30 сакавіка ў Жэнэве засядала Адміністрацыйная рада — кіроўны орган МАП, якая ўжо другі раз зь лістапада 2025 году разглядала сытуацыю з правамі працоўных у Беларусі. На паседжаньні ў лістападзе пералічылі шмат парушэньняў, у тым ліку свабоды арганізацыі незалежных прафсаюзаў, і выклалі рэкамэндацыі для выпраўленьня становішча. Што зьмянілася?
Праз 4 месяцы Адміністрацыйная рада МАП адзначыла, што сытуацыя ня выправілася, а ўрад Беларусі «не падаў ніякай новай інфармацыі аб мерах, прынятых для выкананьня рэкамэндацыяў».
На паседжаньні 30 сакавіка таксама разглядалі пытаньне прафсаюзных лідэраў зь Беларусі Аляксандра Ярашука і Генадзя Фядыніча, якіх улады летась вызвалілі з няволі, але выправадзілі з краіны, пазбавіўшы пэнсіяў. Былы старшыня Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Ярашук быў вывезены за мяжу яшчэ і бяз пашпарта.
Паводле Ярашука, ліст ад імя ўраду Беларусі ў МАП, у якім гаворыцца, што ягоны пашпарт нібыта «невядома дзе», а пэнсіі ён пазбаўлены, бо нібыта «зьдзейсьніў злачынства супраць дзяржавы», нікім не падпісаны. «Гэта ліст нікім не падпісаны — так яны робяць, адказваючы міжнародным структурам. Але мне відавочна, што ад імя ўраду адказ рыхтавала і адпраўляла міністэрства працы», — расказаў Аляксандар Ярашук карэспандэнту Свабоды.
Рада МАП адрэагавала на справу Ярашука і Фядыніча наступным запісам у выніковай рэзалюцыі паседжаньня ад 30 сакавіка: «(Рада) з найвялікшай заклапочанасьцю адзначыла адмову ўраду Беларусі вярнуць спадарам Ярашуку і Фядынічу сканфіскаваныя пашпарты і аднавіць выплату ім пэнсіяў, і заклікала ўрад зрабіць гэта без далейшых затрымак».
Ці гэта задаволіла беларускіх актывістаў — былых палітзьняволеных? Паводле Аляксандра Ярашука, «у цяперашняй палітычнай сытуацыі ў сьвеце гэта яшчэ найлепшы вынік». Прафсаюзны актывіст мяркуе, што нават такая рэзалюцыя дапаможа прыцягнуць увагу да праблемы беларускіх палітвязьняў, якіх «вызваляюць і дэпартуюць часта без дакумэнтаў».
Чыноўнікі зь беларускага ўраду (ліст ураду застаўся не падпісаны. — РС) напісалі ў МАП, што ня ведаюць, дзе пашпарт Ярашука.
«За прыняцьце рэзалюцыі былі 40 сяброў Адміністрацыйнай рады, 2 супраць і 8 устрымаліся, у тым ліку ўстрымаліся амэрыканцы. Усе разумеюць, чаму, бо вядомыя цяперашнія стасункі іх адміністрацыі з кіраўніцтвам Беларусі. Зазначу, што гэта ўплывае і на паводзіны беларускага ўраду, які дэманструе больш агрэсіі і нахабства. Але ўсё ж рэзалюцыя прынятая, і гэтым зроблены наступны крок у абароне правоў працаўнікоў у Беларусі. Наша мэта — дамагчыся скасаваньня судовай ліквідацыі Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў, і мы будзем за гэта змагацца», — сказаў Свабодзе Аляксандар Ярашук.
У паседжаньні Адміністрацыйнай рады МАП ён браў удзел як сябра гэтага органу з 2011 году.
Актывіст назваў «крывадушшам і фарысэйствам» адказ беларускага ўраду Міжнароднай арганізацыі працы аб ягоных пашпарце і пэнсіі.
«Так і заявіў на паседжаньні — што гэта крывадушша і фарысэйства. Як гэта можа быць, што згубіўся пашпарт, калі там усё пад кантролем. І пэнсію маю хай падзеляць паміж сабой, калі ім усё мала. Паказальна іншае: калі ўжо адносна сябра Рады МАП прымаюць такія захады, як пазбаўленьне пэнсіі, дык што казаць пра простых беларускіх працаўнікоў. Яны там пазбаўленыя ўсіх правоў, фактычна ў рабскім становішчы», — сказаў Ярашук пра сытуацыю з правамі працоўных у Беларусі.
Аляксандру Ярашуку 74 гады. Да пераходу ў незалежныя прафсаюзы Ярашук працаваў на розных дзяржаўных пасадах, у тым ліку намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму. Пэнсію былога дзяржаўнага службоўца Ярашук, зь ягоных словаў, атрымліваў цягам двух гадоў, да затрыманьня ў красавіку 2022 году. Прафсаюзнага лідэра асудзілі на 4 гады зьняволеньня паводле артыкулаў 342 Крымінальнага кодэксу аб «удзеле ў масавых беспарадках» і 361 — аб «закліках да санкцыяў». Адбываў пакараньне Ярашук у калёніі № 17 у Шклове і ў магілёўскай крытай турме № 4, быў вызвалены і вывезены зь Беларусі 11 верасьня 2025 году ў складзе групы з 52 былых палітвязьняў.
Паводле Аляксандра Ярашука, як беларускі пэнсіянэр ён зьвярнуўся ў дзяржаўны пэнсійны фонд Літвы, дзе цяпер жыве, з заявай аб прызначэньні яму пэнсіі і чакае адказу. Ярашук прызнаўся, што за час зьняволеньня ў значнай ступені страціў здароўе і цяпер праходзіць курс лячэньня.
Сярод рашэньняў Адміністрацыйнай рады МАП, прынятых 30 сакавіка, — заклік да ўрадаў, прафсаюзаў і працадаўцаў іншых краін прымаць меры ўзьдзеяньня на Беларусь, а таксама просьба да ўраду Беларусі тэрмінова «прыняць міжнародную гуманітарную місію для забесьпячэньня таго, каб незалежныя лекары маглі наведаць усіх зьняволеных прафсаюзных дзеячоў для ацэнкі іх здароўя і аказаньня мэдычнай дапамогі».
У зьняволеньні ў Беларусі яшчэ знаходзяцца былая кіраўніца страйкаму наваполацкага аб’яднаньня «Нафтан» Вольга Брыцікава і былы юрысконсульт аб’яднаньня Аляксандар Капшуль, актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка, які амаль страціў зрок, і яшчэ 17 сяброў незалежных прафсаюзаў, вызваленьня які дамагаюцца іх беларускія калегі і аднадумцы зь Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
Форум