Пра абставіны самагубства намесьніка начальніка цэха на прадпрыемстве «Гродна Азот» у «ПіКу Свабоды» гаворым з прадстаўніком «Рабочага руху» Юрыем Рававым, які раней быў лідэрам страйку на «Гродна Азот».
Глядзець размову на відэа цалкам
0:39 – Што стала прычынай самагубства намесьніка начальніка цэха на прадпрыемстве «Гродна Азот»
3:48 – Што вядома пра загінулага
5:17 – Ці часта з работнікаў спрабуюць спаганяць такія вялікія даўгі
6:38 – Якія шанцы на расьсьледаваньне гэтай трагедыі
12:37 – Якія вынікі адсутнасьці незалежных прафсаюзаў
18:12 – Чым займаецца «Рабочы рух»
Тут фрагмэнты гутаркі
— Вядома, што трагедыя здарылася ў пазамінулую суботу. Паводле крыніц Свабоды, намесьніка начальніка цэха знайшлі павешаным непадалёк ад завода. Яго звалі Андрэй. Што вядома «Рабочаму руху» пра гэты выпадак?
— Так, загінулага звалі Андрэй. Ён працаваў намесьнікам начальніка цэха аднаўленьня з’едлівага натру і адказваў за тэхналёгію. Яго цела знайшлі ў лесапаркавай зоне каля завода ў канцы красавіка. У яго засталіся жонка і двое дзяцей. Паводле нашай інфармацыі, трагедыя зьвязаная з праблемамі ў цэху і з тым, што на яго хацелі ўскласьці доўг больш як у адзін мільён рублёў. Праблема ўзьнікла ў печах для спальваньня адходаў. Там ёсьць спэцыяльная футроўка з цэглы, якая павінна вытрымліваць высокія тэмпэратуры. Але цэгла, якую закупілі — расейскай вытворчасьці — аказалася няякаснай і не вытрымала патрэбных умоў. У выніку адбылося разбурэньне. Андрэя хацелі зрабіць вінаватым і павесіць на яго гэты велізарны доўг. Генэральны дырэктар нібыта сказаў, што ён будзе выплачваць яго ўсё жыцьцё. Раней закуплялі імпартную цэглу, але цяпер, верагодна з прычыны санкцый, узялі расейскую. Пасьля той плянёркі яшчэ адзін кіраўнік цэха трапіў у бальніцу з інфарктам паводле нашых крыніцаў.
— Які прыблізны заробак у намесьніка начальніка цэха? Ці рэальна было б выплаціць такую суму?
— Прыкладна каля тысячы долараў у месяц у эквіваленце. Відавочна, што выплаціць мільён рублёў за жыцьцё практычна немагчыма.
— Ці зьяўляецца практыка ўскладаньня вялікіх даўгоў на работнікаў распаўсюджанай?
— Такія выпадкі былі, але звычайна завод сам пакрываў страты. Максымум — маглі пазбавіць прэміі. Але не гаворка пра мільёны. Пры гэтым бывала, што кіраўніцтва закупляла дарагое абсталяваньне, якое не падыходзіла, і ніхто за гэта не нёс адказнасьці.
— Якія шанцы на належнае расьсьледаваньне гэтай трагедыі?
— На жаль, у сёньняшняй Беларусі гэта амаль немагчыма. Падобныя выпадкі ўжо былі, у тым ліку на Гомельскім хімічным заводзе, і ніхто не быў прыцягнуты да адказнасьці.
— Якая цяпер агулам сытуацыя на «Гродна Азот»?
— Пасьля 2020 года шмат людзей звольнілі або яны з’ехалі. Цяпер на заводзе сотні вакансій. Узмацніўся кантроль: працуюць былыя супрацоўнікі КДБ, забаронена праносіць мабільныя тэлефоны. Атмасфэра больш нагадвае калёнію, чым прадпрыемства... Завод вырабляе сыравіну, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для бронекамізэлек, якія выкарыстоўваюцца рсейцамі ў вайне супраць Украіны. Попыт на такую прадукцыю вырас.
— Цяпер у Беларусі дзейнічаюць толькі праўладныя прафсаюзы ў структуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Якія вынік адсутнасьці незалежных прафсаюзаў?
— Незалежны прафсаюз на прадпрыемстве быў зьнішчаны, яго лідэр знаходзіцца ў калёніі. Калі б існавала месца, дзе работнік мог бы атрымаць абарону, магчыма, трагедыі ўдалося б пазьбегнуць. Праўладныя прафсаюзы займаюцца толькі сацыяльнымі бонусамі і не абараняюць людзей.
— Наколькі зношанае абсталяваньне на заводзе?
— Яно паступова зношваецца. Грошы на мадэрнізацыю выдзяляюцца недастаткова. Прыярытэт — прыбытак, а не бясьпека.
- Юрый Рававы працаваў на «Гродна Азот» з 2013 да 2020 года. У 2020 годзе стаў старшынёй стачкаму. Пасьля пагрозаў затрыманьня быў вымушаны зьехаць у Польшчу.
- «Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. У кастрычніку 2021 году «Рабочы рух» першым у Беларусі быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У 2023 годзе Гомельскі суд вынес жорсткія прысуды 10 фігурантам справы «Рабочага руху».
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум