Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі застаюцца 18 актывістаў незалежнага прафсаюзнага і рабочага руху Беларусі

Вацлаў Арэшка, адзін са зьняволеных дзеячоў прафсаюзнага руху. Архіўнае фота
Вацлаў Арэшка, адзін са зьняволеных дзеячоў прафсаюзнага руху. Архіўнае фота

Пасьля падзей 2020 году ўлады Беларусі фактычна зьнішчылі незалежны прафсаюзны рух у краіне: незалежныя прафсаюзы былі зьліквідаваныя судом, а іхных лідэраў і актывістаў пачалі масава караць.

Паводле Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, за шэсьць гадоў праз крымінальны перасьлед прайшлі больш за 50 прадстаўнікоў і актывістаў незалежнага прафсаюзнага і рабочага руху. На сёньня за кратамі застаюцца 18 зь іх. Некаторых актывістаў трымаюць у няволі ўжо больш за чатыры гады, прысуджаныя ім тэрміны зьняволеньня дасягаюць пятнаццаці гадоў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» нагадаў пра некаторых зь іх.

Вольга Брыцікава, пяць гадоў зняволеньня

Вольга Брыцікава, былая старшыня незалежнага прафсаюзу «Нафтан». Працавала на прадпрыемстве 16 гадоў, але праз сваю пазыцыю была звольненая. Яе ня раз затрымлівалі за выказваньні супраць вайны і распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У 2022 годзе яна правяла ў зьняволеньні 105 дзён, зь іх 75 — запар.

У рамках крымінальнай справы Вольгу затрымалі ў жніўні 2023 году. Віцебскі абласны суд 8 красавіка 2024 году ў закрытым рэжыме асудзіў Вольгу на тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывістку абвінавацілі ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці або звады» паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

Празь пяць месяцаў над палітзьняволенай адбыўся ўжо другі суд. Тады жанчыну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 1 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да санкцыяў»). Судзьдзя прызначыў Вользе яшчэ тры гады калёніі.

20 сьнежня 2024 году Вярхоўны суд скараціў гэты вырак на адзін год. Такім чынам, агульны тэрмін пакараньня Брыцікавай складае пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Цяпер Вольга адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4.

Вацлаў Арэшка, восем гадоў зьняволеньня

71-гадовы Вацлаў Арэшка — беларускі палітоляг, мастацтвазнаўца, грамадзкі дзяяч, актывіст прафсаюзу РЭП, які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». За кратамі яго трымаюць больш за чатыры гады — з 19 красавіка 2022 году.

У Менскім гарадзкім судзе 5 студзеня 2023 быў вынесены прысуд тром актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў Генадзю Фядынічу, Васілю Берасьневу і Вацлаву Арэшку.

Усіх абвінавацілі ў «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361), «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт 130), «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

Фядыніча і Берасьнева асудзілі на дзевяць гадоў, а Арэшку — на восем гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Генадзь і Васіль выйшлі на волю па памілаваньні.

За кратамі ў Вацлава Арэшкі сурʼёзна пагоршылася здароўе. У яго сурʼёзныя праблемы са зрокам, ён амаль нічога ня бачыць, але інваліднасьць у калёніі яму не афармляюць.

Андрэй Ханевіч, пяць гадоў зьняволеньня

Андрэй Ханевіч працаваў апаратнікам у цэху «Карбамід-3» прадпрыемства «Гродна-Азот». Яго затрымалі ў 2022 годзе.

У лістападзе 2022 году Ханевіча прызналі вінаватым паводле арт. 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прызначылі пяць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яму паставілі ў віну размову з журналістам «Белсату», падчас якой мужчына «перадаў нейкія зьвесткі». Тэлефон Андрэя праслухоўвалі, размовы запісвалі супрацоўнікі спэцслужбаў.

Руслан Бадамшын, два з паловай гады зьняволеньня

Руслан — лекар-нэўроляг. З 2020 году яго затрымлівалі як мінімум пяць разоў — на яго складалі пратаколы, арыштоўвалі. Тады ён агулам адбыў больш за 60 дзён адміністрацыйнага арышту. Пазьней супраць яго завялі крымінальную справу за фота з акцыяў пратэсту ў 2020 годзе ў Менску (арт. 342 КК). У траўні 2024 году яго асудзілі на тры гады «хатняй хіміі».

