Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пад шэрым небам» стаў фільмам году паводле беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»

Афіша да прэм’еры фільму «Пад шэрым небам»
Афіша да прэм’еры фільму «Пад шэрым небам»

Журы кінапрэміі «Чырвоны верас» у складзе 20 кінакрытыкаў абвясьціла найлепшыя фільмы 2023 і 2024 гадоў.

Фільмам году стаў «Пад шэрым небам». Стужка заснаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае гісторыю журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. Яны застаюцца палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі. Фільм пра іх не дакумэнтальны, але грунтуецца на сапраўднай гісторыі, у тым ліку на размовах рэжысэркі з Ільяшом і з затрыманай разам з Кацярынаю журналісткай Дар’яй Чульцовай.

Усяго ў разглядзе кінапрэміі бралі ўдзел 60 стужак: гэта поўна- і кароткамэтражныя гульнявыя, дакумэнтальныя і анімацыйныя стужкі, якія былі створаныя беларусамі. Асобна гэтым разам разглядаліся дакумэнтальныя рэпартажы. Дзьве з намінацыяў — «Найлепшы дакумэнтальны рэпартаж» і «Найлепшы мантаж» — зьявіліся ў гэтым сэзоне кінапрэміі ўпершыню. Некаторыя фільмы бяруць удзел у конкурсе на ўмовах ананімнасьці аўтараў.

У шорт-ліст кінапрэміі трапілі 45 твораў.

Сьпіс пераможцаў кінапрэміі «Чырвоны верас»

  • Найлепшы гульнявы поўнамэтражны фільм — «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч.
  • Найлепшы гульнявы кароткамэтражны фільм — «Say Cheese» Кіры Альшэўскага.
  • Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм — «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча.
  • Найлепшы кароткамэтражны дакумэнтальны фільм — «Сьвятая вада» Андрэя Куцілы.
  • Найлепшы анімацыйны фільм — «Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі.
  • Найлепшы дакумэнтальны рэпартаж (дакумэнтальны фільм тэле- і YouTube-фармату) — «Бяз рэтушы: Сяргей Пукст» Аляксандра Гарадка і Канаплёва-Лейдзік.
  • Найлепшы(ая) рэжысэр(ка) — Ганна Бадзяка і Аляксандар Міхалковіч за фільм «Радзіма».
  • Найлепшы актор — Валянцін Навапольскі за ролю ў фільме «Пад шэрым небам».
  • Найлепшая акторка — Аляксандра Вайцяховіч за ролю ў фільме «Пад шэрым небам».
  • Найлепшая праца апэратара — Сяргей Канаплянік за фільм «Радзіма».
  • Найлепшы сцэнар — Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Працэсы».
  • Найлепшае мастацкае рашэньне (праца мастака-пастаноўшчыка) — Аляксандар Адамаў за фільм «Працэсы».
  • Найлепшы мантаж — Iльля Бажко за фільм «Працэсы».
  • Найлепшы гукавы дызайн (праца кампазытара(кі) ці гукарэжысэра(кі)) — праект «Крос-культурны музычны дыялёг» за фільм «Чароўныя нажнічкі»
  • Адкрыцьцё году — ананімны ўдзельнік.
  • «Спэцыяльная згадка» — стваральнікам фільму «Чароўныя нажнічкі». «За руплівую працу — збор, захаваньне і ўзнаўленьне страчанай часткі нашай спадчыны — культуры беларускага габрэйства, і празь іх — за дапаўненьне і ўзбагачэньне беларускасьці».
  • «Спэцыяльная згадка» — беларускім палітвязьням. «У гонар шматлікіх палітзьняволеных і іхных трагічных лёсаў, якія не дазваляюць рэжысэрам маўчаць і прымушаюць апавядаць сьвету пра беларускую сучаснасьць і траўматычнае мінулае».

Беларуская прэмія «Чырвоны верас» адзначае найлепшыя дасягненьні ў сфэры незалежнага беларускага кіно з 2022 году. Тады лепшым поўнамэтражным мастацкім фільмам была прызнаная стужка «II» («Два») Ульяны Сяньковай, а сярод кароткамэтражных мастацкіх фільмаў — «Возера радасьці» Аляксея Палуяна. Наступным разам, у 2024 годзе лепшым гульнявым поўнамэтражным фільмам журы «Чырвонага вераса» прызнала стужку Мікіты Лаўрэцкага «Спатканьне ў Менску», а сярод кароткамэтражных фільмаў — «Сьмецьцевая галава» Юрыя Сямашкі.

Сузаснавальнікамі кінапрэміі «Чырвоны верас» зьяўляюцца кінакрытыкі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі.

У журы прэміі ўвайшлі 20 чалавек: гэта дасьледніцы кіно Альміра Усманава, Саша Разор і Вольга Ісакава, кінааналітык Максім Жбанкоў, фэстывальны арганізатар Ігар Сукманаў, кінакрытыкі Ганна Яфрэменка і Ульяна Рубанава, кінажурналістка Натальля Бабілёнская і сузаснавальнікі прэміі — кінакрытыкі Тарас Тарналіцкі і Ірэна Кацяловіч. Некаторыя экспэрты ананімныя.

Прэмію «Чырвоны верас» заснавалі чацьвёра энтузіястаў-кінакрытыкаў у 2021 годзе, калі стала канчаткова зразумела, што беларускае незалежнае кіно існуе ў новай рэчаіснасьці: «неляяльнае» кіно станавілася немагчымым унутры Беларусі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG