць і аб крымінальнай адказнасьці пры адсутнасьці віны), гэтыя людзі атрымліваюць дадатковае пакараньне ў выглядзе малааплатнай прымусовай працы і пазбаўленьня сацыяльных гарантыяў на пэнсійнае забясьпячэньне ў будучыні», — мяркуе Алег Мацкевіч.

Дасьледнік зрабіў высновы, якія, на ягоную думку, патрабуюць пільнай увагі дзяржавы і неадкладнага ўрэгуляваньня:

  • Дзейны мэханізм фармаваньня страхавога стажу ў спалучэньні з надзвычай нізкай аплатай працы ў месцах пазбаўленьня волі фактычна абясцэньвае шматгадовую працу зьняволеных пры набыцьці імі пэнсійных правоў.
  • Беларускае заканадаўства распаўсюджвае на працоўных зьняволеных дзяржаўнае сацыяльнае страхаваньне толькі часткова, а рэальны ўзровень аплаты іх працы і дзейны мэханізм адлічэньняў не дазваляюць карыстацца сацыяльнымі выгодамі на роўных умовах зь іншымі работнікамі.
  • Існая мадэль выкарыстаньня турэмнай працы не адпавядае дэкляраваным дзяржаваю мэтам крымінальнага пакараньня. Замест таго каб спрыяць выпраўленьню і сацыяльнай рэінтэграцыі чалавека, яна стварае дадатковыя доўгатэрміновыя сацыяльныя наступствы, якія працягваюць уплываць на яго становішча і пасьля вызваленьня.

Што кажуць афіцыйныя крыніцы пра заробкі зьняволеных у Беларусі

Афіцыйныя крыніцы ўжо доўгі час нічога не паведамляюць аб узроўні заробкаў у месцах пазбаўленьня волі. Алег Мацкевіч спаслаўся на публікацыю у агенцтве minsknews, датаваную 18 жніўня 2016 году. Тады праз крыніцу minsknews тагачасны начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Сяргей Дарошка паведаміў, што сярэдні заробак асуджанага, які працуе ў папраўчай установе, складае 510 дэнамінаваных рублёў.

«На рукі асуджанага на той час даходзіла толькі дзясятая частка заробленых грошай — каля 51 рубля, астатнія ішлі на яго ўтрыманьне і пагашэньне прычыненай ім шкоды», — казаў тады палкоўнік міліцыі Сяргей Дарошка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG