Былыя палітвязьні расказалі пра сваіх сьледчых: што ў іх агульнага, чаму яны застаюцца на сваёй працы, ці адчуваюць віну за гэта і ці схадзілі б былыя палітвязьні разам са сваімі сьледчымі на каву.
«Агульнае ў маіх сьледчых адно — яны засталіся, нягледзячы на ўсё, што адбывалася з 2020 году. Яны застаюцца на працы і робяць сваю працу. Гэта сьвядома людзі сыстэмы», — апісвае сваіх сьледчых былы палітвязень Павал Вінаградаў.
Актывіст і блогер Павал Вінаградаў (38 гадоў) зь Бярэзані правёў за кратамі амаль чатыры гады з палітычных прычын. Сядзеў у бярэзінскім ізалятары, жодзінскай турме, на «Валадарцы», у сьледчым ізалятары Баранавічаў, ваўкавыскай калёніі, горадзенскай турме. Больш за год правёў у штрафным ізалятары. Захварэў за кратамі на сухоты.
Павал дадае яшчэ адну агульную рысу сьледчых — пісьменнасьць у вуснай і пісьмовай мове. На ягоную думку, усе людзі з пагонамі ў Беларусі чымсьці падобныя. Ён іх у натоўпе «вылічвае на раз-два» нават без формы: па манеры апранацца, па фрызурах, па позе і манеры трымацца.
Яшчэ адзін былы палітзьняволены Кім Самусенка ў першую чаргу адзначае зьнешняе падабенства гэтай групы службоўцаў, а менавіта — кепскі густ у адзеньні.
Актывіст і гістарычны рэканструктар Кім Самусенка зь Менску (37 гадоў) правёў за кратамі больш за пяць гадоў за ўдзел у пратэстах. Адбываў тэрмін у магілёўскай калёніі.
«Калі б сустрэў яго (сьледчага. — РС) на вуліцы, то хутчэй за ўсё падумаў бы, што гэта вельмі дзіўны рабацяга, які не разьбіраецца, як трэба апранацца, каб не выглядаць дэбільна. У іх адсутнічае пачуцьцё густу. Здаецца, у іх ёсьць грошы, каб апрануцца, набыць больш-менш брэндавую вопратку, але заўсёды гэта такі ідыёцкі набор. Гэта могуць быць умоўна сандалі ад Armani, але ўсё роўна пад шкарпэткі», — кажа Кім.
Ён мяркуе, што беларускія сьледчыя — «каста больш цывілізаваных людзей ва ўсёй тусоўцы сілавікоў».
«Ён (сьледчы. — РС) ня можа зусім пачаць паводзіць сябе агрэсіўна. Гэта ўжо праца апэратыўніка», — тлумачыць Кім.
Былы палітвязень Андрэй* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), які раней працаваў у дзяржаўнай сыстэме, мяркуе, што сьледчыя — гэта «звычайныя прыстасаванцы».
«Сярод іх ёсьць дурні, якія ўявілі сябе вяршыцелямі лёсаў, думаюць, што яны важнымі справамі займаюцца. Ідэйных лукашыстаў там няма, або адзін-два. Але няма і такіх: я ня буду ў гэтым усім удзельнічаць. Яны ўжо пазвальняліся ў першы год (пасьля 2020 году. — РС)», — мяркуе Андрэй.
Кар’ерыст, прыемная жанчына, незапамінальная асоба
Сьледчых у жыцьці палітвязьня звычайна адзін або некалькі. Яны могуць бачыцца ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў разоў. Сьледчы праводзіць допыты падазраванага, знаёміць яго са справай, а пасьля перадае матэрыялы ў пракуратуру.
У Паўла Вінаградава было трое асноўных сьледчых. Першая — маёр Сьледчага камітэту Бярэзінскага раёну Алеся Мікалаеўна (прозьвішча не памятае). Павал кажа, што мог бы назваць яе прыемнай жанчынай. Пры гэтым ён думае, што ў ягоным выпадку гэта не стакгольмскі сындром, калі ахвяра пачынае адчуваць сімпатыю да свайго ката.
«У мяне склалася ўражаньне, што яна ня хоча займацца маёй справай. Ёй сказалі ёй займацца — вось яна і займалася. Роўна да таго моманту, пакуль у яе не атрымалася нейкім чынам ад мяне адмовіцца. Ня ведаю, ці яна сама, ці ў Сьледчым камітэце вырашылі. Мне хочацца верыць, што яна па сваім жаданьні гэта вырашыла: як заўгодна зрабіць так, каб яна не ўляпалася ў тое дзярмо, якое мне ляпілі», — расказвае Павал.
Другім сьледчым блогера быў намесьнік начальніка Бярэзінскага райаддзела СК, падпалкоўнік Кот Мікалай Мікалаевіч. Імя Павал запомніў цалкам, бо сьледчы яго аднойчы моцна раззлаваў.
«Кар’ерыст даволі беспрынцыповы. У мяне склалася ўражаньне, што ён ня проста выконвае каманды зьверху, а яму падабаецца гэтым займацца. І ён лічыў, што мяне сапраўды трэба было пасадзіць», — апісвае свайго сьледчага актывіст.
Трэцяя сьледчая, падпалкоўнік, прыходзіла да Вінаградава ўжо ў горадзенскую турму, калі яго раскручвалі па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Яе імя ён не запомніў, як і іншыя характарыстыкі.
«Я ня ўпэўнены, што яна наўпрост атрымлівала задавальненьне ад таго, што займаецца маёй справай. Для яе гэта было: ну праца, ну палітычны, ну зразумела, што да яго перадузятае стаўленьне, што справа несапраўдная, але займацца буду, бо я працую на такой працы і падтрымліваю дзяржаўны курс», — мяркуе суразмоўца.
У Кіма Самусенкі былі два асноўных сьледчых. Першы, з прозьвішчам Цыбульскі, узбуджаў справу, вёў першы допыт і паведамляў пра статус падазраванага. Другі, Максім Дзегцяроў, закрываў справу, азнаямляў падсуднага з матэрыяламі справы і перадаваў яе ў пракуратуру.
«Людзі з простай маральлю ці з адсутнасьцю маралі. Ня ўсе. Ведаю, што мой сьледчы чытаў працы Ламброза (Чэзарэ Ламброза — італьянскі турэмны псыхіятар, пачынальнік антрапалягічнага кірунку ў крыміналёгіі і крымінальным праве. — РС) наконт фізіягномікі», — апісвае свайго сьледчага Самусенка.
Са сваімі сьледчымі ён бачыўся нячаста. Толькі калі ішло азнаямленьне падсудных са справай, яны сустракаліся кожны дзень, бо сьледчы прывозіў матэрыялы справы. Удзельнікі адной крымінальнай справы знаходзіліся з адным кабінэце і чыталі розныя тамы. Пры гэтым фігуранты і сьледчы амаль не камунікавалі.
«Ты прыходзіш і чытаеш матэрыялы. Ён сядзіць, чакае, кніжку чытае. Ты прачытаеш нешта, парагочаш. Я дазваляў сабе штосьці працытаваць, пасьмяяцца, пажартаваць, трошкі пакпіць з самога сьледчага наконт фармулёвак: „Глядзіце, які ідыятызм! Які дэбіл мог такое напісаць?!“ Ён сядзіць чырвоны ў куце, гэта ж ён пісаў. Ціха скажа: „Ціха, давайце, чытайце“», — успамінае абстаноўку Кім Самусенка.
Андрэй апісвае аднаго са сваіх сьледчых так: «Відаць, што ён дурны, але робіць выгляд разумнага і кампэтэнтнага чалавека. Мне такія людзі непрыемныя». Другога характарызуе як «выканаўчы дурань».
Пагрозы, дапамога, цынізм
Часам сьледчыя размаўляюць з палітвязьнямі ня толькі непасрэдна па іхнай справе, але і на іншыя тэмы. Калі выпусьцілі Сяргея Ціханоўскага, Вінаградаў абмяркоўваў са сваёй сьледчай у Горадні, ці яго памілуюць у бліжэйшы час. З словаў былога палітвязьня, асабістую інфармацыю пра сябе сьледчыя не расказвалі. Ён мяркуе, што дзеля ўласнай бясьпекі.
«У сыстэме нельга верыць нікому ніколі, ніводнаму слову, — перакананы Вінаградаў. — Заўсёды варта дапускаць, што ён можа цяпер хлусіць».
Са словаў блогера, сьледчыя разумелі, што зь ім ня варта гаварыць жорстка, таму размаўлялі з ім спакойна. Але Павал ведае, што агулам яны ўжываюць пагрозы ў дачыненьні да падсудных: «Прызнай віну, інакш будзе горш», «Мы табе дамо максымум», «Мы табе не дазволім перадачы, спатканьні», «Ты зараз прыедзеш у турму — там цябе „апусьцяць“». З тым, каб сьледчыя фізычна ўзьдзейнічалі на падапечных, Вінаградаў не сустракаўся і пра такое ня чуў.
Аднойчы ў Паўла здарылася сытуацыя са сьледчым Мікалаем Катом, якая яго моцна раззлавала. Калі на блогера завялі крымінальную справу, ён яшчэ нейкі час заставаўся на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Экспэртыза ягонага допісу ў Фэйсбуку, праз які пачалі справу, спачатку паказала, што складу злачынства там няма. Аднак экспэртызу правялі яшчэ раз. Сьледчы Кот у чарговы раз выклікаў Вінаградава азнаёміцца з вынікамі. Той паведаміў, што можа прыйсьці разам з адвакатам на наступны дзень. Раней ён своечасова прыходзіў на выклікі сьледчага, не хаваўся, зьяжджаць з Беларусі не зьбіраўся.
«Ён мне кажа: „Добра“. І прыкладна праз 40 хвілін да мяне дадому ў Бярэзань завальваюцца „чарапашкі ніндзя“, мордай у падлогу, кайданкі, у масках, пісталет, шчыт. Мяне завозяць у ІЧУ. Ён прыяжджае да мяне. Я кажу: „Што ты робіш?! Ты ж ведаеш, што я да цябе прыходжу, што ня буду хавацца. А што калі б у мяне ў гэты момант было дома дзіця?“ Ён пісаў, глядзеў у стол. Калі я запытаўся, ён падняў на мяне вочы і спакойна так сказаў: „Псыхатраўма на ўсё жыцьцё“. І працягнуў пісаць», — расказвае Павал.
Былы палітвязень мяркуе, што Кот мог яго прынамсі папярэдзіць пра гэтае затрыманьне або нават спыніць яго.
Пры гэтым Вінаградаў сьцьвярджае, што сярод сьледчых ёсьць людзі, якія дапамагаюць палітвязьням. На ягоную думку, варта, каб такія людзі, працягвалі працаваць унутры сыстэмы, хаця «яны працуюць на нашых ворагаў». Ён такой думкі ня толькі пра сьледчых, але і іншых супрацоўнікаў сілавой і пэнітэнцыярнай сыстэмаў.
«Калі ў нейкай установе будзе працаваць чалавек, які будзе адмяняць складзеныя на мяне акты, бо ставіцца да мяне з сымпатыяй, то мне гэта выгадна. Калі будзе працаваць чалавек, які падчас сваёй зьмены будзе мне прыносіць цукеркі ў ізалятар, мне гэта будзе выгадна. Калі супрацоўнік ня будзе заўважаць маіх сапраўдных парушэньняў, то мне гэта выгадна», — тлумачыць Вінаградаў.
Кім Самусенка заўважае, што адразу падчас сьледзтва адмовіўся даваць паказаньні, таму па ягонай справе зь ім ніхто не размаўляў.
«Да мяне прыяжджаў сьледчы з асабістай бясьпекі МУС, па справе чалавека, які быў у мяне ў перапісках. Ён спрабаваў са мной пагутарыць, навошта, чаму. Але зусім не атрымалася, бо ён жа ня можа адмовіцца ад такіх яскравых факталягічных момантаў. Я яму накідваў наконт нашай эканомікі, што людзей затрымліваюць, што падаткі незразумела куды ідуць, і ён сядзіць, згаджаецца», — успамінае былы палітвязень.
З назіраньняў Кіма, сьледчыя ў размове імкнуцца «наладзіць псыхалягічную сувязь» і любяць «браць на понт», калі падманваюць, што нешта канкрэтнае ведаюць, але насамрэч хочуць гэтым прымусіць затрыманага расказаць больш дэталяў па справе. Ён таксама не рэкамэндуе верыць ні сьледчым, ні камусьці з сілавікоў у Беларусі.
Суразмоўца дадае, што былі дадатковыя сьледчыя, зь якімі ён камунікаваў каротка. Яны, прыкладам, прыяжджалі да яго падпісваць экспэртызы.
«Яны былі цалкам адэкватныя. Былі дзяўчынкі на адпрацоўцы. Ну куды яны дзенуцца? Нікуды. Быў адзін дзядзька, які наўпрост сказаў: „Вам, хлопцы, прыйдзецца пасядзець. Але і ў нас будзе наш 53-ці (1953 — год сьмерці Сталіна. — РС)“. Ён таксама сьледчы. Думаю, чысткі там былі вельмі моцныя», — адзначае Самусенка.
Андрэй успамінае, што сьледчая яшчэ да прысуду сказала яму, які яго чакае тэрмін. Калі да яго прыходзілі адвакаты і прапаноўвалі прызнаць віну, каб паменшыць тэрмін, ён адмаўляўся, бо ведаў, што менш за тую лічбу не атрымае. Тэрмін на прысудзе супаў з прадказаньнем сьледчай, кажа суразмоўца.
Андрэй дадае, што камунікаваў са сьледчымі на розныя тэмы, якія не датычылі ягонай справы непасрэдна: як ім працуецца ў сыстэме, дзе мяжа законнага гвалту з боку сілавікоў. Тыя адказвалі, што дзяржава мае права на гвалт, пераказвае суразмоўца. Яшчэ адну сваю сьледчую Андрэй распытваў, чаму яна не ідзе ў адпачынак, як плянавала, і падлавіў яе на тым, што ў СК ужо не хапае работнікаў.
Пачуцьцё віны
Ці сьледчым важна, што пра іх думаюць іхнія падапечныя? Павал Вінаградаў упэўнены, што так. Ён згадвае, як сваёй апошняй сьледчай расказваў, што да яго прыяжджаў супрацоўнік КДБ і спрабаваў яго вэрбаваць, абяцаў яму ўзамен вызваленьне, і што ён адмовіўся.
«Яна кажа: „А чаму ты адмовіўся?“ Я кажу: „Бо я з вырадкамі не працую“. Яна апусьціла вочы, бо яна дакладна ведае, што яе я адношу да гэтай кагорты. Думаю, яна адчула сорам, бо разумее, што займаецца злом», — мяркуе Павал.
Кім Самусенка схіляецца да адваротнага — сьледчым ня важна, што пра іх думаюць фігуранты справаў.
«Гэта праца. Яны працуюць кожны дзень ня толькі з палітычнымі, але і з сапраўднымі злачынцамі. Гэта ўжо прафэсійная дэфармацыя. Калі яны будуць думаць пра кожнага з сваіх падапечных, турбавацца, пускаць іх сабе ў душу, то яны ня вытрымаюць такой працы», — мяркуе суразмоўца.
На думку Кіма, многія сьледчыя разумеюць, што парушаюць закон на сваёй працы, калі займаюцца справамі палітычных вязьняў. Ягоныя сьледчыя спрабавалі яму паказаць, што «яны ўсё разумеюць». Аднак многія не адчуваюць за сваю працу віну або сорам, бо лічаць, што «часам не да законаў».
«Яны не прапускаюць праз сябе гэтыя справы. Яны разумеюць, што робяць несумленныя рэчы, але такая ў іх праца. Яны думаюць, што менавіта так трэба. Цыбульскі, напрыклад, казаў, што ён разумее, што ён робіць. Адзінае, ён гаварыў: „Я не падтрымліваю тое, што цябе зьбівалі, я супраць такіх мэтадаў“. А ў астатнім ён ня бачыў нічога дрэннага», — камэнтуе былы палітвязень.
Адзін сьледчы Кіма апэляваў фармулёўкай: «Калі б вы перамаглі, то было б як ва Ўкраіне. Ты так хочаш?» Кім мяркуе, што той разумеў, «што ён робіць поўную лухту і што гэта несумленна», але прыкрываўся ідэямі бясьпекі для краіны. Другі ягоны сьледчы Дзегцяроў эмацыйна зрэагаваў, калі Самусенка назваў яму меркаваны артыкул, паводле якога гэтага службоўца ў будучыні могуць пасадзіць, і калі падсудны запытаўся, ці ёсьць у сьледчага дзеці, расказвае суразмоўца.
