У пачатку размовы Кацярына адзначыла выразны клопат большасьці беларусаў-мігрантаў аб тых суайчыньніках, якія застаюцца ў зьняволеньні, нацэленасьць на іх найхутчэйшае вызваленьне. Пры гэтым журналістка зьвярнула ўвагу на «палярызацыю ў эмігранцкіх колах», на што заклікала не забываць «што мы ўсе маем адну мэту — дэмакратычную Беларусь».
Кацярына Андрэева асабіста падзякавала тым беларусам, якія зь першых дзён няволі выказалі ёй салідарнасьць. Яна згадала, як у СІЗА ахоўнікі мусілі наўпрост «высыпаць у кармушку» пачак лістоў, адрасанаваных ёй, у тым ліку з-за мяжы.
«Гэта не давала адчуць сябе ў адзіноце і пазьней, ужо ў калёніі», — згадала Кацярына.
Як у кватэру уварваліся сілавікі
Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 году ў час стрыму, якія яна вяла з кватэры ў доме на «Плошчы перамен», побач зь якім праходзіла акцыя памяці загіблага Рамана Бандарэнкі. Момант свайго затрыманьня Кацярына памятае ў дэталях.
«Самым страшным было разуменьне, што пачалі хадзіць па кватэрах і высьвятляць, адкуль здымаюць. Мне было страшна і за людзей, якія нас пусьцілі. Мы з Дашай (апэратаркай Дар’яй Чульцовай — РС) селі на падлогу, пачалі глыбока дыхаць, каб супакоіцца і лічылі сэкунды. Было страшна але не было сумневаў у тым, што я рабіла ўсё слушна», — згадала Кацярына Андрэева.
Потым у кватэру ўварваліся сілавікі. Журналістка і гэты момант памятае з дакладнасьцю.
«На нас наваліліся як мае быць. Было вельмі страшна. Але я ня думала, што гэтая гісторыя зацягнецца на доўгіх 5 гадоў. Рыхтавалася да двух», — прызналася Кацярына.
Выразны сьлед у памяці журналісткі пакінуў суд. Па-першае, тым, што яна змагла дамовіцца з калегай Дар’яй Чульцовай, што на суд абедзьве апрануць белыя сукенкі — гэта будзе пэўная дэманстрацыя. Таксама памятае, як рыхтавалася да прамовы апошняга слова.
«Яшчэ ў СІЗА Жодзіна за два тыдні да суду хадзіла па камэры і паўтарала прамову. Бо была мэта сказаць ёміста за кароткі час».
18 лютага Кацярыну Андрэеву асудзілі на 2 гады зьняволеньня паводле гэтак званага «народнага» 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Як праходзіў новы суд
Праз год і два месяцы журналістцы выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве».
«Шпалеры ў пакоі, куды мяне даставілі для гэтай абвесткі, пачалі круціцца перад вачыма» — распавяла Кацярына пра пачуцьці ў мамант, калі пачула ад сьледчага пра новае абвінавачаньне.
Другі суд, цяпер паводле 1-й часткі 356 артыкулу КК, быў закрытым.
Кацярына згадала, як напярэдадні напісала мужу, каб прывёз ёй на новы суд белую сукенку.
«Каб быць у такім жа настроі, як на першым судзе, але было вельмі складана», — прызнала Кацярына, бо ў выніку ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня.
Былая палітзьняволеная назвала той момант самым страшным, але потым маральна дала рады. Яшчэ больш цяжкім было даведацца пра арышт мужа Ігара Ільяша.
Ці варта замоўчваць імёны палітвязьняў зь меркаваньняў, каб ім «не нашкодзіць»?
Кацярына скарысталася магчымасьцю і загаварыла пра зьняволеных журналістаў. Яна мяркуе, што імёны асуджаных незаконна калег варта згадваць пры кожнай зручнай магчымасьці.
«Вельмі важна памятаць і казаць пра палітвязьняў як мага часьцей», — мяркуе Кацярына Андрэева.
Пра кантактаваньне зь вядомымі палітзьняволенымі
Кацярына адбывала пакараньне ў 4-й жаночай калёніі ў Гомлі, дзе ўтрымлівалі шмат каго з вядомых дзяячак. Адрэева зазначыла, што цяпер вядомыя асобы ў няволі знаходзяцца ў аднолькавых умовах з усімі асуджанымі, але так не было раней.
«У 2021–2022 гадах прыналежнасьць да рэзананснай справы адбівалася на стане палітвязьня, ім было горш», — згадала Кацярына Андрэева.
Паводле Кацярына Андрэевай, у 2021–2022 гадах кантактаваць зь вядомымі палітзьняволенымі жанчынамі забаранялася, за такія кантакты пагражала пакараньне. Але пазьней абмежаваньні пачала слабець, зазначыла Кацярына і згадала, што кантактаваць стала магчымым нават з Марыяй Калесьнікавай. Наконт таго, чаму наступіла паслабленьне, у журналісткі свая вэрсія.
«Дагэтуль не выключаю, што зьявяцца кадры, як жылося гэтым людзям. Гэта рабілася для вонкавага спажыўца», — мяркуе Кацярына Андрэева.
Кацярына сказала, што жанчыны вакол яе заўсёды падтрымлівалі адна адну, і яна вельмі ўдзячная за такую падтрымку сяброўкам па калёніі. Прыкладам таго, як трэба трымацца ў няволі, журналістка назвала былую рэдактарку tut. by Марыну Золатаву.
Як трэба ставіцца да былых палітзьняволеных
«Мы ўсе пачынаем адужваць», — сказала Кацярына пра палітзьняволеных жанчын, якія апынуліся на волі, як і яна.
Але, паводле Кацярыны Андрэевай, стаўленьне беларускіх мігрантаў да былых палітвязьняў мусіць быць больш далікантным.
