Расейскія войскі атакавалі пункт пропуску на мяжы Ўкраіны і Малдовы. У Пермі зноў гарыць НПЗ

Наступствы ўкраінскай атакі на Перм 21 жніўня 2026 году

У Кіеве — дзень жалобы. Напярэдадні ў выніку расейскага ракетнага ўдару загінулі 16 чалавек і яшчэ 42 атрымалі раненьні. 20 жніўня расейскія войскі атакавалі ўкраінскую сталіцу ў тры хвалі — з ночы да позьняга вечара.

У ноч на 21 жніўня расейскія войскі атакавалі Ўкраіны 135 ударнымі дронамі, зь іх сілы супрацьпаветранай абароны абясшкодзілі 107. Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сіл Украіны, зафіксавалі пацэльваньне 27 дронаў па 16 лякацыях і яшчэ на трох — падзеньне аскепкаў зьбітых бесьпілётнікаў.

На мяжы з Малдовай пашкодзілі пункт пропуску

Улады Адэскай вобласьці паведамілі аб пашкоджаньні міжнароднага пункту пропуску на мяжы з Малдовай. Расейскія дроны пацэлілі па адміністрацыйнай частцы мытнікаў.

Памежная паліцыя Малдовы пацьвердзіла гэты факт. Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня, пацярпеў менавіта ўкраінскі памежны пункт. Рух паміж краінамі пакуль спынілі. У выніку атакі ніхто не пацярпеў.

У Міністэрстве абароны Расеі сьцьвярджаюць, што атакавалі порт «Рэні» ў Адэскай вобласьці і нібыта пацэлілі ў склады з вайсковай тэхнікай і ўзбраеньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве загінулі больш за 10 цывільных. Расейскія войскі абстралялі Дніпро і Кіеўшчыну

Новыя ахвяры Расеі на Харкаўшчыне і Запарожжы

Улады Харкаўскай вобласьці паведамілі аб 2 загінулых і 9 параненых у выніку расейскіх абстрэлаў. Ад удараў пацярпелі жыхары Харкава і горада Ізюм. Ёсьць пашкоджаньні цывільнай інфраструктуры.

У Запароскай вобласьці раненьні атрымалі сама меней 7 чалавек. За апошнія 24 гадзін расейскія войскі нанесьлі ўдары па 51 населеным пункце рэгіёну.

У Херсоне ўначы раненьні атрымала адна жанчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экспэрты ацанілі, у якіх мэтах Расея стварыла пускавыя пляцоўкі каля Беларусі

У Расеі пажар на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага заводу ў Пермі

Міністэрства тэрытарыяльнай бясьпекі Пермскага краю паведаміла аб атацы ўкраінскіх бесьпілётнікаў. Празь небясьпеку ўводзілі часовыя абмежаваньні на дзейнасьць мясцовага аэрапорту.

Паводле ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, у выніку атакі на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага прадпрыемства «Лукойл — Пермнефтеоргсинтез» (ПНОС) пачаўся пажар. Гэтае прадпрыемства не ўпершыню цярпіць ад украінскіх удараў. Аб’ект знаходзіцца на адлегласьці больш за 1000 кілямэтраў ад мяжы Ўкраіны.

Аднак пермскія ўлады не ўдакладняюць маштабы наступстваў украінскага ўдару.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі аб абясшкоджаньні 325 украінскіх дронаў над 15 расейскімі рэгіёнамі, у тым ліку на Пермскім краем, а таксама над анэксаваным Крымам і акваторыямі Азоўскага і Чорнага мораў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб пацэльваньні па НПЗ у Татарстане. У Расеі зьняпраўджваюць маштабы наступстваў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.