Сэсія працягнецца да 12 чэрвеня. Заплянаваныя справаздачы кіраўніцтва арганізацыі, дыскусіі па актуальных праблемах міжнароднага працоўнага руху і абмеркаваньне сытуацыі з правамі працоўных у розных кутках сьвету, у тым ліку на Блізкім Усходзе ды іншых крызісных месцах.
Удзел у дыскусіі ў Жэнэве прыме афіцыйная дэлегацыя ад Беларусі, якую, паводле заяўкі, узначаліць Ларыса Бельская, прадстаўніца Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве. Сярод прадстаўнікоў прадзяржаўных прафсаюзаў Беларусі ў складзе беларускай дэлегацыі таксама значыцца старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Юры Сянько.
6 чэрвеня на сэсіі выступіць адзін зь лідэраў незалежных беларускіх прафсаюзаў, былы палітвязень Аляксандар Ярашук, якога раней абралі сябрам адміністрацыйнай рады МАП.
У лістападзе 2025 году адміністрацыйная рада МАП сярод іншага запатрабавала ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты ўсім вызваленым з турмаў лідэрам і актывістам незалежных беларускіх прафсаюзаў, у тым ліку і Аляксандру Ярашуку, але гэтае патрабаваньне рэжым у Беларусі ня выканаў.
25 траўня на сыстэмныя парушэньні правоў у працоўнай сфэры Беларусі зьвярнулі ўвагу ў сумеснай заяве прадстаўнікі 13 незалежных працоўных і праваабарончых арганізацый Беларусі.
«Больш за 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, звыш 50 — ужо адбылі пакараньне, застаючыся пры гэтым нерэабілітаванымі. Абмежаваньні, якія прымяняюцца да апошніх на падставе рэжыму судзімасьці, уключэньня ў сьпісы „экстрэмістаў“ і „тэрарыстаў“, працягваюць рэпрэсіі ў дачыненьні да іх. Дэ-юрэ вызваленыя зь месцаў несвабоды, яны фактычна працягваюць адбываць пакараньне», — гаворыцца ў заяве, падпісанай па выніках міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай правам працоўных, якая прайшла ў Бэрліне.
Асабліва адзначаецца сытуацыя з прымусовым выдварэньнем зь Беларусі з ануляваньнем пашпартоў і пазбаўленьнем сацыяльных правоў Аляксандра Ярашука, Генадзя Фядыніча і Максіма Сеніка.
Прадстаўнікі незалежных працоўных і праваабарончых беларускіх арганізацый заклікалі МАП не зьмяншаць ціск на ўлады Беларусі.
«Мы выказваем рашучую падтрымку мандату Спэцыяльнага пасланьніка МАП па Беларусі Лелью Бэнціса Курэя і заклікаем да яго далейшага ўмацаваньня. Ва ўмовах адсутнасьці эфэктыўных унутраных мэханізмаў абароны працоўных правоў міжнародная ўвага і супрацоўніцтва застаюцца ключавымі інструмэнтамі падтрымкі работнікаў Беларусі», — адзначаюць аўтары заявы.
У чэрвені 2023 году на 111-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы была прынятая рэзалюцыя па Беларусі з ужываньнем артыкулу 33 Статуту. МАП афіцыйна прызнала, што Беларусь сыстэматычна не выконвае рэкамэндацыі Камісіі па расьсьледаваньні што да свабоды аб’яднання і правоў прафсаюзаў. Да гэтага за ўсю гісторыю МАП артыкул 33 ужываўся адзін раз: у 2001 годзе супраць М’янмы.
Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі
Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.
Выправаджэньне (выдварэньне)?
Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.
Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;
або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.
Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.
Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.
Форум