«Ён разумее, што прыляцець можа, што ёсьць падстава для гэтага. Але ён сам сябе пераконвае, што гэта немагчыма, што ён робіць не па законе, не сумленна, але дзеля добрай мэты, дзеля дзяцей, каб не было вайны», — дадае Кім.
Актывіст успамінае, што калі ён ужо знаходзіўся ў калёніі, да Кіма прыяжджалі сьледчыя як да сьведкі дапытаць яго пра іншых людзей, якія яму дапамагалі за кратамі і на якіх за гэта завялі крымінальныя справы. Ён адзначае, што тыя сьледчыя падкрэсьлівалі, што яны агулам палітычнымі справамі (чым прызнавалі, што палітычныя справы ў Беларусі ёсьць, хаця на ўзроўні фактычных уладаў Беларусі такога паняцьця няма) не займаюцца, але ў той момант іх «проста папрасілі прыехаць, узяць паперку».
Былы палітвязень Андрэй мяркуе, што сьледчыя ня думаюць, што яны робяць несумленную працу. Усе сумленныя, паводле яго, ужо сышлі з СК. Ён заўважае, што сьледчых, як і іншых сілавікоў, пужала «Чорная кніга Беларусі», якая дэананімізавала службоўцаў рэжыму. Бо яны думалі, што застануцца невядомымі і непакаранымі: «Нам нічога ня будзе».
«Маім сьледчым было вельмі важна абазначыць: нічога асабістага, проста бізнэс», — успамінае стаўленьне сваіх сьледчых Андрэй.
Уплыў на лёс палітвязьняў
Андрэй кажа, што пасьля 2020 году сьледчыя сталі выконваць працу сакратароў у палітычных справах: тое, што ім перадаюць міліцыянты, бяз «кроку ўлева-управа».
«Калі ёсьць нейкія праблемы, справа сьледчых згладзіць вострыя канцы, каб справа зайшла ў суд максымальна „вылізанай“», — мяркуе суразмоўца.
На думку Паўла Вінаградава, сьледчыя вельмі мала ўплываюць на лёс палітвязьняў.
«Гэта людзі, якія проста рыхтуюць паперы да справы. Сьледчы можа паўплываць на тое, наколькі камфортна табе сядзіцца ў СІЗА», — кажа Вінаградаў.
Пры гэтым, на думку актывіста, у выпадку мэдыйных асобаў, іхні лёс вырашае перадусім КДБ, таксама ГУБАЗіК, магчыма, суд.
Кім Самусенка пагаджаецца пра малы ўплыў сьледчых на далейшы лёс палітвязьняў.
«Сьледчы нічога ня можа зрабіць, калі чалавека ГУБАЗіК ужо затрымаў. Тэхнічна сьледчы можа зрабіць, але яго проста звольняць і прызначаць іншага. Калі казаць пра звычайнага крымінальніка, канешне, ад сьледчага залежыць шмат што. Ён можа і разваліць справу. Калі б увесь Сьледчы камітэт адмовіўся праводзіць такія справы празь сябе, то яны б не даходзілі да суду», — разважае Кім.
Актывіст мяркуе, што лёс палітвязьняў залежыць перадусім ад ГУБАЗіКа і пракуратуры. Часам — ад судоў, якія могуць даць меншы тэрмін, чым запрошвае прарурор.
Андрэй таксама ўпэўнены, што сьледчыя ня могуць кардынальна паўплываць на лёс палітвязьняў. Паводле яго, вырашаюць лёс тыя, хто затрымліваў — КДБ або ГУБАЗіК.
Аднак сьледчыя могуць паўплываць на ўмовы вязьня ў сьледчым ізалятары, дадае Андрэй. Прыкладам, калі палітвязень не дае паказаньні, сьледчы мог забясьпечыць штодзённы перавод з камэры ў камэру, што для чалавека вельмі нязручна. Альбо каб да яго падсаджвалі «качак» — іншых вязьняў, якія наўмысна разгаворвалі зьняволенага, каб расказаў дэталі сваёй справы. Таксама Андрэй чуў, што палітвязьням пагражалі перавесьці іх з «Валадаркі» у СІЗА жодзінскай турмы, што б таксама пагоршыла чалавеку ўмовы жыцьця. Яшчэ адзін сродак ціску, які выкарыстоўвалі сьледчыя, — зьмясьціць вязьня ў «прэс-хату» (камэра, дзе сядзяць крымінальнікі, якія супрацоўнічаюць са сьледчымі і дапамагаюць ім выбіваць «патрэбныя» паказаньні ў іншых вязьняў — РС), каб той даў паказаньні або прызнаў віну.
Не сышлі ў 2020
Значная частка сьледчых сышла з сыстэмы пасьля пратэстаў 2020 году, гавораць суразмоўцы Свабоды. Паводле інфармацыі Андрэя, пасьля жнівеньскіх пратэстаў у СК прайшлі дзьве або тры «чысткі» работнікаў. Людзей правяралі на ляяльнасьць сыстэме ў тым ліку праз паліграф.
Ён пераказвае плётку, якая ходзіць сярод зьняволеных, быццам Іван Наскевіч, тагачасны кіраўнік Сьледчага камітэта, прыйшоў пасьля выбараў 2020 году да Аляксандра Лукашэнкі і прапанаваў яму пакараць найбольш актыўных міліцыянтаў, якія чынілі гвалт, каб пагасіць абурэньне пратэстоўцаў. Але, паводле чутак, Лукашэнка выгнаў таго з кабінэту. У сакавіку 2021 году Наскевіча зьнялі з пасады.
«Там велізарны працэнт адносна астатніх (службаў. — РС) сышоў. Я чуў лічбу да 30%. Ня ведаю, наколькі гэта праўда, але такая лічба гучала ад былых сьледчых, якія сядзелі па палітыцы», — кажа Кім Самусенка.
Кім мяркуе, што пэўныя сьледчыя не сышлі з сыстэмы пасьля 2020 году, бо Сьледчы камітэт «паказаў сябе лепш за ўсіх сілавікоў».
Аднак рэшта засталася ў СК і працягвае працаваць. Адна з прычынаў — яны вядуць справы ня толькі палітычных вязьняў, але і сапраўдных злачынцаў. Вінаградаў называе гэта «самай шляхетнай нагодай» заставацца ў сыстэме.
«Камусьці падабаецца служыць там, дзе яны служаць. Камусьці падабаецца служыць там, дзе яны служаць толькі, калі яны не займаюцца „палітычнымі“. Ім падабаецца быць стражамі парадку ў добрым разуменьні», — выказвае думку Павал Вінаградаў.
Яшчэ адна прычына, чаму сьледчыя ня кідаюць сваю працу, на думку былых палітвязьняў, — сацыяльныя даброты ад дзяржавы, кар’ерызм.
«Чалавеку галоўнае адсядзець сваю дваццатку (адпрацаваць 20 гадоў. — РС) да пэнсіі, а далей ужо трава не расьці. Калі яны не адпрацуюць дваццатку, у іх ня будзе пэнсіі ў 48 гадоў. У іх шкурны інтарэс: чарка, шкварка і наварка», — перакананы Андрэй.
«Хтосьці думае: я дапрацоўваю да пэнсіі і сыходжу з гэтай памыйкі», — дадае Вінаградаў.
«У яго ўся пазыцыя ў тым, што вось я працую сьледчым, змог зь вёскі пераехаць у Менск, у мяне ёсьць кватэра, я магу набыць сыну мабільны тэлефон і з сына не сьмяюцца ў школе. Я кажу: „Так у Нямеччыне таксама не сьмяюцца, бо гэта не нармалёва. А што мы — горш за немцаў?“ Сядзіць, маўчыць», — успамінае размову са сьледчым Кім.
Чарговай імавернай прычынай заставацца ў сыстэме можа быць страх не знайсьці новую працу.
«Яны рабілі выбар. А куды пайсьці? Страшна. Тыя, хто разумеў, што ён можа знайсьці сябе ў грамадзянскай працы, тыя сыходзілі. А ў астатніх крэдыты, у іх кватэры, у іх сем’і. Куды ім сыходзіць? Досьвед працы сьледчым — нерэлевантны досьвед. Дзе ты яго прыменіш?», — разважае Самусенка.
Андрэй дадае, што людзі працягваюць служыць рэжыму Лукашэнкі і таму, што калі яны стануць апанэнтамі рэжыма, то могуць аказацца за кратамі. Ён сустракаў у калёніі сьледчых, якія сядзелі за палітыку.
Люстрацыя або працяг працы
На пытаньне, што варта рабіць са сьледчымі, якія вялі справы палітвязьняў, калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя перамены, суразмоўцы адказваюць па-рознаму.
Вінаградаў мяркуе, што ў будучыні варта будзе вучыцца суіснаваць усім беларусам з рознымі поглядамі, але рабіць гэта цывілізавана. Нельга будзе прыціскаць нейкія групы насельніцтва за іхнія погляды, прыкладам за тое, што яны прыхільнікі, прыкладам, «партыі дыктатуры».
«Калі мы ўсіх сьледчых люструем і рэпрэсуем, то хто будзе займацца рэальнымі крымінальным справамі? У Беларусі будуць зьдзяйсьняць злачынствы. Камусьці трэба будзе іх расьсьледаваць. Вышэйшыя чыны трэба будзе пазбавіць званьняў, маёмасьці, якую яны нажылі злачынным спосабам. Ці трэба іх саджаць? Гледзячы каго. У мяне пакуль няма адказу. Усіх звальняць дакладна ня трэба» — разважае былы палітвязень.
Ён дадае, што выказацца пра лёс АМАПу або ГУБАЗіКа было б лягчэй, бо гэтыя людзі прымянялі фізычны гвалт, садыстычна ставіліся да палітвязьняў. Пра фізычны гвалт з боку сьледчых Павал ня ведае.
Кім Самусенка перакананы, што варта будзе правесьці фільтрацыю тых, хто меў дачыненьне да палітычных справаў: сьледзтва, суды, магчымую амністыю.
«Калі яны лічаць, што можна перасьледаваць чалавека за погляды, то яны ня могуць працаваць сьледчымі», — мяркуе Кім.
Андрэй выступае за люстрацыю сьледчых у Новай Беларусі. Калі высьветляцца іхныя злачынствы, то ён перакананы, што патрэбна судзіць гэтых людзей па законе.
Выпіць разам каву
На пытаньне, ці ён схадзіў бы з кімсьці са сваіх сьледчых на каву або піва, Кім Самусенка адказвае, што не. Як і не хацеў бы дзяліць свой побыт, стол, прастору з іншымі несумленнымі людзьмі.
«Я не паласкаюся з навалаччу, як сказалі б у зоне», — тлумачыць ён на турэмным жаргоне.
Але былы палітвязень адзначае, што пагадзіўся бы пакамунікаваць са сваім сьледчым, калі быў бы з ім на роўных пазыцыях, мог бы задаць яму пытаньні. Пры гэтым ён перакананы, што ён не падобны са сваім сьледчымі.
«Ён мэтанакіравана робіць несумленныя рэчы, ідзе на злачынства. Я сабе такога не дазваляў. У яго ёсьць выбар сысьці, даволі цяжкі выбар», — разважае Кім.
Павал Вінаградаў кажа, што да 2020 году раз на год выпіваў са знаёмым маёрам Сьледчага камітэту, які ніколі не займаўся палітычнымі справамі. Пасьля 2020 ён ня стаў бы піць ні з кім, бо «незамазаных не засталося».
«Канешне, гэта таксама людзі, таксама беларусы. Што яны такія ж як я, я сказаць не магу. Я б сышоў адразу, я б не прапрацаваў там да 2020 году. Я б туды нават не пайшоў працаваць, ведаючы, што такое сыстэма, што такое дыктатура. Ім там нармальна працаваць. Мне было б ненармальна», — разважае Павал.
Андрэй кажа, што з адной са сваіх сьледчых схадзіў бы на каву.
«У мяне да яе нэгатыву няма. Проста пагаварыць: „Ну як? Ці ты што-небудзь асэнсавала?“ Ня тое, што „Вось паглядзі, праз цябе я такі тэрмін атрымаў“. Я разумею, што гэта не праз яе. Ёй было на мяне „па барабану“. Без нэгатыву, бяз злосьці», — расказвае Андрэй.
Форум