Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшла журналістка Кацярына Андрэева, яе муж Ігар Ільяш застаецца за кратамі

Журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева), архіўнае фота
Журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева), архіўнае фота

Пасьля чарговай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі сярод іншых вызвалілі журналістку Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву), якая за кратамі адбыла больш за 5 гадоў.

Інфармацыю пра вызваленьне Кацярыны Бахвалавай Свабодзе пацьвердзілі ў яе сям'і. Яна ўжо ў Літве і пасьпела патэлефанаваць бацькам.

Палітзьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэева) трапіла за краты ў 2020 годзе. Кацярыну затрымалі 15 лістапада 2020 году за стрым з «плошчы Перамен», у якім быў паказаны ў жывым этэры жорсткі разгром сілавікамі мірнай акцыі ў памяць забітага сілавікамі Рамана Бандарэнкі.

З таго часу журналістку двойчы судзілі і агулам прызначылі ёй 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, яна адбывала пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.

Мужа Кацярыны журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 году і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361–4 КК). У верасьні 2025 году судьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Кацар вынес вырак мужу Кацярыны журналісту Ігару Ільяшу ў 4 гады зьняволеньня. Ігар застаецца за кратамі ў бабруйскай калёніі № 8.

У 2021 годзе Ігар адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту, яму раілі як найхутчэй выехаць з краіны, бо рана ці позна прыйдуць і па яго. Але Ігар сьвядома вырашыў заставацца ў Беларусі, чакаючы вызваленьня жонкі, пісаў ёй лісты і вазіў перадачы ў СІЗА і калёнію.

Пра каханьне Кацярыны і Ігара рэжысэрка Мара Тамковіч зьняла мастацкі фільм «Пад шэрым небам», які атрымаў міжнародныя прэміі.

XS
SM
MD
LG