«Далікатнасьць мусіць быць самым важным у вашых кантактах зь імі», — раіць Кацярына Андрэева. Паводле яе назіраньняў, некаторыя палітвязьні не асабліва жадаюць згадваць няволю, што, на яе думку, натуральна.
«Ня трэба ціснуць залішне на палітвязьняў. Дастаткова проста пабыць побач. Нават мэдыйныя людзі, каго вельмі чакалі, па вызваленьні застаюцца вельмі самотнымі. Важна іх падтрымліваць такіх, якія яны ёсьць. Давайце не патрабаваць ад палітвязьняў большага, чым магчыма», — параіла іншым беларусам Андрэева.
Паводле Кацярыны Андрэевай яна вельмі радая, што мае магчымасьць аказваць маральную дапамогу тым, хто чакае сваіх сваякоў.
«Беражыце адзін аднаго», — адказала Кацярына на пытаньне пра галоўную выснову, якую зрабіла за часы няволі.
Пра адчуваньні на волі — плюсы і мінусы
Адчуваньні першых месяцаў на волі розныя, прызнала былая палітзьняволеная.
«Дзіўным ёсьць пачуцьцё, што ты больш нічым не абмежаваны фізычна. Нядаўняе падарожжа на самалёце было такім жа яркім, як у дзяцінстве. Шмат што перажываеш наноў, гэта плюс. Але мінус у тым, што ты губляеш лічбавыя навыкі», — прызнала Кацярына і згадала, як у калёніі гэта прадчувала і таму часам адмыслова імітавала жэсты з тэлефонам у руцэ.
Некаторыя звычкі, набытыя ў калёніі, на волі ня зьніклі, адзначыла журналістка.
«У Варшаве хацелася падыйсьці да паліцыянта і павітацца», — засьмяялася Кацярына ўласнаму ўспаміну пра тое, як у калёніі кожны асуджаны мусіў вітацца з любым прадстаўніком адміністрацыі.
Таксама былую зьняволеную на волі адпачатку вельмі зьдзіўляла, што можна было «кудысьці пайсьці і гэта ня трэба было ні з кім узгадняць». Цяпер яна да гэтага прызвычаілася, пашчыравала Кацярына.
«Яшчэ дрэнна, што адчувала пагрозу ў кожным мужчыну, бо там ахоўнікі былі толькі мужчынамі», — з сумнай усьмешкай сказала Кацярына Андрэева і падсумавала: «Такі рэфлекс: 5 гадоў няволі і толькі 3 месяцы свабоды — гэта непараўнальна».
Пляны на будучыню
Кацярына Андрэева паведаміла, што плянуе зноў займацца журналістыкай. Каб гэтыя пляны зьдзейсьніліся, яна ўжо атрымала патрэбныя дакумэнты для сталага жыцьця і працы за мяжой.
Кацярына спадзяецца працаваць на тэлеканале «Белсат», у тым ліку «вярнуцца ў жывы этэр».
«Хаця я разумею, што журналістыка ўжо не тая, як была нават пяць гадоў таму, і што я ня буду мець таго водгуку, які мела, працуючы ў Беларусі», — прызналася Кацярына Андрэева.
Журналістка пакуль не зьбіраецца займацца кнігай успамінаў.
«Бо не адчуваю, што мая гісторыя скончаная, каб пачынаць такую кнігу. Але таксам таму, што няма Ігара побач. Калі ён будзе вызвалены, то буду зь ім раіцца», — сказала Кацярына пра кнігу мэмуараў.
Што вядома пра мужа
Паводле Кацярыны, зьвестак пра мужа Ігара ў яе мала. Да затрыманьня ў кастрычніку 2024 году Ігар мог ёй дасылаць лісты і размаўляць па тэлефоне, але па ягоным арышце кантакты абарваліся і дагэтуль не аднавіліся.
«Ён дакладна даведаўся, што я была вызваленая. У той момант ён выйшаў з ШЫЗА, даведаўся пра мяне ад сястры падчас званку», — распавяла Кацярына пра мужа.
Паводле Кацярыны Ігар Ільяш цяпер у ПК-2, у Бабруйску. Ён працуе на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі.
«Там, дзе цяпер знаходзіцца Ігар, вельмі цяжка. Але маральна яму лягчэй ведаць, што я на свабодзе», — мяркуе Кацярына.
Які лёс уласных вершаў і лістоў
Кацярына Андрэева прыгадала, што пасьпела перачытаць у калёніі творы Ўладзімера Караткевіча і згадала, што ў 2024 годзе некаторыя беларускія кнігі пачалі зь бібліятэкі забіраць.
«Але ў калёніі шмат не пачытаеш, бо там максымальна займаюць працай», — расказала былая зьняволенай ПК-4.
Перад вызваленьнем у Кацярыны забралі ўсе запісы, лісты і вершы, якія там напісала. Журналістка думае, што іх зьнішчылі.
«Вельмі шкада. Штосьці зь вершаў удалося захаваць, бо пасьпела іх даслаць на волю, іх недзе надрукавалі». Пры гэтым Кацярына прызналася, што ад затрыманьня яе мужа Ігара яна не напісала ніводнага верша. «Не змагла».
«Давайце вернемся ў Беларусь мэнтальна здаровымі людзьмі!» — заклікала пад аплядысмэнты залі Кацярына Андрэева.
Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 году і агулам, паводле розных артыкулаў, асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня. 19 сакавіка 2026 году Кацярыну прымусова вывезьлі з жаночай калёніі № 4 да мяжы зь Літвой. Цяпер журналістка жыве ў Польшчы.
Муж Андрэевай Ігар Ільяш быў затрыманы 22 кастрычніка 2024 году і асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле артыкулу 369 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Форум