Чарговы раз яго затрымалі ў чэрвені 2025 году паводле арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да санкцыяў»). Папярэдне лекара абвінавацілі ў «справе Беларускага Гаюна». У пачатку 2026 году стала вядома, што палітвязьню прызначылі два з паловай гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Фігуранты справы «Рабочага руху», ад 11 да 15 гадоў зьняволеньня

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 вынесьлі прысуд у «справе Рабочага Руху». Дзесяць палітзьняволеных — Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандар Капшуль — былі асуджаныя на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калёніі. Іх усіх абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім», а таксама паводле іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Усе палітвязьні не прызналі віны ў гэтай справе.

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што ў ліпені Аляксандра Гашнікава, Аляксандра Капшуля, Валянціна Цераневіча, Уладзімера Жураўку і Сяргея Шэлеста перавялі на турэмны рэжым, узмацніўшы рэжым утрыманьня.

Арцём Пархамовіч, 11 гадоў зьняволеньня

Арцём — супрацоўнік «Белтэлекаму», затрыманы 22 кастрычніка 2020 году.

8 лютага 2022 у Менскім гарадзкім судзе агучылі прысуд Аляксею Бычкоўскаму і Арцёму Пархамовічу. Іх асудзілі на падставе васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу на 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнага.

Цяпер Арцёма трымаюць у шклоўскай калёніі № 17.

Аляксандар Мураўёў, 12 гадоў зьняволеньня

Аляксандр — таксіст, сябра прафсаюзу РЭП, якога затрымалі 6 лістапада 2021 году ў справе ініцыятывы «Буслы ляцяць». 28 верасьня 2022 году ў Менскім гарадзкім судзе абвясьцілі прысуды ў гэтай справе. Судзьдзя прызначыла фігурантам справы вялікія тэрміны: у прыватнасьці, Мураўёў атрымаў 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандар адбывае тэрмін у шклоўскай калёніі № 17.

Артур Хлус, пяць гадоў зьняволеньня

Артур — фэльчар горадзенскай брыгады хуткай дапамогі, затрыманы ў канцы кастрычніка 2022 году за ўдзел у пратэстах.

У лютым 2023 году палітвязьня прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 КК («удзел у масавых беспарадках»). У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 22 чэрвеня 2023 году быў вынесены прысуд — пяць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Артур адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1.

Ганна Карняенка, пяць гадоў зьняволеньня

Ганна — былая бухгальтарка Менскага электратэхнічнага заводу імя Вавілава. На момант затрыманьня яе дзіцяці было некалькі месяцаў. Вядома, што Ганну звольнілі з працы пасьля «Народнага ўльтыматуму» ў 2020 годзе, затым яна судзілася з прадпрыемствам з прычыны незаконнага звальненьня.

Палітзьняволеную абвінавацілі ў «незаконных дзеяньнях у дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і асабістых зьвестках» (ч. 3 арт. 203-1 КК) і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт 130 КК). У Менскім гарадзкім судзе 24 траўня 2023 году ёй прызначылі пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ганна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4.

Як МАП змагаецца за правы працоўных у Беларусі

У лістападзе 2025 году адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы (МАП, ILO) сярод іншага запатрабавала ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты ўсім вызваленым з турмаў лідэрам і актывістам незалежных беларускіх прафсаюзаў, у тым ліку і Аляксандру Ярашуку, але гэтага патрабаваньня рэжым у Беларусі ня выканаў.

25 траўня на сыстэмныя парушэньні правоў у працоўнай сфэры Беларусі зьвярнулі ўвагу ў сумеснай заяве прадстаўнікі 13 незалежных працоўных і праваабарончых арганізацыяў краіны.

Асабліва адзначаецца сытуацыя з прымусовым выправаджэньнем зь Беларусі з ануляваньнем пашпартоў і пазбаўленьнем сацыяльных правоў Аляксандра Ярашука, Генадзя Фядыніча і Максіма Сеніка.

Прадстаўнікі незалежных працоўных і праваабарончых беларускіх арганізацыяў заклікалі МАП не зьмяншаць ціск на ўлады Беларусі.

У чэрвені 2023 году на 111-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы была прынятая рэзалюцыя аб Беларусі з выкарыстаньнем артыкулу 33 Статуту МАП. Арганізацыя афіцыйна прызнала, што Беларусь сыстэматычна не выконвае рэкамэндацыі Камісіі расьсьледаваньня свабоды аб’яднання і правоў прафсаюзаў. Раней за ўсю гісторыю МАП артыкул 33 ужывалі адзін раз — у 2001 годзе супраць М’янмы.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG