Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адным з цэхаў «Гродна Азота» аварыйна спыненая вытворчасьць аміяку

«Гродна Азот». Ілюстрацыйнае фота
«Гродна Азот». Ілюстрацыйнае фота

Пра «пазаплянавае прыпыненьне цэха «Аміяк-3» з прыпыненьнем узаемазлучанага зь ім па сыравіне цэха «Карбамід-3»» паведаміла прадпрыемства «Гродна Азот».

Інцыдэнт здарыўся 20 красавіка ў 6:23. Прадпрыемства «Гродна Азот» дзяржаўнае. Яно знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.

Адзначаецца, што «пры прыпыненьні і наступных пускавых апэрацыях цэха аміяк-3 з мэтай утылізацыі гаручых рэчываў, якія ўваходзяць у склад тэхналягічнага газу, рэглямэнтам прадугледжана яго кароткачасовае спальваньне на факельнай ўсталёўцы». Пасьля вызваленьня ўсіх стадый вытворчасьці ад гаручых газаў іх спальваньне на факельнай устаноўцы спыняецца, цытуе Позірк.

«Падставаў і нагоды для занепакоенасьці ў жыхароў горада, а таксама пагрозы экалёгіі няма», — сьцьвярджаецца ў паведамленьні.

Папярэдні раз цэх аміяк-3 аварыйна спыняўся 3 верасьня 2025 года. Прычынай назвалася «спыненьне падачы паветра на стадыю рыформінгу цэха».

  • Сёлета 27 студзеня ў канцэрне «Белнафтахім» паведамілі аб «пасьпяховым» завяршэньні летась у сьнежні чарговага этапу рэканструкцыі цэху «Аміяк-4». Гэты цэх — «сэрца» прадпрыемства, таму яго рэканструкцыю сумясьцілі з капітальным рамонтам. Складанасьць была ў тым, што новае абсталяваньне мусілі ўсталёўваць без спыненьня дзейнай устаноўкі. Гэта рабілі дзеля нарашчэньня агульнай магутнасьці выпуску аміяку на 45% і для павелічэньня надзейнасьці тэхналягічнага абсталяваньня.
  • Летась у лістападзе на прадпрыемстве «Гродна Азот» запусьцілі цэх «Аміяк-4», які шмат разоў спыняўся праз аварыйныя сытуацыі і ўрэшце быў закрыты летась у жніўні на «плянавы рамонт і мадэрнізацыю». Раней паведамлялі, што на «Гродна Азоце» да 2026 году плянуюць правесьці праграму мадэрнізацыі коштам 800 мільёнаў даляраў. Кіраўніцтва заводу заяўляла, што 95 % абсталяваньня плянавалі купіць у Расеі.
  • Цэх «Аміяк-4» няпланава спыняўся 5 сакавіка і 19 красавіка 2021 году. 7 ліпеня, 4 жніўня і 6 сьнежня 2021 году аварыйныя сытуацыі адбываліся ў цэху азотнай кіслаты і карбамідна-аміячнай сумесі. Па некалькі разо цэх спыняў сваю дзейнасьць у 2022, 2023 і 2024 гадах.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG