Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Ярашук просіць МАП падтрымаць рэпрэсаваных прафсаюзных актывістаў у Беларусі

Аляксандар Ярашук на прэс-канфэрэнцыі адразу пасьля вызваленьня
Аляксандар Ярашук на прэс-канфэрэнцыі адразу пасьля вызваленьня

Былы кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук падзякаваў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) за падтрымку падчас зьняволеньня і заклікаў працягваць дапамогу беларускім прафсаюзным актывістам, якія застаюцца за кратамі.

Пра гэта ён заявіў падчас 356-й сэсіі Адміністрацыйнай рады МАП у Жэнэве, дзе цяпер разглядаецца сытуацыя ў Беларусі, у тым ліку далейшыя меры ў рамках артыкулу 33.

Пасьля падзеяў 2020 году ўлады Беларусі фактычна ліквідавалі незалежны прафсаюзны рух. У 2022 годзе прайшлі масавыя затрыманьні, а Вярхоўны суд Беларусі пазьней закрыў БКДП і шэраг галіновых прафсаюзаў. У краіне засталася толькі праўладная структура.

Міжнародныя арганізацыі неаднаразова асуджалі гэтыя дзеяньні. У 2023 годзе МАП ужыла да Беларусі артыкул 33 — адзін з самых жорсткіх мэханізмаў узьдзеяньня за парушэньне правоў працоўных. Гэта ня «санкцыі» ў клясычным юрыдычным сэнсе, але фактычна гаворка пра дыпляматычны і палітычны ціск, абмежаваньне супрацоўніцтва, рэкамэндацыі міжнародным арганізацыям і ўрадам не падтрымліваць парушальніка правоў прафсаюзаў.

Ярашука засудзілі ў канцы 2022 году на чатыры гады калёніі. Яго і калегаў прызналі вінаватымі паводле артыкулаў аб «парушэньні грамадзкага парадку» і «закліках да шкоды нацыянальнай бясьпецы».

У верасьні 2025 году ён выйшаў на волю ў выніку перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, яго прымусова вывезьлі ў Літву разам зь іншымі вызваленымі.

Цяпер былы палітвязень заклікае міжнародную супольнасьць не спыняць ціск і падтрымку, пакуль у Беларусі застаюцца зьняволеныя прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG